Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«МАХАБХА́РАТА»

(санскр. «Сказанне пра вялікіх Бхаратаў»),

старажытнаіндыйскі эпас на санскрыце. Склаўся на аснове вусных сказанняў і легенд плямён і народнасцей паўн.-зах. і паўн. Індыі. Сучасны выгляд набыў да сярэдзіны 1-га тыс. н.э.

У цэнтры «М.» расказ пра бітву двух родаў і іх саюзнікаў за панаванне над Хастынапурай (цяпер г. Дэлі), які вядзецца ад імя легендарнага аўтара эпапеі В’ясы і дзеючых асоб. «М.» складаецца з 18 кніг, некалькіх уводных эпічных сказанняў, якія апасродкавана звязаны з асн. сюжэтам, і многіх сказанняў і легенд пераважна фалькл. характару: «Аповесць пра Шакунталу», «Сказанне пра Раму», «Аповесць пра цара Шыві», «Сказанне пра Налу», «Аповесць пра Савітры» і інш.

«М.» — багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіццё ў нац. л-рах народаў Індыі, Інданезіі, М’янмы, Камбоджы, Тайланда, Лаоса, Шры-Ланкі, а таксама ў л-рах Тыбета і Манголіі. У кожнай з нац. л-р сюжэты «М.» маюць сваю інтэрпрэтацыю ў адпаведнасці з эпохай і канкрэтным нац. асяроддзем. У Еўропе «М.» вядома з канца 18 ст.

Публ.: Рус. пер. — Махабхарата. Кн. 1—2, 4—5. М.; Л., 1950—76; Махабхарата. Рамаяна. М., 1974.

Літ.:

Гринцер П.А. Махабхарата и Рамаяна. М., 1970;

Серебряков И.Д. Очерки древнеиндийской литературы. М., 1971. С. 69—84.

т. 10, с. 222

МА́ХАВА,

вёска ў Магілёўскім р-не. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на Пд ад Магілёва, 22 км ад чыг. ст. Лупалава. 654 ж., 238 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 222

МАХА́ВЕ (Mohave),

пустыня на ПдЗ ЗША, у паўд. частцы штата Каліфорнія; частка Вялікага Басейна. Пл. каля 30 тыс. км². Вастраверхія хрыбты (выш. да 3366 м) чаргуюцца з шырокімі і глыбокімі катлавінамі, запоўненымі пяском, у т. л. Даліна Смерці. Клімат рэзка кантынентальны, з гарачым летам. Ападкаў 45—150 мм за год, часам іх не бывае гадамі («полюс сухасці» Паўн. Амерыкі). Шэраг невял. салёных азёр. Зараснікі крэазотавых хмызнякоў, сукуленты (юкі, кактусы і інш.). У паўд. ч. запаведнік Джошуа-Тры (ахова пустыннай расліннасці і фауны).

т. 10, с. 222

МАХАВІ́К, махавое кола,

кола з масіўным вобадам, якое ўстанаўліваюць на вале машыны з нераўнамернай нагрузкай для выраўноўвання яе ходу. Дазваляе мець прывод меншай магутнасці. Выкарыстоўваецца як акумулятар мех. энергіі ў поршневых рухавіках, помпах і інш. машынах з нераўнамерным вярчальным момантам на гал. вале.

т. 10, с. 222

МАХАВІКІ́ (Xerocomus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. балетавых. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 5 відаў М.: зялёны, ці заечы баравік (X. subtomentosus), каштанавік, або польскі грыб (X. badius), паразітны (X. parasiticus), стракаты, ці чырв., ці казляк (X. chrysenteron), чырванеючы (X. rubellus). Трапляюцца ў хвойных і лісцевых лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—12 см, жоўтая, буравата-аліўкавая, слізістая або сухая. Спараносны слой трубчасты, жоўты, зеленавата-жоўты. Ножка цыліндрычная, суцэльная, валакністая. Мякаць белая або жаўтаватая з прыемным пахам і смакам, часта на зломе сінее. Споры верацёнападобныя, гладкія, бура-жоўтыя. Ядомыя.

С.С.Колас.

Махавікі.

т. 10, с. 222

МАХАЙРО́ДЫ (Machairodus ад грэч. machaira кароткі крывы меч + odus зуб),

шаблязубыя тыгры, род вымерлых жывёл сям. кашэчых. Вядомы з міяцэнавых і пліяцэнавых адкладаў. Былі пашыраны ў паўд. ч. Еўропы, Азіі, Афрыцы. Блізкія роды (Smilodon і інш.) жылі ў Паўн. Амерыцы.

Большыя за сучасных тыграў. Мелі вял. (даўж. да 14 см) шаблепадобныя верхнія іклы з рэжучымі зазубленымі краямі, якімі забівалі буйных таўстаскурых жывёл (мастадонтаў, насарогаў і інш.).

Махайрод.

т. 10, с. 223

МАХА́КАМ (Mahakam),

Кутай, рака ў Інданезіі, на в-ве Калімантан. Даўж. каля 720 км, пл. басейна каля 80 тыс. км². Верхняе і сярэдняе цячэнне ў гарах Усх. Калімантана, ніжняе — па забалочанай раўніне. Упадае ў Макасарскі праліў, утварае дэльту. Мнагаводная на працягу ўсяго года. Сплаўная, у ніжнім цячэнні суднаходная. На М. — г. Самарында.

т. 10, с. 223

МАХА́ЛА-ЭЛЬ-КУ́БРА,

горад у Егіпце, гл. Эль-Махала-эль-Кубра.

т. 10, с. 223

МАХАМБЕ́Т УТЭМІ́САЎ (1804, Заходне-Казахстанская вобл., Казахстан — 20.10.1846),

казахскі паэт, удзельнік і натхняльнік сял. антыкаланіяльнага і антыфеад. паўстання ў 1830-я г. Аўтар песень і паэм (каля 40), тэматычна скіраваных супраць сац. і нац. несправядлівасці, дэспатызму прыгнятальнікаў. Яго творы, адметныя гуманіст. пафасам, вызначаліся лаканізмам, афарыстычнасцю, экспрэсіўнасцю вобразаў.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. Алма-Ата, 1957.

Ж.Сахіеў.

т. 10, с. 223

МАХАМЕДЫ́Я,

горад на ПнЗ Марока. Да 1961 наз. Федала. Каля 110 тыс. ж. (1997). Порт на Атлантычным ак. Аэрапорт. Нафтаперапр. з-д. Харч. (кансервавыя, алейныя), металаапр., тэкст. прадпрыемствы. Буйная ЦЭС. Летні марскі курорт.

т. 10, с. 223