Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖАЎТУ́ШКІ (Colias),

род дзённых матылёў сям. бялянак. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць пераважна ў высакагор’ях і ў арктычнай зоне. Некат. трапляюцца на раўнінах: у стэпах, на балотах, лугах, у лясах і інш. На Беларусі 4 віды Ж.: малая, ці лугавая (C. hyale), шафранавая (C. croceus), зяноўцавая (C. myrmidone), тарфянікавая (C. palaeno; занесена ў Чырв. кнігу).

Крылы (размах да 6 см) чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зеленаватыя, часта з чорным абадком на вонкавым краі. Ніз задніх крылаў жоўты. Выразны палавы дымарфізм або полімарфізм: крылы ў самак святлейшыя, чым у самцоў (звычайна зеленаватыя або белыя). Вусікі кароткія, з прытупленай булавой. Вусені развіваюцца пераважна на бабовых раслінах.

Жаўтушкі: 1 — шафранавая; 2 — лугавая; 3 — тарфянікавая (а — самец; б — самка).

т. 6, с. 429

ЖАЎТУ́ШНІК (Erysimum). род кветкавых раслін сям. капуставых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Афрыкі. пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 5 відаў: Ж. выгрызены (E. repandum), лакфіёлевы (E. cheiranthoides), раскідзісты (E. diffusum), цвёрды (E. durum) і ястрабковалісты (E. hieracifolium). Растуць на лугах. травяных схілах, у ярах, як пустазелле на палях і агародах, таксама як занесеныя каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае, пераважна падоўжана-ланцэтнае. Кветкі дробныя, жоўтыя. рэдка ліловыя або белыя, у густых гронках. Плод — стручок. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некаторыя віды ядавітыя.

Г.У.Вынаеў.

Жаўтушнік раскідзісты.

т. 6, с. 429

ЖАЎЦЯГО́ННЫЯ СРО́ДКІ,

рэчывы, якія стымулююць утварэнне жоўці або павялічваюць выдзяленне яе ў дванаццаціперсную кішку.

Падзяляюць на 3 групы: прэпараты, у якіх ёсць жоўць і жоўцевыя к-ты (алахол, дыгідрахолевая к-та, халензім і інш.), сінт. рэчывы (оксафенамід, нікадзін і інш.), лек. настоі, экстракты, канцэнтраты, якія атрымліваюць з кветак бяссмертніку пясчанага, рыльцаў кукурузы, вял. падтынніку, амурскага барбарысу і інш. Ж.с. ўжываюць пры хваробах печані, жоўцевага пузыра і жоўцевывадных шляхоў (гепатыт, халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, халангіт і інш.).

т. 6, с. 429

ЖАХО́ЎСКІ (Цыпрыян) (Кіпрыян, каля 1635, Полацкае ваяв.кастр. 1693),

уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Д-р тэалогіі. Вучыўся ў Грэчаскім калегіуме ў Рыме (1658—64). Архімандрыт шэрагу манастыроў, у 1671—74 каад’ютар (памочнік-намеснік) пры мітрапаліце Г.Календзе. Мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі (1674—93), адначасова архіепіскап полацкі. Для пашырэння уніі выкарыстоўваў адм. сродкі. Удзельнік склікання ў 1680 у Любліне з’езда уніятаў і праваслаўных, які апісаў у кнізе «Люблінскі калёквіум...» (Замосце, 1680, на польскай мове). Імкнуўся абмежаваць у царкве ўплыў базыльян, што выклікала з імі канфлікт. У пач. 1690-х г. заснаваў Супрасльскую друкарню. Ахвяраваў сродкі на рамонт храмаў у Вільні, Навагрудку, Полацку.

С.В.Казуля.

т. 6, с. 429

ЖА́ЦЕРАЎКА, Зацяржуўка,

рака ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. і Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 91 км². Пачынаецца каля в. Азёрскае Карэліцкага р-на, на ўсім працягу каналізаваная. Створана сажалка.

т. 6, с. 429

ЖАШУ́Й, Эдзін-Гол (у вярхоўі — Хэйхэ),

рака на Пн Кітая. Даўж. каля 900 км. Вытокі ў ледавіках хрыбтоў Ціляньшань і Таалайшань (горы Наньшань), цячэ праз пустыні Алашань і Гобі, упадае некалькімі рукавамі (гал. — Марын-Гол, Іх-Гол) у азёры Гашун-Нур і Саго-Нур. Летняя паводка. Выкарыстоўваецца на арашэнне.

т. 6, с. 429

ЖБА́НАЎ (Уладзімір Іванавіч) (н. 26.1.1954, Мінск),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы (з 1985). Працуе ў манум. і станковай скульптуры, дробнай пластыцы. Сярод твораў: помнік Герою Сав. Саюза А.Міраненку (1981), помнік воінам-інтэрнацыяналістам у г. Светлагорск Гомельскай вобл. (1991, з А.Каструковым), бюсты Ю.Гагарына (1989), М.Горкага (1986), кампазіцыі «Жаночы эцюд» (1985), «Экзамен» (1988), «Галгофа» (1991), «Грацыя» (1994), «Восеньскі пацалунак» (1996), «Манекеншчыцы» (1997), рэльеф «Анёлы» (1990), партрэты актрысы Юр’евай (1974), акцёра А.Кляшторнага (1992), бацькі (1995) і інш.

Г.А.Фатыхава.

т. 6, с. 429

ЖБАНКО́ВА (Інеса Іванаўна) (н. 7.3.1933, г. Полацк),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1978), праф. (1982). Скончыла БДУ (1955). У 1955—79 працавала ў Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1979 у БДУ (у 1979—87 заг. кафедры філасофіі, з 1992 — сацыялогіі). Даследуе філас. праблемы прыродазнаўства, тэорыі і метадалогіі навукі, сацыялогіі.

Тв.:

О развитии в неорганической природе. Мн., 1964;

Проблема взаимодействия. Мн., 1971;

Философские принципы в научном познании. Мн., 1974;

Социальное действие. Мн., 1980 (у сааўт.).

т. 6, с. 429

ЖБАНКО́Ў (Расціслаў Георгіевіч) (н. 30.10.1930, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1972), праф. (1974). Скончыў БДУ (1954). З 1959 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі вугляводаў, бялкоў, прыродных і сінт. палімераў. Даследаваў і сістэматызаваў спектральныя характарыстыкі асн. стэрэаізамерных форм вугляводаў, выявіў асн. тыпы канфармацыі монацукрыдаў і іх палімераў, распрацаваў комплекс спектраскапічных метадаў тонкага структурнага аналізу розных відаў палімераў.

Тв.:

Физика целлюлозы и ее производных. Мн., 1983 (разам з П.В.Казловым);

Внутри- и межмолекулярные взаимодействия в углеводах. Мн., 1988 (разам з В.П.Пановым).

т. 6, с. 429

ЖВА́ЧКА,

перажоўванне корму, перыядычна адрыгнутага з пач. аддзелаў мнагакамернага страўніка жвачных жывёл. Уяўляе сабой біял. прыстасаванне, пры дапамозе якога жвачныя жывёлы могуць лепш, чым інш. траваедныя, ператраўліваць пажыўныя рэчывы грубых кармоў. Адбываецца рэфлекторна ў прамежках паміж кармленнем. Корм невял. порцыямі адрыгваецца з рубца і сеткі ў ротавую поласць, дзе перажоўваецца, увільгатняецца слінай і зноў заглынаецца; праз пэўны час цыкл паўтараецца. Паяўляецца ў жывёл з 3-га тыдня і стабілізуецца к 8—10 месяцам. У дарослых жывёл за суткі адбываецца 6—10 жвачных перыядаў.

т. 6, с. 430