ПАХАЛАВІ́ЦКІ (Пахалавецкі, Пахаловіч) Станіслаў, бел. картограф і мастак 2-й пал. 16 ст. Служыў сакратаром у магнатаў ВКЛ, у 1563—66 пры двары жонкі караля Польшчы і вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, потым у скарбовай і кароннай канцылярыях. У час Лівонскай вайны 1558—83 як картограф удзельнічаў у ваен. паходах, за што быў набілітаваны. Склаў карту «Вопіс Полацкага княства...» [выкарыстана картографамі Г.​Меркаторам (карта «Літва», 1595) і Т.​Макоўскім («Карта Вялікага княства Літоўскага», 1613)], план аблогі Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579 (абодва награвіраваны ў 1580 у Рыме Т.​Трэтэрам), выканаў акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579». Верагодна, разам з інж. П.​Франкусам працаваў над аксанаметрычнымі выявамі 6 крэпасцей на Полаччыне: Казьян, Красная, Сітна, Сокал, Суша і Туроўля.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)