СІ́ГЕЦІ ((Szigeti) Іожэф) (Жазеф; 5.9.1892, Будапешт — 20.2.1973),
венгерскі скрыпач, педагог. Чл. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Італія). Скончыў Акадэмію музыкі ў Будапешце (1905); вучань Е.Хубаі. У 1917—24 выкладаў у Жэнеўскай кансерваторыі. З 1925 у Францыі, ЗША, з канца 1950-х г. у Швейцарыі. Канцэртаваў у 1905—63, у т. л. ў СССР у 1924—37. Стварыў асабісты высокамастацкі стыль, які вызначаўся глыбінёй і натуральнасцю інтэрпрэтацый, спалучэннем стрыманай эмацыянальнасці і дэкламацыйнасці з тонкім пачуццём формы, высокага майстэрства, адухоўленасцю. Першы выканаўца твораў Б.Бартака, Э.Блоха, Э.Ізаі, П.Кадашы, А.Казелы, Г.Каўэла, С.Пракоф’ева, у т. л. прысвечаных яму. Выдаў транскрыпцыі для скрыпкі і фп., у т. л. А.Скрабіна. Аўтар кніг па скрыпічным выканальніцтве («Нататкі скрыпача», 1964).
т. 14, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)