Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАХАЛАВІ́ЦКІ (Пахалавецкі, Пахаловіч) Станіслаў, бел. картограф і мастак 2-й пал. 16 ст. Служыў сакратаром у магнатаў ВКЛ, у 1563—66 пры двары жонкі караля Польшчы і вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, потым у скарбовай і кароннай канцылярыях. У час Лівонскай вайны 1558—83 як картограф удзельнічаў у ваен. паходах, за што быў набілітаваны. Склаў карту «Вопіс Полацкага княства...» [выкарыстана картографамі Г.​Меркаторам (карта «Літва», 1595) і Т.​Макоўскім («Карта Вялікага княства Літоўскага», 1613)], план аблогі Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579 (абодва награвіраваны ў 1580 у Рыме Т.​Трэтэрам), выканаў акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579». Верагодна, разам з інж. П.​Франкусам працаваў над аксанаметрычнымі выявамі 6 крэпасцей на Полаччыне: Казьян, Красная, Сітна, Сокал, Суша і Туроўля.

т. 12, с. 237

«ПАХВАЛА́ ВІ́ТАЎТУ», «Похвала о великом князи Витовте», «Сказание о великом князи Витовте»,

помнік бел. літаратуры 15 ст.; адзін з першых твораў бел. свецкай панегірычнай (гл. Панегірык) прозы. Напісана невядомым аўтарам ў канцы 1420-х г. у Смаленску. Вядома ў 4 рэдакцыях: 1-я (1428) — прыватны дзелавы запіс-пасляслоўе, змешчаны ў кнізе слоў Ісаака Сірына (што перапісана ў Смаленску); 2-я (летапісная, каля 1430) — асобны твор панегірычнага жанру, напісаны на аснове папярэдняй як своеасаблівае ідэйна-маст. завяршэнне 1-га бел.-літоўскага летапіснага зводу, захавалася ў асобных спісах Беларуска-літоўскага летапісу 1446; 3-я (новая, 1-я пал. 16 ст.) — аб’яднаны скарочаны тэкст летапіснай «П.В.» з уступнай часткай т.зв. Смаленскай хронікі, збераглася ў спісах кароткай (гл. Красінскага летапіс) і пашыранай (гл. Альшэўскі летапіс) рэдакцыях 2-га бел.-літ. летапіснага зводу — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»; 4-я (рус. скарочаная, 16 ст.) змешчана ў розных гіст. зборніках, што бытавалі ў Расіі ў 16—18 ст. У творы ўслаўляецца вял. кн. Вітаўт як мудры і ўсемагутны валадар, гаспадар ВКЛ, які карыстаецца высокім міжнар. аўтарытэтам, ідэалагічна абгрунтоўваецца аб’яднаўчая палітыка князя на ўсх.-слав. землях. Напісана на падставе сапр. гіст. фактаў урачыста-ўзнёслым стылем з выкарыстаннем стараж.-рус. літ. традыцый, кніжных выразаў і зваротаў, без рытарычнай шматслоўнасці.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 237

ПА́ХЕЛЬБЕЛЬ ((Pachelbel) Іаган) (хрышчаны 1.9.1653, г. Нюрнберг, Германія — 3.3.1706),

нямецкі кампазітар, арганіст. Кіраўнік сярэднегерм. школы арганістаў, адзін з папярэднікаў І.​С.​Баха. Працаваў у Вене, Айзенаху, Эрфурце, Штутгарце, Гоце, Нюрнбергу. Асн. значэнне мелі яго творы для аргана і клавіра. Яму належаць таксама духоўныя кантаты і інш. творы.

Літ.:

Ливанова Т История западно-европейской музыки до 1789 г. М.; Л., 1940. С. 310—311, 319—320.

т. 12, с. 237

ПА́ХЕР ((Pacher) Міхаэль) (каля 1435, г. Бруніка, Італія — 1498),

аўстрыйскі жывапісец і скульптар; прадстаўнік пераходнага перыяду ад готыкі да Адраджэння. Зазнаў уплыў А.​Мантэньі. Аўтар алтарных кампазіцый, якім уласцівы смелая перспектыўная пабудова прасторы і ракурсаў, скульпт. дакладнасць форм, жыццёвая выразнасць персанажаў, гучнасць каларыту: разны алтар царквы ў Бальцана (Італія, з 1471), скульпт. і жывапісны алтар царквы ў Санкт-Вольфгангу (1471—81), жывапісны алтар «Чатырох айцоў царквы» (1475—79) і інш, Скульпт. работы больш звязаны з традыцыямі готыкі, вызначаюцца драматызмам і вострай характарнасцю вобразаў, напружаным лінейным рытмам, узорыстасцю кампазіцыі («Каранаванне Марыі» ў алтары царквы ў Санкт-Вольфгангу і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

М.Пахер. Св. Вольфганг прымушае д’ябла трымаць малітоўнік. Фрагмент алтара «Чатырох айцоў царквы». 1475—79.

т. 12, с. 237

ПАХІЛЕ́ВІЧ (Дзмітрый Леанідавіч) (22.9.1897, в. Вадатыі Карастышаўскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 29.5.1974),

украінскі гісторык. Д-р гіст. н. (1951), засл. дз. нав. УССР (1974). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1924). У 1921—45 працаваў у ВНУ УССР і РСФСР. З 1946 заг. кафедры Львоўскага ун-та. Даследаваў агр. адносіны і гісторыю сялянства Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы 16—18 ст. Распрацаваў перыядызацыю агр. гісторыі Беларусі і Літвы 16—18 ст. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972).

Тв.:

Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI—XVIII вв. Львов, 1957;

Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине XVIII в. Вильнюс, 1966.

т. 12, с. 238

ПА́ХМУТАВА (Аляксандра Мікалаеўна) (н. 9.11.1929, пас. Бякетаўка, цяпер у межах г. Валгаград, Расія),

расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1977). Нар. арт. СССР (1984). Герой Сац. Працы (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Вядомасць набыла як кампазітар-песеннік. Творы вызначаюцца разнастайнасцю тэматыкі. Песні адзначаны шчырасцю, лірычнай пранікнёнасцю і рэльефнасцю меладычнага малюнка: «Песня пра трывожную маладосць», «Геолагі», «Арляняты вучацца лётаць», «Абдымаючы неба», «Пяшчота», «Мелодыя», «Белавежская пушча», «Якія маладыя мы былі», «Паклонімся», «Рускі вальс» і інш. Аўтар балета «Азоранасць» (паст. 1974), кантаты «Васіль Цёркін» (1953), уверцюр «Юнацтва» (1957), «Цюрынгія» (1958), «Рускае свята» (1967), канцэртаў для арк. (1971), трубы з арк. (1955), музыкі для дзяцей, да драм. спектакляў, кінафільмаў, радыёпастановак. Дзярж. прэмія СССР 1975, 1982.

Літ.:

Добрынина Е. А.​Пахмутова. М., 1973;

А.​Пахмугова. М., 1979;

Квасникова Л.А. Дорогами песен А.​Пахмутовой. М., 1979.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 12, с. 238

ПАХО́Д,

1) перамяшчэнне якога-н. арганізаванага атрада людзей з пэўнымі мэтамі, заданнем, напр., турысцкі паход.

2) Ваенныя дзеянні, аперацыі супраць каго-, чаго-н.

3) У перан. сэнсе — арганізаваныя дзеянні, накіраваныя на барацьбу з кім-, чым-н.

т. 12, с. 238

ПАХО́Д,

1) сукупнасць дзеянняў арміі (флоту), якія ўключаюць перамяшчэнне войск (караблёў) на вял. адлегласці, уварванне на тэр. праціўніка, вядзенне баёў і бітваў. У мінулым П. складаў пэўны этап вайны (кампаніі) або вайну ў цэлым. У гісторыі войнаў П. вядомы са старажытнасці. іх учынялі Аляксандр Македонскі, Юлій Цэзар, кіеўскія князі, Алег, Ігар, Святаслаў Ігаравіч, князі ВКЛ Альгерд і Вітаўт (гл. Паходы Альгерда на Маскву 1368—72, Паходы Вітаўта на Смаленск 1395—1404), рас. палкаводзец А.​В.​Сувораў (гл. Швейцарскі паход Суворава 1799). З шэрагу П. складаліся Напалеонаўскія войны і інш., а таксама паходы Тэўтонскага ордэна на Беларусь. Вядомы марскія П., у т. л. славян у Візантыю, нарманаў у 8—11 ст. і інш. У наш час тэрмін «П.» захаваўся толькі ў ВМФ, дзе яны бываюць вучэбныя (штурманскія, збор-паходы і інш.) і баявыя.

2) У старой рас. арміі II. — асобы барабанны бой (марш), як ушанаванне выдатных ваен. дзеянняў. У кожным гв. палку, які вызначыўся ў баях, быў свой «гвардзейскі П.».

т. 12, с. 238

«ПАХО́ДНЯ»,

гісторыка-культурнае таварыства ў г. Гродна. Засн. 12.3.1986 як клуб па ініцыятыве супрацоўнікаў Ін-та біяхіміі АН БССР, з пач. 1991 — т-ва. Асн. задачы: вывучэнне гіст. падзей, жыцця і творчасці выдатных прадстаўнікоў мінулага Гродзеншчыны, помнікаў архітэктуры краю, удзел у паходах па выдатных мясцінах Беларусі, арганізацыя сустрэч са знакамітымі суайчыннікамі, прапаганда бел. звычаяў і традыцый, музыкі, л-ры, фальклору, бел. мовы. Члены т-ва ўдзельнічаюць у археал. раскопках, суботніках па аднаўленні і добраўпарадкаванні гіст. мясцін горада і вобласці і інш. У 1990 пры «П.» створана скаўцкая суполка, у 1991 — хор царк. песні «Бацькаўшчына».

М.​І.​Таранда.

т. 12, с. 238

«ПАХО́ДНЯ»

(«Pochodnia»),

газета, орган Наркамата асветы Літ.-Бел. ССР. Выходзіла ў сак. 1919 у Вільні на польск. мове. Друкавала матэрыялы па пытаннях развіцця нар. асветы, навукі, мастацтва ў рэспубліцы, дзейнасці культ.-асв. устаноў, змяшчала дырэктывы і пастановы Наркамасветы Літ.-Бел. ССР. Выйшлі 2 нумары: ад 16 і 31.3.1919.

т. 12, с. 238