Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖА́РЫКАЎ (Іван Сямёнавіч) (н. 15.9.1921, в. Хацілавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1976), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскую вет. акадэмію (1951). У 1957—91 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (у 1968—88 дырэктар). Навук. працы па біял. асновах прафілактыкі паразітозаў с.-г. жывёл. Распрацаваў і ўкараніў у вытворчасць меры барацьбы з трэматадозамі жвачных жывёл, рэкамендацыі па абеззаражванні гною з выкарыстаннем радыебіял. метадаў.

Тв.:

Экономическая эффективность ветеринарных мероприятий. Мн., 1981 (у сааўт.);

Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд, Мн., 1990 (у сааўт);

Лекарственные средства и биологические препараты в ветеринарии. Мн., 1993 (разам з А.Е.Антаненкам, С.С.Ліпніцкім).

Жарушнік земнаводны.

т. 6, с. 426

ЖА́РЫН (Генадзь Лаўрэнцьевіч) (н. 7.6.1946, г. Гомель),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). Працуе пераважна ў манум. жывапісе: вітражы «Пераўтварэнне энергіі» (1976, з В.Даўгала) у чытальнай зале Дома культуры г. Новалукомль (Віцебская вобл.), «Хлеб Радзімы» (1982, з Ю.Багушэвічам) у фае Дома культуры саўгаса «Рагінь» Гомельская вобл., размалёўкі ў тэхніцы энкаўстыкі («Партызаны Міншчыны» і інш.) і плафон «Мінск — горад-герой» (1979—82, з Багушэвічам) у холе канферэнц-залы б. Мінскага гаркома КПБ. Аўтар станковых работ «Габеленшчыцы» (1979), «Слова пра родную зямлю» (1982) і інш.

т. 6, с. 427

ЖАРЭ́С ((Jaurés) Жан Леон) (3.9.1859, г. Кастр, Францыя — 31.7.1914),

дзеяч франц. і міжнар. сацыяліст. руху, гісторык. Праф. філасофіі Тулузскага ун-та (1883—85). У 1885—89, 1893—98 і 1902—14 дэп. парламента. У рабочым руху і ў 2-м Інтэрнацыянале адстойваў рэфармісцкія погляды. У 1902 узначаліў Франц. сацыяліст. партыю, пасля яе аб’яднання (1905) з Сацыяліст. партыяй адзін з лідэраў правага крыла Аб’яднанай сацыяліст. партыі. У 1904 заснаваў газ. «L’Humanite» («Чалавецтва»). Выступаў супраць каланіялізму, мілітарызму і вайны. Забіты франц. фанатыкам-нацыяналістам Р.Віленам напярэдадні 1-й сусв. вайны. Аўтар твораў «Пачаткі сацыялізму ў Германіі Лютэра, Канта. Фіхтэ і Гегеля» (1891), «Сацыялістычныя даследаванні» (1901), «Новая армія» (1911), арганізатар і рэдактар калект. працы «Сацыялістычная гісторыя, 1789—1900» (т. 1—13, 1901—08), аўтар яе першых 4 тамоў, прысвечаных Франц. рэвалюцыі 1789—99.

Ж.Жарэс.

т. 6, с. 427

ЖАСКЕ́Н ДЭПРЭ, Жаскін дэ Прэ (Josquin Desprez, Josquin des Pres; каля 1440, каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 1521 або 1524),

франка-фламандскі кампазітар; адзін з буйнейшых поліфаністаў эпохі Адраджэння. Быў царк. пеўчым, у т. л. саборнай капэлы ў Мілане, папскай капэлы ў Рыме (1486—99); прыдворным музыкантам Людовіка XII. У апошнія гады жыцця настаяцель сабора ў Кандэ-сюр-л’Эско. Прадстаўнік нідэрландскай школы, ён абагульніў яе дасягненні, садзейнічаў спрашчэнню поліфанічнага стылю шляхам вызвалення муз. тканіны ад кантрапунктычнай ускладненасці. Аўтар мес, матэтаў, свецкіх песень, інстр. п’ес і інш. У Амстэрдаме выдадзены Поўны збор яго твораў у 12 тамах (1921—69).

т. 6, с. 427

ЖАСЦЁР (Rhamnus),

род кветкавых раслін сям. крушынавых. Больш за 140 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 дзікарослы барэальны еўрапейскі від — Ж. слабіцельны (Rh. cathartica), расце на схілах рачных тэрас, у лясах, сярод хмызнякоў, і 18 інтрадукаваных: Ж. фарбавальны (Rh. tinctona), Ж. вальховалісты (Rh. alnifolia), Ж. дыяментавы (Rh. diamantiaca), Ж. усурыйскі (Rh. ussuriensis) і інш.

Кусты і невял. дрэвы, часта з калючымі галінкамі і пупышкамі, укрытымі лускавінкамі. Лісце супраціўнае, шчыльнае, яйцападобнае з травяністымі прылісткамі. Кветкі малапрыкметныя, жаўтавата-зялёныя вузказваночкавыя. Плод — сакаўная касцянка. Лек., дэкар., фарбавальныя, дубільныя расліны, меданосы. Выкарыстоўваюцца ў азеляненні.

Жасцёр слабіцельны.

т. 6, с. 427

ЖАСЦІ́НАЕ,

вёска ў Акалоўскім с/с Лагойскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 39 км на Пн ад Лагойска, 79 км ад Мінска, 60 км ад чыг. ст. Смалявічы. 330 ж., 114 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 427

ЖАЎНА́, дзяцел чорны (Dryocopus martius),

птушка сям. дзятлавых. Пашырана ў старых высакастволых хваёвых і мяшаных лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від, трапляецца ўсюды. Нар. назвы жолна, чорная жолна.

Даўж. цела да 50 см, маса да 360 г. Ад інш. дзятлаў адрозніваецца буйнымі памерамі і чорнай афарбоўкай (адсюль другая назва). Апярэнне з метал. бляскам на спіне. У самца на цемі і патыліцы, у самак на патыліцы кармінава-чырв. або малінава-чырв. «шапачка». Гнёзды ў дуплах дрэў, якія сама выдзёўбвае. Нясе 3—6 яец. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі, якія водзяцца пад карой і ў драўніне (мурашкі-шашалі, караеды, вусачы і інш.).

Жаўна: 1 — самка: 2 — самец.

т. 6, с. 427

ЖАЎНЯ́К (Расціслаў Міхайлавіч) (н. 6.10.1939, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. матэматык. Канд. фізіка-матэм. н. (1972), праф. (1993). Скончыў БДУ (1964). З 1969 ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1972 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі аптымальнага кіравання дынамічнымі сістэмамі. Аўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Высшая математика. Мн., 1993 (разам з А.А.Карпуком).

т. 6, с. 427

ЖАЎРУ́К (Алесь) (сапр. Сінічкін Аляксандр Дзмітрыевіч; 19.8.1910, г. Сянно Віцебскай вобл. — 23.8.1942),

бел. паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1938). Загінуў у баях пад Сталінградам. Друкаваўся з 1926. У зб-ках «Ручаіны» (1936), «Дняпро выходзіць з берагоў» (1938) аптымістычны пафас, рамантыка прац. будняў, эстэтычная завершанасць. Апяваў героіку грамадз. вайны, рэв. подзвіг («Чапаеў», «Рагачоўскі сшытак», «Песня пра дукорскіх партызан»). Паэма «Крывёю сэрца» (1938) пра барацьбу з фашызмам у Іспаніі. З А.Ушаковым напісаў для дзяцей паэмы «Пра майго таварыша», «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (абедзве 1939), лібрэта аперэты «Зарэчны барок».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1960;

У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1987.

А.Жаўрук.

т. 6, с. 427

ЖА́ЎРЫД (Павел Якаўлевіч) (13.6.1899, в. Цецяроўка Слуцкага пав. Мінскай губ. — 14.5.1939),

дзеяч бел. нац. руху. Скончыў Слуцкую гімназію (1909), вучыўся ў Варшаўскім ун-це. З 1916 у арміі. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. Летам 1919 арыштаваны Надзвычайнай камісіяй «па абвінавачанні ў дапамозе Дзянікіну». У ліст. вызвалены, абраны старшынёй Бел. нац. к-та ў Слуцку. З лета 1920 у Чырв. Арміі, пам. камандзіра Слуцкай кав. роты. У канцы 1920 Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у Бел. раду Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920. З 1921 у Вільні ў Бел. нац. к-це, Бел. школьнай радзе. У 1923—30 працаваў у Белсельпрамсаюзе, Мар’інагорскім с.-г. тэхнікуме, Інбелкульце, газ. «Звязда». 18.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 асуджаны на 3 гады папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1933—37 жыў у ссылцы ў г. Сарапул Удмурцкай АССР. У 1937 асуджаны на 10 гадоў ППЛ, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1988.

У.М.Міхнюк.

т. 6, с. 427