ЖАРУ́ШНІК (Rorippa),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў: найб. вядомыя Ж. балотны (R. palustris), земнаводны, або вадзяны хрэн (R. amphibia), і лясны (R. sylvestris); зрэдку трапляюцца Ж. аўстрыйскі (R. austriaca), караткаплодны (R. brachycarpa) і распасцёрты (R. anceps). Растуць на вільготных лугах, балотах, па берагах рэк, азёр, канаў, у вадзе, як занесеныя — каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, у густых гронках. Плод — стручок або стручочак. Лек., меданосныя, харч. і кармавыя расліны. Некаторыя віды ядавітыя.
т. 6, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)