ВЯЛЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на р. Нача (бас. Дняпра). Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на ПдУ ад г. Барысаў, 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Прыяміна. 1922 ж., 928 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.
Каля вёскі выяўлены селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 10—11 ст. Сярод знаходак на селішчы ляпная і ганчарная кераміка, крамянёвыя загатоўкі для стралы, жал. нож. У кургане з трупапалажэннем знойдзены шкляныя залачоныя і бронзавыя пацеркі, медны бранзалет, жал. нож, у курганах з трупаспаленнем — жал. спражка і фрагмент бронзавага ўпрыгожання.
т. 4, с. 390
ВЯНГЕ́РАЎ Сямён Апанасавіч
(17.4.1855, г. Лубны, Украіна — 14.9.1920),
расійскі літ.-знавец, бібліёграф. Скончыў Пецярбургскі (1879) і Дэрпцкі (г. Тарту, 1880) ун-ты. Аўтар кніг па гісторыі рус. л-ры, манаграфій пра творчасць К.Аксакава, В.Бялінскага, І.Ганчарова, М.Гогаля, І.Тургенева і інш. З 1891 рэдагаваў літ. аддзел «Энцыклапедычнага слоўніка» Бракгаўза і Эфрона. Арганізатар (1917) і першы дырэктар Рас. кніжнай палаты. Аўтар бібліягр. прац «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» (т. 1—6, 1886—1904), «Рускія кнігі» (т. 1—3, 1897—99), «Крыніцы слоўніка рускіх пісьменнікаў» (т. 1—4, 1900—17, выд. ўсіх не скончана); узначальваў выданне «Руская літаратура XX ст. 1890—1910» (вып. 1—7, 1914—16, выд. не скончана). Збіраў матэрыялы пра бел. пісьменнікаў і вучоных (Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Карскага, Е.Раманава і інш.), з некаторымі перапісваўся.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3, 5. СПб., 1911—13;
2 нзд. Т. 1, 4. Пг., 1919.
Літ.:
Калентьева А.Г. Влюбленный в литературу. М., 1964.
т. 4, с. 390
ВЯНДЛЯ́РНЯ,
устаноўка (печ, шафа, апарат, камера) для вэнджання мясных прадуктаў, сала, рыбы, сыру і інш. ўздзеяннем дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей. Прамысл. вянлдярні бываюць перыядычнага (камерныя, пралётныя) і неперарыўнага (тунельныя, вежавыя, шахтавыя) дзеяння.
Дым атрымліваецца ў топцы печы або ў спец. дымагенератары (часцей размешчаны па-за печчу) пры няпоўным згаранні драўніны ці пілавіння пераважна лісцевых парод. Перад паступленнем у зону вэнджання дым праходзіць праз фільтры для ачысткі ад канцэрагенных рэчываў. Для цеплавой апрацоўкі выкарыстоўваюць дым у сумесі з паветрам або толькі паветра, якія награюцца ў каларыферах і перамяшчаюцца вентылятарамі. Выкарыстоўваюць і інфрачырвоныя прамяні. Вяндлярныя вадкасці (іх наносяць на прадукты, дадаюць у фарш або ў сумесь для салення) атрымліваюць у асн. дыстыляцыяй, перагонкай і адсорбцыяй з воднага канцэнтрату дыму. Эфектыўныя і эканамічныя эл. вянлдярні, напр. вертыкальнага тыпу з сістэмай шахтаў, канвеерам і эл. прыстасаваннямі. У іх падсушка і прапяканне (рыбы) робяцца інфрачырвоным выпрамяненнем, само вэнджанне — дымам ад дымагенератара (часцінкі дыму іанізуюцца ў эл. полі і асаджваюцца на паверхні прадукту).
На Беларусі здаўна былі пашыраны вежавыя пераважна двух’ярусныя вянлдярні. На іх 1-м ярусе распальвалі агонь, на 2-м на жэрдках падвешвалі прадукты. Палілі сырую яблыню, галлё ядлоўцу, граба, дуба, тырсу і інш. У апошні час будуюць цагляныя або каменныя кампактныя вянлдярні, выкарыстоўваюць міні-вянлдярні, заводскія і самаробныя, падручныя прыстасаванні (бочкі, бітоны, каністры, вёдры без дна, трубы, скрыні і г.д., апрача пакрытых лакам, палімернымі смоламі і зробленых з ДСП).
К.В.Фамічэнка.
т. 4, с. 390
ВЯНКО́ВАЯ КАНСТРУ́КЦЫЯ ў архітэктуры, сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст. н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст. — асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл. Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжовацэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт. Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц. нар. жыллі і гасп. пабудовах.
С.А.Сергачоў.
т. 4, с. 390
ВЯНО́ЗНЫ ЦІСК,
ціск крыві, якая рухаецца па венах. Велічыня вянознага ціску залежыць ад аб’ёму крыві, якая паступае ў вянозную сістэму, ад тонусу вянозных сасудаў, ціску крыві ў правым перадсэрдзі. Адрозніваюць гідрадынамічны і гідрастатычны вянозны ціск. У найб. буйных венах (верхняя і ніжняя полыя вены) вянозны ціск можа дасягаць адмоўных велічынь. У венах вышэй ад узроўню сэрца вянозны ціск бывае ніжэйшы за атмасферны, макс. значэнняў ён дасягае ў ніжніх канечнасцях чалавека. Вымяраюць ціск у гарыз. становішчы цела. У здаровых людзей ён складае 80—120 мм вадзянога слупка. Вянозны ціск залежыць ад узросту: у дзяцей павялічваецца ад 40 да 100 мм вадзянога слупка; у пажылых зніжаецца.
т. 4, с. 390
ВЯНО́К САНЕ́ТАЎ,
вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.Гілевіч («Нарач»), Х.Жычка («Абеліск»), А.Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.Сіпакоў («Жанчына») і інш.
В.П.Рагойша.
т. 4, с. 391
ВЯНО́ЧАК кветкі, унутраная, звычайна ярка афарбаваная частка двайнога калякветніка кветкавых раслін. Складаецца з відазмененых лісцікаў (пялёсткаў). Адрозніваюць вяночак раздзельнапялёсткавы, у якім пялёсткі свабодныя (напр., у свірэпы, суніц, зоркаўкі), і зрослапялёсткавы (напр., у шчамяліцы, шалфею, тытуню). Афарбоўка вяночка звычайна залежыць ад асобных пігментаў (антацыянаў і флавонаў), раствораных у клетачным соку пялёсткаў. Вяночак — важная таксанамічная прыкмета, вяночак робіць кветку больш прыкметнай для насякомых і птушак, якія апыляюць расліны, ахоўвае тычынкі і слупкі ад пашкоджанняў, іншы раз выдзяляе нектар.
т. 4, с. 391
«ВЯНО́ЧАК»,
«Вяночкі», бел. сцэнічны танец, у якім сінтэзаваны тыповыя рысы дзявочых карагодаў. Вызначаецца лірычнасцю і дэкаратыўнасцю. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Створаны К.Мулерам для пастаноўкі нац. балета «Князь-возера» В.Залатарова (1949), увайшоў у рэпертуар Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, самадз. Калектываў.
Ю.М.Чурко.
т. 4, с. 391
ВЯНЦЫ́,
рознакаляровыя кольцы вакол Сонца, Месяца або яркіх зорак. Утвараюцца ў выніку дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз кроплі вады або ледзяныя крышталікі ў тонкіх вадзяных або ледзяных воблаках. Вуглавая адлегласць паміж кольцамі адваротна прапарцыянальная радыусу кропляў: чым драбнейшыя кроплі, тым большыя вянцы. Адрозніваюцца ад гало меншым радыусам кольцаў (не больш за 5°). У метэаралогіі вянцы выкарыстоўваюць для вывучэння воблакаў і туманаў.
т. 4, с. 391
«ВЯНЯ́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 80 родаў, у т. л. Белазоры, Длугашы, Ляшчынскія, Мэнжыкі. На залатым полі чорная галава зубра з залатым кальцом у ноздрах; клейнод — над прылбіцай з каронай палова залатога каранаванага льва з мячом у правай лапе. Вядомы з пач. 14 ст. У час знаходжання на троне караля польск. і вял. князя літ. Станіслава Ляшчынскага (1704—09, 1733) герб «Вянява» выкарыстоўваўся як элемент у дзярж. сімволіцы Рэчы Паспалітай.
т. 4, с. 391