СІГІ́ (Coregonus),

род рыб сям. сіговых атр. ласосепадобных. Самы шматлікі з сямейства. Пашыраны ў бас. Ледавітага, Ціхага і Атл. акіянаў. Прахадныя, азёрныя і рачныя рыбы. Найб. вядомыя: С. звычайны, рапушкі, омуль, пелядзь, муксун, чыр і інш. У азёрах Беларусі водзіцца рапушка еўрапейская, або сялява, у 1925 у азёры Браслаўскай, Нарачанскай груп і воз. Лукомскае з Чудска-Пскоўскага воз. завезены для акліматызацыі сіг чудскі (C. lavaretus maraenoides). У азёрах Лукомскае і Нарач меў прамысл. значэнне. Пелядзь на Беларусь завезена ў 1957.

Даўж. да 75 см, маса да 8 кг (зрэдку 16 кг). Цела серабрыстае, спіна цёмная, луска буйная. Рот невял., ніжні, канцавы або верхні. Нераст звычайна восенню. Ікра дробная, жоўтая. Кормяцца планктонам, бентасам і дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і развядзення.

Сігі: 1 — амурскі; 2 — чудскі; 3 — чыр.

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)