Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭНДЭНЦЫ́ЙНАСЦЬ (ад тэндэнцыя) у мастацтве, ідэйная, сац.-паліт. накіраванасць маст. твораў; выяўленне ў маст. творчасці сац.-паліт., ідэйна-эстэт. пазіцый творцы. Цесна звязана з ідэйнасцю ў мастацтве, якая раскрывае прыхільнасць аўтара да пэўных сац. па змесце ідэй і каштоўнасных арыентацый. Як катэгорыя Т. атрымала метадалагічнае абгрунтаванне ў марксісцкай эстэтыцы, дзе яна трактавалася як аб’ектыўная заканамернасць маст. творчасці; найвышэйшай формай выяўлення Т. абвяшчалася партыйнасць — адлюстраванне ў маст.-вобразнай форме карэнных інтарэсаў прагрэсіўнага класа. З канца 20 ст. ў эстэтыцы і маст. крытыцы Т. разглядаецца як выяўленне ўплыву соцыуму на маст. творчасць. Калі гэты ўплыў не мае арган. сувязі з сістэмай і логікай развіцця маст. вобразаў, ён зніжае ўзровень мастацтва, прыводзіць да прэваліравання ідэалагічнага і маралізатарскага пачаткаў над маст. каштоўнасцю твора.

В.​А.​Салееў.

т. 16, с. 127

ТЭНДЭ́НЦЫЯ (сярэднелац. tendentia накіраванасць),

накіраванасць развіцця пэўнай з’явы ці працэсу. У развіцці адной і той жа з’явы могуць назірацца розныя і нават процілеглыя Т. Развіццё падобных ці роднасных па паходжанні сістэм характарызуецца наяўнасцю падобных Т. Адрозніваюць Т.: лінейныя, пры якіх узровень змен мае пастаянны характар і ў графічным выглядзе ўтварае прамую лінію; нелінейныя, калі інтэнсіўнасць змен не пастаянная на розных этапах развіцця; рацыянальныя, якія выяўлены шляхам навук. аналізу, маюць лагічнае і тэарэт. абгрунтаванне; эмпірычныя, якія выяўлены на аснове эмпірычных звестак, але не атрымалі тэарэт. тлумачэння. Вылучэнне гал. Т. развіцця — адзін з найважнейшых элементаў навук. аналізу працэсаў у прыродзе і грамадстве. Да сац. Т. адносяць паступовыя і ўстойлівыя змены ў сац. сістэме, слоі ці групе (напр., змена памеру сям’і, скарачэнне ці павелічэнне нараджальнасці і інш.). У сац.-паліт. і духоўна-культ. працэсах Т. звязана з паслядоўным правядзеннем індывідам ці сац. групай пэўнай ідэі, што часам прыводзіць да з’яўлення тэндэнцыйнага ў культуры і палітыцы — перадузятага ажыццяўлення пэўных ідэй без уліку сац. абставін і грамадскай думкі.

В.​А.​Салееў.

т. 16, с. 127

ТЭ́НДЭР (англ. tender ад tend абслугоўваць),

1) марское ветразевае аднамачтавае судна з касымі ветразямі. Адзін з відаў яхт. Мае 2—3 пярэднія трохвугольныя ветразі — кліверы. У ветразевым ваен. флоце — самы малы карабель.

2) Міжнар. таргі, пры якіх конкурс для прадаўца аб’яўляе пакупнік, а таксама ўстанаўлівае тэхн. і эканам. характарыстыкі тавару.

3) Прычапная частка паравоза для захоўвання запасу вады, паліва і размяшчэння дапаможных прыстасаванняў.

т. 16, с. 127

«ТЭНЕ́КА ІНК.»

(Tenneco Inc.),

адна з буйнейшых шматпрофільных карпарацый ЗША. У розныя гады вытв-сць уключала буд-ва ваенна-марскіх суднаў, у т. л. атамных падлодак, авіяносцаў; запраўку атамных караблёў ядзерным палівам; рамонт і аднаўленне ўсіх тыпаў суднаў; буд-ва вял. грузавых суднаў, ядзернага абсталявання, абсталявання для ГЭС; разведку, здабычу і ачыстку нафты і газу; буд-ва газаправодаў; выпуск с.-г. і дарожна-трансп. машын і абсталявання, кампанентаў грузавых і легкавых аўтамабіляў, буд. канструкцый, інструментаў, нафтапрадуктаў, хім. і с.-г. прадукцыі, упаковачных матэрыялаў; страхавыя аперацыі і інш.

Утворана ў 1943 пад назвай «Тэнесі гэс энд трансмішэн»; у 1961 набыла кампанію «Бей петролеум» і змяніла назву на «Тэнека ойл». З 1966 сучасная назва. У 1999 «Т.і.» падзялілася на кампаніі «Пектыў карпарэйшэн» (упаковачныя матэрыялы, дысплеі, маніторы і інш.) і «Тэнека атаматыў інк.» (дэталі для аўтамабіляў: эл. абсталяванне, амартызатары, глушыцелі і інш.), якія маюць шматлікія даччыныя кампаніі. Штаб-кватэра іх у г. Лейк-Форэст. У вытв-сці занята 23,2 тыс. чал. (1999).

М.​Б.​Жукава.

т. 16, с. 127

ТЭНЕРЫ́ФЕ (Tenerife),

вулканічны востраў у Атлантычным ак., у групе Канарскіх астравоў; тэр. Іспаніі. Пл. 1946 км². Выш. да 3718 м (дзеючы вулкан Тэйдэ). Клімат трапічны, пасатны. Вечназялёныя хмызнякі і лясы. Трапічнае земляробства (бананы, цытрусавыя, тытунь, вінаград і інш.). Рыбалоўства. Гал. горад і марскі порт — Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе. Нац. парк Тэйдэ. Кліматычныя курорты.

т. 16, с. 127

ТЭНЕСІ́ (Tennessee),

рака на У ЗША, левы прыток р. Агайо (бас. р. Місісіпі). Утвараецца ад сутокаў рэк Холстан і Фрэнч-Брод, якія сцякаюць з зах. схілаў Апалачаў. Даўж. 1050 км (ад вытоку р. Холстан 1470 км), пл. бас. 104 тыс. км². Разводдзе ў канцы зімы і вясной, нізкая межань летам. Сярэдні расход вады ў вусці 1800 м³/с. Сцёк Т. амаль поўнасцю зарэгуляваны сістэмай вадасховішчаў (найб. — Кентукі). Комплекс ГЭС, ЦЭС, АЭС. Суднаходная ад вытокаў дзякуючы абвадным каналам і шлюзам. На Т. — гарады Ноксвіл, Чатануга, Флорэнс.

т. 16, с. 127

ТЭНЕСІ́ (Tennessee),

штат на Пд ЗША. Пл. 109,4 тыс. км². Нас. 5483,5 тыс. чал. (2000). Адм. ц. — г. Нашвіл. Вял. гарады і прамысл. цэнтры — Мемфіс, Ноксвіл, Чатануга. Усх. ч. штата займаюць Апалачскія горы, на З — нізіна р. Місісіпі, паміж імі ўзгорыстае плато Камберленд. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. каля 4 °C, ліп. каля 25 °C. Ападкаў 1100—1200 мм за год. Гал. рэкі Тэнесі і Камберленд. На схілах гор — лісцевыя лясы (дуб, гікоры, цёмная таполя і інш.). Нац. парк Грэйт-Смокі-Маўнтынс Індустр.-агр. штат. У даліне р. Тэнесі комплекс электрастанцый (ГЭС, ЦЭС і АЭС). Вядучыя галіны прам-сці: хім. (вытв-сць угнаенняў, карбіду кальцыю, азотных злучэнняў, штучных валокнаў, выбуховых рэчываў і інш.), атамная. каляровая металургія, маш.-буд. (эл./v-abbr>-тэхн./v-abbr>, с.-г. машыны, аўтамабілі), дрэваапр., тэкст., харч., паліграф. і інш. У горназдабыўной прам-сці — здабыча кам. вугалю, фасфарытаў, цынку, медзі, мармуру. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта жывёлагадоўля, асабліва буйн. раг. жывёлы і свіней Гал. таварныя культуры — тытунь і соя, вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, бавоўнік, кармавыя травы. Садоўніцтва Турызм. Транспарт аўтамаб., чыгуначны. Суднаходства па рэках Місісіпі і Тэнесі.

т. 16, с. 127

ТЭНЗАДА́ТЧЫК (ад лац. tensus напружаны, нацягнуты + датчык),

вымяральны пераўтваральнік дэфармацыі цвёрдага цела, выкліканай мех. напружаннямі, у сігнал (звычайна электрычны), прызначаны для далейшай перадачы, пераўтварэння і рэгістрацыі. Выкарыстоўваецца для вымярэння мех. напружанняў, дэфармацый цвёрдага цела і інш. Найб. пашыраны Т. супраціўлення на аснове тэнзарэзістараў.

т. 16, с. 128

ТЭ́НЗАР (ад лац. tensus напружаны, нацягнуты),

матэматычны аб’ект, які абагульняе паняцці скаляра, вектара і матрыцы. Тэрмін з’явіўся ў механіцы ў сярэдзіне 19 ст. пры апісанні пругкіх дэфармацый цел. У кожнай сістэме каардынат задаецца пэўнай сукупнасцю лікаў (кампанентаў), якія ўзяты ў пэўным парадку і змяняюцца паводле спец. законаў пры пераходзе ад адной сістэмы каардынат да другой. Напр., у 3-мернай прасторы Т. задаецца 3​r лікамі, дзе лік r — ранг Т. Аперацыі над Т. вывучае тэнзарная алгебра (гл. Тэнзарнае злічэнне).

т. 16, с. 128

ТЭ́НЗАРНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае тэнзары сродкамі лінейнай алгебры і матэм. аналізу; развіццё і абагульненне вектарнага злічэння і тэорыі матрыц. Падзяляецца на тэнзарную алгебру (вывучае аперацыі над тэнзарамі) і тэнзарны аналіз (вывучае тэнзарныя палі — сукупнасці тэнзараў аднаго і таго ж тыпу, зададзеных у кожным пункце прасторы).

Першапачатковыя ідэі Т.з. з’явіліся ў К.Гаўса і Б.Рымана ў сувязі з задачамі дыферэнцыяльнай геаметрыі. Як навука Т.з. аформілася ў працах італьян. матэматыкаў Г.​Рычы-Курбастра і Т.​Леві-Чывіта. Найб. інтэнсіўна развіваецца са з’яўленнем адноснасці тэорыі. Выкарыстоўваецца ў розных раздзелах матэматыкі, у механіцы, электрадынаміцы, тэарэт. фізіцы.

Літ.:

Кочин Н.Е. Векторное исчисление и начала тензорного исчисления. 9 изд. М., 1965;

Рашевский П.К. Риманова геометрия и тензорный анализ. 3 изд. М., 1967;

Акивис М.А., Гольдберг В.В. Тензорное исчисление. 2 изд. М., 1972;

Мантуров О.В. Элементы тензорного исчисления. М., 1991.

А.​С.​Фядэнка.

т. 16, с. 128