ЖАЎТУ́ШНІК (Erysimum). род кветкавых раслін сям. капуставых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Афрыкі. пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 5 відаў: Ж. выгрызены (E. repandum), лакфіёлевы (E. cheiranthoides), раскідзісты (E. diffusum), цвёрды (E. durum) і ястрабковалісты (E. hieracifolium). Растуць на лугах. травяных схілах, у ярах, як пустазелле на палях і агародах, таксама як занесеныя каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае, пераважна падоўжана-ланцэтнае. Кветкі дробныя, жоўтыя. рэдка ліловыя або белыя, у густых гронках. Плод — стручок. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некаторыя віды ядавітыя.