ВІСКУЛІ́,
бел. ўрадавая рэзідэнцыя ў Белавежскай пушчы каля б. хутара Віскулі Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. 8.12.1991 у Віскулі падпісаны Белавежскія пагадненні 1991.
т. 4, с. 195
ВІ́СЛА
(Wisła),
самая вялікая рака Польшчы. Даўж. 1068 км, пл. бас. 198,5 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Карпатах, упадае ў Гданьскі і Віслінскі залівы Балтыйскага м. Гал. прытокі: Дунаец, Віслока, Сан, Вепш, Буг (справа), Піліца, Брда (злева). У вярхоўях Віслы — бурны горны паток; ніжэй за г. Кракаў, прыняўшы шэраг прытокаў з Карпат, становіцца мнагаводнай (шырыня русла каля ўпадзення Дунайца 200 м, ніжэй Сана 600—1000 м). У сярэднім і ніжнім цячэнні — тыповая раўнінная рака, цячэ па шырокай, месцамі тэрасаванай даліне. Рэчышча на значным працягу звілістае, месцамі падзяляецца на рукавы і пратокі, характарызуецца няўстойлівасцю, шматлікімі мелямі і перакатамі. Ад г. Торунь берагі штучна замацаваныя ад размываў. За 50 км ад мора Вісла падзяляецца на рукавы (Ногат, Мёртвая Вісла і інш.), утвараючы вялізную дэльту (Жулавы). Частка дэльты, якая ляжыць ніжэй узр. м., засцерагаецца дамбамі. Жыўленне мяшанае. Разліў вясной ад раставання снегу, летнія паводкі ад дажджоў у Карпатах. Сярэднегадавы расход вады каля Варшавы 600 м³/с, у нізоўях — 1090 м³/с. Каля г. Улацлавак ГЭС. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Злучана прытокамі і каналамі з рэкамі Дняпро, Одра, Нёман. На Вісле — гарады Кракаў, Варшава, Плоцк, Улацлавак, Торунь, Тчэў, у дэльце — Гданьск. У 1918—26 і 1939 на рацэ дзейнічала Віслінская флатылія ВМФ Польшчы (базіравалася ў г. Торунь).
М.В.Лаўрыновіч.
т. 4, с. 195
«ВІ́СЛА»
(«Wisła»),
польскі краязнаўча-этнаграфічны ілюстраваны часопіс, орган польск. этналагічнага т-ва. Выдаваўся ў 1887—1905, 1916—17, 1922 у Варшаве. Рэдактары А.Грушэцкі, Я.Карловіч і інш. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, краязнаўстве, фалькларыстыцы, нар. медыцыне, мастацтвазнаўстве Польшчы, у т. л. асобных сац.-этнічных і этнагр. груп. Змяшчаў рэцэнзіі на народазнаўчыя даследаванні, інструкцыі для збіральнікаў нар. творчасці, артыкулы пра этнографаў, краязнаўцаў, фалькларыстаў. Публікаваў справаздачы пра з’езды гісторыкаў, фалькларыстаў, лекараў і інш., пра разнастайныя выстаўкі. Рабіў агляды рус., чэш., балг., укр., ням. і інш. этнагр., гіст. і краязнаўчых часопісаў. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі і краязнаўстве, фотаздымкі бел. нар. тыпаў, людзей у нац. строях, вясковых пабудоў на Беларусі і інш.
А.Ф.Літвіновіч.
т. 4, с. 196
ВІСЛАВУ́Х (Wysłouch) Ігнацій Баляслаў Людвігавіч
(22.11.1855, маёнтак Сохі, цяпер у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. — 13.9.1937),
польскі грамадскі дзеяч, публіцыст. У 1874—79 вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це. У 1879 арыштаваны за рэв. прапаганду сярод бел. і польскага студэнцтва. У 1880 адзін з кіраўнікоў Варшаўскай сацыял рэв. арг-цыі. Распрацаваў яе тэарэт. аснову, склаў новую праграму, у т. л. па нац. пытанні. У лют. 1880 арыштаваны, на 3 гады зняволены ў турму. У 1884 выехаў у Галіцыю. У 1886—87 рэдактар львоўскага час. «Przegląd Społeczny» («Грамадскі агляд»), у 1889 заснаваў газ. «Przyjaciel Ludu» («Сябар народа»). У 1922—28 чл. польскага сената.
В.М.Чарапіца.
т. 4, с. 196
ВІСЛАВУ́Х Фелікс Аўгусцінавіч
(23.9.1833, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З 1856 вучыўся ў Маскоўскім, з 1858 у Кіеўскім ун-тах. У 1861 праходзіў вайск. падрыхтоўку ў польск. ваен. школе ў Італіі. Прыхільнік партыі «чырвоных». У пач. паўстання паводле загаду Літ. правінцыяльнага к-та на чале атрада вёў баявыя дзеянні ў Свянцянскім і Ашмянскім пав. 15.2.1863 яго атрад разбіты непадалёку ад мяст. Солы. З канца мая 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Трокскага пав., аб’ядноўваў дзеянні 3 атрадаў. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу супраць царскіх карнікаў на Віленшчыне, быў паранены. Паводле некат. звестак, у апошні перыяд паўстання кіраўнік паўстанцкіх узбр. сіл усёй Віленскай губ. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў. У 1869 жыў у Парыжы.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 196
ВІСЛАКРЫ́ЛЫЯ
(Megaloptera),
атрад насякомых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Жывуць каля вады, на прыбярэжнай расліннасці, лічынкі ў вадзе. На Беларусі найб. вядомая віслакрылка звычайная (Sialis lutaria).
Маларухомыя насякомыя цёмнага колеру. Маюць 2 пары аднатыпных перапончатых шырокіх крылаў (размах 2—4 см), якія ў спакоі стрэхападобна прыкрываюць брушка. Вусікі шчацінкападобныя, шматчленікавыя, вочы фасетачныя, буйныя. Вылет дарослых насякомых вясной або ў пач. лета. Яйцы адкладваюць на лісце водных раслін. Лічынкі жывуць у вадзе 2 гады, кормяцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі, акукліваюцца ў глебе; пажыва для рыб.
т. 4, с. 196
ВІСЛАПЛО́ДНІК
(Cremocarpium),
двухсямянка, плод сасудзістых раслін, відазмененая каробачка (схізакарпій). Характэрны для раслін сям. сельдэрэевых і некаторых араліевых. Складаецца з двух аднанасенных сухіх паўплодзікаў (мерыкарпіяў), якія не раскрываюцца. Развіваецца з двухгнездавой завязі, спелы распадаецца падоўжна на 2 палавінкі (адпавядаюць двум пладалісцікам завязі), якія вісяць на расшчэпленым напалам стрыжаньку (карпафоры), што прадаўжаецца ў пладаножку.
т. 4, с. 196
ВІ́СЛА-О́ДЭРСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск Сав. Арміі ў міжрэччы Віслы і Одэра 12 студз. — 3 лютага; састаўная частка стратэгічнага наступлення па завяршэнні разгрому ням.-фаш. войск у 2-ю сусв. вайну.
Удзельнічалі войскі 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў), 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) франтоў (1,5 млн. чал. у баявых часцях, больш за 37 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 7 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 5047 самалётаў), левы фланг 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і правы фланг 4-га Укр. (ген. арміі І.Я.Пятроў) франтоў, Чэхаславацкі корпус (ген.-л. Л.Свобада), 1-я армія Войска Польскага (ген.-л. С.Паплаўскі).
На Варшаўска-Берлінскім напрамку герм. камандаванне стварыла 7 абарончых рубяжоў глыбінёй да 600 км, сканцэнтравала групу армій «А» (ген.-палк. І.Гарпе), з 26 студз. «Цэнтр» (ген.-палк. Ф.Шорнер). Варожая групоўка з 3 армій (28 дывізій і 2 брыгады) налічвала каля 400 тыс. чал., 4103 гарматы, 1136 танкаў, 270 самалётаў.
Наступленне сав. войск планавалася на 20 студз. У сувязі з прарывам ням.-фаш. арміяй фронту ў Ардэнах (гл. Ардэнская аперацыя 1944—45) 1-ы Укр. фронт пачаў наступаць 12 студз. з Сандамірскага плацдарма на г. Брэслаў (Вроцлаў). 17 студз. вызвалена Варшава, 19 студз. — Кракаў. 1-ы Бел. фронт прарваў пазнанскі рубеж абароны і да 25 студз. выйшаў да б. герм.-польск. граніцы. 1-ы Укр. фронт 20—23 студз. ўступіў на тэр. Германіі і 25 студз. выйшаў да Одэра. Сав. войскі авалодалі Сілезскім прамысл. раёнам, акружылі варожыя групоўкі ў Познані, Шнайдэмюлі (Піла) і ўсім фронтам выйшлі да Одэра. У ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі сав. войскамі вызвалена Польшча, значная ч. Чэхаславакіі; знішчана 35 дывізій ворага, а 25 дывізій страцілі ад 50 да 70% асабовага складу, узята ў палон каля 150 тыс. чалавек.
т. 4, с. 196
ВІ́СЛІНСКІ ЗАЛІ́Ў,
заліў у паўд. частцы Балтыйскага м., каля берагоў Польшчы. Разам з Калінінградскім залівам мае даўж. каля 90 км, шыр. 2—25 км, глыб. 3—5 м. Аддзелены ад мора Балтыйскай касой даўж. 60 км, на Пн злучаецца пралівам з Гданьскім залівам.
т. 4, с. 196
ВІ́СЛІЦА,
рака ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток Бобрыка 1-га (бас. Прыпяці). Даўж. 41,8 км. Пл. вадазбору 543 км². Пачынаецца асушальнай канавай за 2 км на Пд ад в. Рэчкі, цячэ па зах. частцы нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі — каналы Ліпнікі і Дабраслаўка (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, паміж в. Юзафін і в. Новы Двор трапецападобная, шыр. 1—3 км. Пойма двухбаковая, шыр. 300—700 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае (шыр. да 4 м, ніжэй в. Новы Двор да 20 м), абвалавана дамбамі.
т. 4, с. 196