МАХАВІКІ́ (Xerocomus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. балетавых. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 5 відаў М.: зялёны, ці заечы баравік (X. subtomentosus), каштанавік, або польскі грыб (X. badius), паразітны (X. parasiticus), стракаты, ці чырв., ці казляк (X. chrysenteron), чырванеючы (X. rubellus). Трапляюцца ў хвойных і лісцевых лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—12 см, жоўтая, буравата-аліўкавая, слізістая або сухая. Спараносны слой трубчасты, жоўты, зеленавата-жоўты. Ножка цыліндрычная, суцэльная, валакністая. Мякаць белая або жаўтаватая з прыемным пахам і смакам, часта на зломе сінее. Споры верацёнападобныя, гладкія, бура-жоўтыя. Ядомыя.

С.С.Колас.

Махавікі.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)