ВІ́СЛА
(Wisła),
самая вялікая рака Польшчы. Даўж. 1068 км, пл. бас. 198,5 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Карпатах, упадае ў Гданьскі і Віслінскі залівы Балтыйскага м. Гал. прытокі: Дунаец, Віслока, Сан, Вепш, Буг (справа), Піліца, Брда (злева). У вярхоўях Віслы — бурны горны паток; ніжэй за г. Кракаў, прыняўшы шэраг прытокаў з Карпат, становіцца мнагаводнай (шырыня русла каля ўпадзення Дунайца 200 м, ніжэй Сана 600—1000 м). У сярэднім і ніжнім цячэнні — тыповая раўнінная рака, цячэ па шырокай, месцамі тэрасаванай даліне. Рэчышча на значным працягу звілістае, месцамі падзяляецца на рукавы і пратокі, характарызуецца няўстойлівасцю, шматлікімі мелямі і перакатамі. Ад г. Торунь берагі штучна замацаваныя ад размываў. За 50 км ад мора Вісла падзяляецца на рукавы (Ногат, Мёртвая Вісла і інш.), утвараючы вялізную дэльту (Жулавы). Частка дэльты, якая ляжыць ніжэй узр. м., засцерагаецца дамбамі. Жыўленне мяшанае. Разліў вясной ад раставання снегу, летнія паводкі ад дажджоў у Карпатах. Сярэднегадавы расход вады каля Варшавы 600 м³/с, у нізоўях — 1090 м³/с. Каля г. Улацлавак ГЭС. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Злучана прытокамі і каналамі з рэкамі Дняпро, Одра, Нёман. На Вісле — гарады Кракаў, Варшава, Плоцк, Улацлавак, Торунь, Тчэў, у дэльце — Гданьск. У 1918—26 і 1939 на рацэ дзейнічала Віслінская флатылія ВМФ Польшчы (базіравалася ў г. Торунь).
М. В.Лаўрыновіч.
т. 4, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)