Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІВІЧА́НКА,

рака ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Волка (бас. р. Нёман). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 37 км². Пачынаецца на зах. схілах Мінскага ўзв. за 1 км на ПдЗ ад в. Сівіца, цячэ па Налібоцкай пушчы, упадае ў р. Волка за 7,8 км на ПдУ ад в. Белы Бераг Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пойма пераважна забалочаная. Рэчышча да вусця на працягу 4,1 км каналізаванае.

т. 14, с. 365

СІВУ́ЧЫ (Eumetopias),

род млекакормячых жывёл сям. вушастых цюленяў. Адзіны від у родзе — С. (E. jubatus). Пашыраны ў паўн. ч. Ціхага ак.

Даўж. да 3,5 м, маса да 800 кг. Афарбоўка летам рыжая, зімой бурая. Трымаецца статкамі. Размнажаюцца звычайна на камяністых берагах астравоў, самцы ўтвараюць гарэмы з 15—20 самак. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, інш. марскімі жывёламі. Нараджаюць 1 дзіцяня. Промысел дзеля шкуры і тлушчу.

Сівуч.

т. 14, с. 365

СІВУ́ШНАЕ МА́СЛА,

адходы вытв-сці этылавага спірту метадам браджэння. Масляністая вадкасць ад светла-жоўтага да чырвона-бурага колеру з непрыемным пахам. Паводле хім. саставу — сумесь ізаамілавага (гл. Амілавыя спірты), ізабутылавага і інш. аднаатамных спіртоў: з альдэгідамі, к-тамі і інш. арган. злучэннямі. Выкарыстоўваюць для атрымання асобных спіртоў. С.м. атрутнае, раздражняе слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў.

т. 14, с. 365

СІВЫ́ ДЗЯ́ЦЕЛ,

гл. ў арт. Дзятлавыя.

т. 14, с. 365

СІ́ГБАН, Зігбан (Siegbahn) Кай Мане (н. 20.4.1918, г. Лунд, Швецыя), шведскі фізік. Чл. Швед. АН. Ганаровы чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Сын К.М.​Г.​Сігбана. Скончыў Упсальскі ун-т (1942). У 1942—51 у Нобелеўскім ін-це фізікі (Стакгольм); у 1951—54 праф. Каралеўскага тэхнал. ін-та (Стакгольм). З 1954 праф. Упсальскага ун-та. Навук. працы па спектраскапіі, атамнай і малекулярнай фізіцы, фіз. хіміі. Распрацаваў метад электроннай спектраскапіі для хім. аналізу (1951). Сканструяваў рэнтгенаэлектронны спектрометр і ажыццявіў монахраматызацыю рэнтгенаўскага выпрамянення ў рэнтгенаўскай фотаэлектроннай спектраскапіі. Нобелеўская прэмія 1981.

К.М.Сігбан.

т. 14, с. 365

СІ́ГБАН, Зігбан (Siegbahn) Карл Мане Георг (3.12.1886, г. Эрэбру, Швецыя — 25.9.1978), шведскі фізік, заснавальнік рэнтгенаўскай і ядз. спектраскапіі. Чл. Швед. АН (1922). Лонданскага каралеўскага т-ва (1933). Замежны чл. АН СССР (1958). Бацька К.​М.​Сігбана. Скончыў Лундскі ун-т (1911), дзе і працаваў (з 1920 праф); у 1924—37 праф. Упсальскага ун-та. У 1937—64 дырэктар Нобелеўскага ін-та фізікі (Стакгольм). Навук. працы па спектраскапіі рэнтгенаўскага выпрамянення, ядз. фізіцы і ядз. спектраскапіі. Прапанаваў новыя метады атрымання рэнтгенаўскіх спектраў высокага раздзялення, вывучыў рэнтгенаўскія спектры хім. элементаў і адкрыў новыя спектральныя лініі. Выявіў дысперсію рэнтгенаўскіх прамянёў. Сканструяваў шэраг спец. спектральных прылад. Нобелеўская прэмія 1924.

т. 14, с. 365

СІ́ГЕР ((Seeger) Піт) (н. 3.5.1919, г. Нью-Йорк),

амерыканскі спявак, кампазітар, паэт. Выканаўца блюзаў, спірычуэл, балад, антыфаш. песень, песень пратэсту (пад уласны акампанемент на банджа ці гітары). Узначальваў рух за адраджэнне амер. нар. песні. У рэпертуары таксама песні рас. кампазітараў і рус. нар. песні. Здымаўся ў кіно. Складальнік зб. амер. нар. песень, аўтар падручніка «Як іграць на 5-струнным банджа» (2-е выд. 1954).

К.М.Г.Сігбан.

т. 14, с. 365

СІ́ГЕР БРАБА́НЦКІ (Siger de Brabant; каля 1235—82),

нідэрландскі філосаф, заснавальнік зах.-еўрап. авераізму. З 1266 праф. Парыжскага ун-та. Двойчы асуджаны інквізіцыяй (у 1270 і 1277). У час чарговага следства забіты сваім сакратаром. У трактатах «Аб разумнай душы», «Аб вечнасці свету», «Немагчымае», «Аб неабходнасці і ўзаемасувязі прычын» і ў каментарыях да «Фізікі», «Метафізікі» і інш. твораў Арыстоцеля сфармуляваў тэорыю дваістасці ісціны, паводле якой ісціны філасофіі і тэалогіі могуць супярэчыць адна адной. Адмаўляў ідэю стварэння Богам свету з нічога і божае наканаванне. Развіваў вучэнне аб усеагульным дэтэрмінізме і абвяргаў існаванне свабоды волі ў чалавека і Бога. Лічыў, што ўсе працэсы і падзеі на Зямлі залежаць ад руху нябесных цел і маюць цыклічны характар. Сцвярджаў, што чалавечы дух (інтэлект) уяўляе сабой вечную, нематэрыяльную субстанцыю, а душа смяротная. Погляды С.Б. абвяргалі Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Р.​Лулій. Вучэнне С.Б. паўплывала на светапогляд Дантэ, П.​Пампанацы, Дж.​Піка дэла Мірандалы, авераістаў падуанскай школы і інш.

т. 14, с. 365

СІ́ГЕЦІ ((Szigeti) Іожэф) (Жазеф; 5.9.1892, Будапешт — 20.2.1973),

венгерскі скрыпач, педагог. Чл. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Італія). Скончыў Акадэмію музыкі ў Будапешце (1905); вучань Е.​Хубаі. У 1917—24 выкладаў у Жэнеўскай кансерваторыі. З 1925 у Францыі, ЗША, з канца 1950-х г. у Швейцарыі. Канцэртаваў у 1905—63, у т. л. ў СССР у 1924—37. Стварыў асабісты высокамастацкі стыль, які вызначаўся глыбінёй і натуральнасцю інтэрпрэтацый, спалучэннем стрыманай эмацыянальнасці і дэкламацыйнасці з тонкім пачуццём формы, высокага майстэрства, адухоўленасцю. Першы выканаўца твораў Б.​Бартака, Э.​Блоха, Э.​Ізаі, П.​Кадашы, А.​Казелы, Г.​Каўэла, С.​Пракоф’ева, у т. л. прысвечаных яму. Выдаў транскрыпцыі для скрыпкі і фп., у т. л. А.​Скрабіна. Аўтар кніг па скрыпічным выканальніцтве («Нататкі скрыпача», 1964).

т. 14, с. 365

СІГІ́ (Coregonus),

род рыб сям. сіговых атр. ласосепадобных. Самы шматлікі з сямейства. Пашыраны ў бас. Ледавітага, Ціхага і Атл. акіянаў. Прахадныя, азёрныя і рачныя рыбы. Найб. вядомыя: С. звычайны, рапушкі, омуль, пелядзь, муксун, чыр і інш. У азёрах Беларусі водзіцца рапушка еўрапейская, або сялява, у 1925 у азёры Браслаўскай, Нарачанскай груп і воз. Лукомскае з Чудска-Пскоўскага воз. завезены для акліматызацыі сіг чудскі (C. lavaretus maraenoides). У азёрах Лукомскае і Нарач меў прамысл. значэнне. Пелядзь на Беларусь завезена ў 1957.

Даўж. да 75 см, маса да 8 кг (зрэдку 16 кг). Цела серабрыстае, спіна цёмная, луска буйная. Рот невял., ніжні, канцавы або верхні. Нераст звычайна восенню. Ікра дробная, жоўтая. Кормяцца планктонам, бентасам і дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і развядзення.

Сігі: 1 — амурскі; 2 — чудскі; 3 — чыр.

т. 14, с. 365