Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАРЦЫ́С, Наркіс,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі юнак-прыгажун, сын беатыйскага рачнога бога Кефіса і німфы Лірыёпы. Паводле пашыранага міфа, Н. не прыняў кахання німфы Эха, за што быў пакараны Афрадытай: закахаўся ва ўласнае адлюстраванне ў вадзе і памёр ад непадзеленага кахання. Ператвораны багамі ў аднайм. кветку. Вобраз Н. ўвасоблены ў скульптурах Паліклета Старэйшага і Б.Чэліні, карцінах Я.Тынтарэта і М.Караваджа, п’есах П.Кальдэрона дэ ла Баркі і Ж.Ж.Русо, операх Д.Скарлаці, К.В.Глюка і Ж.Маснэ, інш. творах мастацтва і л-ры. У пераносным сэнсе Н. — самаўлюбёны чалавек.

т. 11, с. 194

НАРЦЫ́С (Narcissus),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Трапляюцца ў вільготных месцах, на высакагорных і далінных лугах, травяністых схілах гор. Культывуюць са стараж. часу, вядома больш за 12 тыс. сартоў. На Беларусі вырошчваюць каля 40 сартоў Н. гібрыднага (N. hybridus).

Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны. Лісце прыкаранёвае, лінейнае. Кветанос бязлісты, выш. да 0,5 м. Кветкі белыя, жоўтыя, адзіночныя ці ў гронках, у некат. пахучыя; эфірны алей з іх выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя. Ранневеснавыя дэкар. расліны.

В.В.Маўрышчаў.

Нарцыс: 1 — несапраўдны, або жоўты; 2 — двухлісты; 3 — паэтычны.

т. 11, с. 194

НАРЦЫСІ́ЗМ (грэч. Narkissos Нарцыс, міфалагічны юнак, які закахаўся ў сваё адлюстраванне ў вадзе),

форма палавой ненармальнасці, пры якой сексуальнае задавальненне дасягаецца сузіраннем уласнага аголенага цела, асобных яго частак, у т. л. палавых органаў.

т. 11, с. 194

НАРШТЭ́ЙН (Юрый Барысавіч) (н. 15.9.1941, в. Андрэеўка Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія),

расійскі рэжысёр і мастак-мультыплікатар. Вучыўся на курсах пры кінастудыі «Саюзмультфільм», з 1961 мастак-мультыплікатар гэтай студыі. Творчасці характэрна сучасная трактоўка казачных матываў і персанажаў, метафарычнасць вобразаў, жывапіснасць выяўл. вырашэння. Сярод фільмаў: «25-е — першы дзень» (1968), «Сеча пры Кержанцы» (1971), «Ліса і заяц» (1973), «Чапля і жораў» (1974; 1-я прэмія Міжнар. кінафестывалю мультыплікацыйных фільмаў у г. Анесі, Францыя, і Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Тэгеране; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў г. Мельбурн, Аўстралія), «Вожык у тумане» (1975, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у г. Хіхон, Іспанія), «Казка казак» (1980, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю кароткаметражных фільмаў у г. Ліль, Францыя), «I зноў я» (1981), «Восень», «Шынель» (абодва 1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1979.

т. 11, с. 194

НАРЫ́ЛЬСК,

горад у Краснаярскім краі, у Расіі. Засн. ў 1935. 156 тыс. ж. (1996). Чыгункай і аўтадарогай злучаны з портам Дудзінка на р. Енісей. Аэрапорт Алыкель (за 40 км на 3). Адзін з 5 самых паўн. гарадоў свету (размешчаны за Паўн. палярным кругам). Цэнтр каляровай металургіі (горна-металургічны камбінат). Здабыча і перапрацоўка руд нікелю, кобальту, медзі, селену і інш., у канцэнтратах — высакародныя металы (золата, плаціна, паладый, ірыдый і інш.), здабыча вугалю. Прадпрыемствы металаапр., хім., харч. і інш. прам-сці, вытв-сць буд. матэрыялаў. НДІ сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы, палярнай медыцыны. Драм. тэатр. Дом тэхнікі з музеем гісторыі. Маст. галерэя.

т. 11, с. 194

НАРЫ́ЛЬСКІ МЕ́ДНА-НІ́КЕЛЕВЫ РАЁН.

На Пн Краснаярскага краю Расіі. Уключае радовішчы: Нарыльск-1 (распрацоўваецца з 1937), Нарыльск-2, Талнахскае (з 1965), Акцябрскае (з 1974). Радовішчы магматычныя, сульфідныя, звязаны з інтрузіямі асн. парод (жылы, лінза- і пластападобныя целы). Глыб. залягання 150—1500 м. Гал. рудныя мінералы: пен ландыт, халькапірыт, пірацін. Спадарожна руды маюць у сабе таксама кобальт, золата, серабро і плаціноіды. Распрацоўваюцца адкрытым і падземным спосабамі. Адм. і прамысл. цэнтр — г. Нарыльск.

т. 11, с. 194

НАРЫМА́НАЎ (Нарыман Кербалай Наджафаглы) (14.4.1870, Тбілісі — 19.3.1925),

азербайджанскі сав. дзярж. дзеяч, пісьменнік. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Горы (1890) і Новарасійскі ун-т (Адэса, 1908). З 1905 чл. с.-д. арг-цыі «Гумет», з 1917 яе старшыня і чл. Бакінскага к-та РСДРП(б). З крас. 1918 Бакінскага СНК. У 1919—20 заг. Блізкаўсх. аддзела Наркамата замежных спраў, нам. наркома па справах нацыянальнасцей РСФСР. У 1920—21 старшыня часовага рэв. к-та, з 1921 — СНК Азерб. ССР, чл. Закаўказскага бюро і Закаўказскага краявога к-та ЦК РКП(б). З 1922 адзін са старшынь ЦВК СССР. Аўтар драм, камедый, рамана «Бахадур і Сона» (ч. 1—2, 1896).

т. 11, с. 194

НАРЫМО́НТ, Нарымунт,

Нарымант (у праваслаўі Глеб; каля 1294—2.2.1348),

князь у ВКЛ. Сын вял. кн. Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн. Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял. кн. Яўнута [1341—45| Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.

А.В.Белы.

т. 11, с. 194

НАРЫ́Н,

рака ў Кіргізіі і Узбекістане, правая састаўляючая р. Сырдар’я. Даўж. 807 км, пл. басейна 59,1 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў Цэнтр. Цянь-Шаня (да ўпадзення р. Малы Н. наз. Вял. Н.), цячэ ў міжгорнай даліне, месцамі ў вузкіх цяснінах. Сярэдні расход вады каля г. Учкурган (Узбекістан) 429 м³/с. Разводдзе ў маі. Выкарыстоўваецца для арашэння, пераважна зямель Ферганскай даліны. Ад Н. (каля г. Учкурган) пачынаецца Вялікі Ферганскі канал. На Н. — Курпсайская, Тактагульская, Таш-Кумырская, Учкурганская ГЭС і вадасховішчы; гарады Нарын, Таш-Кумыр (Кіргізія). У вярхоўях — Нарынскі запаведнік.

т. 11, с. 194

НАРЫ́НЬЁ ((Narino) Антоніо Амбросіо) (9.4.1765, Багата — 13.12.1823),

змагар за незалежнасць Калумбіі ад ісп. панавання. Пераклаў і выдаў на ісп. мове Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна. За рэв. дзейнасць у 1795 высланы ў Іспанію. У 1796 уцёк, узначаліў барацьбу Калумбіі за незалежнасць. З 1811 старшыня часовай урадавай хунты Калумбіі. У 1814—21 у ісп. палоне. Пасля вяртання з палону ў 1821 чл. сената, віцэ-прэзідэнт Вялікай Калумбіі.

т. 11, с. 195