Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖА́ЎРЫД (Эдвард Антонавіч) (н. 8.10.1939, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1988), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1964 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1966 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1978 заг. аддзялення хіміяпрамянёвай тэрапіі). Навук. працы па камбінаваным лячэнні злаякасных пухлін з выкарыстаннем гіпертэрміі і гіперглікеміі, мадыфікацыі хімія- і радыеадчувальнасці злаякасных пухлін з дапамогай фізіка-хім. уздзеянняў, фотадынамічнай тэрапіі, пошуку і апрабацыі новых супрацьпухлінных прэпаратаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Применение гипертермии и гипергликемии в комплексном лечении злокачественных новообразований. М., 1981 (у сааўт.);

Гипертермия и гипергликемия в онкологии. Киев, 1987 (разам з С.П.Асінскім, С.З.Фрадкіным);

Диагностика и лечение распространенного рака желудка. Мн., 1991 (разам з М.Я.Фішарам. Н.У.Сачыўка).

т. 6, с. 428

ЖАЎТАБРУ́ХІ ПО́ЛАЗ, жаўтабрух (Coluber jugularis),

змяя сям. вужовых. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, у Пярэдняй і М. Азіі. Жыве ў адкрытых стэпах, паўпустынях, кустовых зарасніках і інш.

Даўж. да 2,5 м. Верхні бок цела ўсіх адценняў аліўкавага колеру, без узору. Бруха жоўтае, палевае. зрэдку чырванаватае. Вакол вачэй звычайна жоўтая пляма. Адкладвае 6—16 яец. Корміцца дробнымі млекакормячымі, паўзунамі, птушкамі, насякомымі. Агрэсіўны, нападае нават на чалавека. Укус дарослага Ж.п. балючы і кроватачывы, але не небяспечны.

Жаўтабрухі полаз.

т. 6, с. 428

ЖАЎТАЗЕ́ЛЬ (Genista),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі ў паўд. ч. трапляецца Ж. фарбавальны (G. tinctona), расце падлескам у хваёвых, бярозава-хваёвых і бярозавых лясах, і Ж. германскі (G. germanica, нар. назва колкая трава), рэдкі цэнтр.-еўрапейскі горны від, расце ў хваёва-дубовых і шыракалістых лясах, сярод хмызняку, на ўзлесках і палянах. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Кусты і паўкусты выш. да 0,6—1,5 м, з прамастойнымі, пруткападобнымі, злёгку рабрыстымі сцябламі, звычайна голымі, іншы раз апушанымі белымі валаскамі, унізе з калючкамі. Лісце простае, эліпсоіднае, з кароткім вострым канцом, голае, бліскучае або злёгку валасістае. Кветкі жоўтыя, у шматлікіх гронках на канцах галінак. Плод — струк. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, слабіцельны, абязбольваючы сродак), фарбавальная расліна.

Жаўтазель фарбавальны.

т. 6, с. 428

ЖАЎТАЗЁМЫ,

глебы, якія фарміруюцца пад шыракалістымі лясамі ва ўмовах вільготных субтропікаў. Пашыраны ў Кітаі, на Пд ЗША, ПдУ Аўстраліі і ў Новай Зеландыі, у Грузіі і Азербайджане. Маюць 5—10% гумусу. Жоўтая афарбоўка абумоўлена малой колькасцю жалеза ў мацярынскіх пародах і моцным увільгатненнем, якое выклікае гідратацыю вокіслаў жалеза ў глебе. Асн. тыпы: жаўтазёмы, падзоліста-жаўтазёмападобныя, жаўтазёмна-глеевыя, падзоліста-жаўтазёмна-глеевыя. На Ж. вырошчваюць чай, цытрусавыя, вінаград, тытунь, эфіраалейныя культуры.

т. 6, с. 428

ЖАЎТАКРУ́Г (Jrommsdorfie),

род кветкавых раслін сям. астравых. 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўд. Амерыцы. На Беларусі трапляецца Ж. рабы (J. maculata) у хваёвых лясах, на палянах і ўзлесках.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 50—100 см, з тоўстым вертыкальным коранем, шурпата-валасістым прамым сцяблом і разеткай прадаўгаватых лістоў з характэрнай чырвонай жылкай. Кветкі залаціста-жоўтыя, язычковыя, духмяныя, у кошыках, размешчаных па 1—4 на верхавінках сцёблаў. Плод — сямянка, з чубком з перыстых валаскоў. Лек. (слабіцельны, змякчальны, процізапаленчы, антысептычны сродак) і кармавая расліна.

Жаўтакруг рабы.

т. 6, с. 428

ЖАЎТАЛО́З,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Вярба.

т. 6, с. 428

ЖАЎТАПУ́ЗІК.

глушэц (Ophisaurus apodus), яшчарка сям. вераценніцавых. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жыве пераважна ў сухіх месцах, з густой расліннасцю.

Даўж. да 1,5 м, маса да 550 г. Верхняя ч. цела бурая, брудна-бурая з аліўкавым або чырванавата-бурым адценнем, ніжняя — жоўта-бурая або мяснога колеру. Цела змеепадобнае, без ног (у самцоў захаваліся рудыменты задніх ног). Пад луской залягаюць касцявыя пласцінкі (астэадэрмы). Па баках цела глыбокая маршчына скуры, высланая дробнай луской. Адкладваюць 8—10 яец. Кормяцца беспазваночнымі (пераважна насякомымі і малюскамі), дробнымі пазваночнымі.

Жаўтапузік.

т. 6, с. 428

ЖАЎТО́К,

пажыўныя рэчывы, якія назапашваюцца ў яйцаклетках жывёл і чалавека ў выглядзе гранул (радзей суцэльнай масы) і служаць для жыўлення зародка на працягу яго развіцця. Мае ў сабе бялкі, тлушчы, вугляводы, рыбануклеінавую кіслату, мінер. рэчывы; асн. яго масу складаюць ліпа- і глікапратэіды. Наяўнасць Ж. ў яйцаклетках абумоўлівае іх значна большыя памеры ў параўнанні са сперматазоідамі. Сінтэз Ж. бывае энда- або экзагенным у залежнасці ад таго, дзе ён ажыццяўляецца: у яйцаклетцы або па-за ёй.

т. 6, с. 428

ЖАЎТУ́ХА,

жаўтушная афарбоўка склер, скуры, слізістых абалонак; сіндром захворванняў з парушэннем білірубінавага абмену. Назіраецца пры хваробах печані (гл. Гепатыт інфекцыйны), жоўцевых шляхоў (гл. Жоўцекамянёвая хвароба і інш. механічныя Ж.), крыві (гл. Гемалітычная хвароба нованароджаных і інш. гемалітычныя Ж.), пры некат. фізіял. станах, ад павышанага назапашвання ў крыві і ў тканках жоўцевага пігменту — білірубіну. Жаўтуха нованароджаных — жаўтушная афарбоўка скуры і слізістых абалонак у дзяцей да 4—5 тыдняў жыцця. Бывае ад парушэння звязвання білірубіну (фізіял. Ж.н.), ад узмоцненага распаду — гемолізу эрытрацытаў (гемалітычная хвароба нованароджаных), ад мех. затрымкі жоўці (прыроджанае недаразвіццё ці набытае звужэнне жоўцевывадных шляхоў), ад пашкоджання тканак печані. Лячэнне: выдаленне білірубіну з арганізма.

А.Л.Лстапаў.

т. 6, с. 428

ЖАЎТУ́ХА РАСЛІ́Н,

хваробы, якія выклікаюцца пераважна мікаплазмападобнымі арганізмамі і вірусамі. Пашкоджвае бульбу, канюшыну, цыбулю, моркву, дэкар. культуры і інш. Пашырана ўсюды. Хворыя расліны характарызуюцца карлікавасцю, хларозам і пажаўценнем лісця, шматлікімі бакавымі парасткамі, якія прыціснуты да гал. сцябла; у кветках падоўжаныя чашалісцікі з пазелянелымі дэфармаванымі венчыкамі, завязь прарастае ў лісцікі. Рэзерватары віруса — пустазелле (дзьмухавец, асот палявы, шчаўе, рамонкі, трыпутнік і інш.). Узбуджальнік перадаецца насякомымі-пераносчыкамі (пераважна цыкадамі і тлямі). Пра меры барацьбы гл. ў арт. Вірусныя хваробы раслін.

т. 6, с. 429