ВІСЛАВУ́Х Фелікс Аўгусцінавіч
(23.9.1833, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З 1856 вучыўся ў Маскоўскім, з 1858 у Кіеўскім ун-тах. У 1861 праходзіў вайск. падрыхтоўку ў польск. ваен. школе ў Італіі. Прыхільнік партыі «чырвоных». У пач. паўстання паводле загаду Літ. правінцыяльнага к-та на чале атрада вёў баявыя дзеянні ў Свянцянскім і Ашмянскім пав. 15.2.1863 яго атрад разбіты непадалёку ад мяст. Солы. З канца мая 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Трокскага пав., аб’ядноўваў дзеянні 3 атрадаў. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу супраць царскіх карнікаў на Віленшчыне, быў паранены. Паводле некат. звестак, у апошні перыяд паўстання кіраўнік паўстанцкіх узбр. сіл усёй Віленскай губ. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў. У 1869 жыў у Парыжы.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)