ЖА́ЎРЫД (Эдвард Антонавіч) (н. 8.10.1939, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1988), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1964 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1966 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1978 заг. аддзялення хіміяпрамянёвай тэрапіі). Навук. працы па камбінаваным лячэнні злаякасных пухлін з выкарыстаннем гіпертэрміі і гіперглікеміі, мадыфікацыі хімія- і радыеадчувальнасці злаякасных пухлін з дапамогай фізіка-хім. уздзеянняў, фотадынамічнай тэрапіі, пошуку і апрабацыі новых супрацьпухлінных прэпаратаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Применение гипертермии и гипергликемии в комплексном лечении злокачественных новообразований. М., 1981 (у сааўт.);

Гипертермия и гипергликемия в онкологии. Киев, 1987 (разам з С.П.Асінскім, С.З.Фрадкіным);

Диагностика и лечение распространенного рака желудка. Мн., 1991 (разам з М.Я.Фішарам. Н.У.Сачыўка).

т. 6, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)