ВІСЕ́НТЭ-ЛО́ПЕС
(Vicente López),
горад у Аргенціне ў складзе Вялікага Буэнас-Айрэса. 289,1 тыс. ж. (1991). Тэкст., хім., маш.-буд., цэм., буд. матэрыялаў, кінематаграфічная прам-сць. Ун-т.
т. 4, с. 194
ВІСКАЗІ́МЕТР
(ад віскоза + ...метр),
прылада для вымярэння вязкасці вадкасцей і газаў. Бываюць капілярныя (найб. пашыраныя; вызначаецца час працякання зададзенага аб’ёму вадкасці праз капіляр), ратацыйныя (вымяраецца вярчальны момант або вуглавая скорасць аднаго з сувосевых цел, паміж якімі знаходзіцца даследаваная вадкасць або газ), шарыкавыя (вымяраецца час падзення шарыка паміж 2 меткамі) і ультрагукавыя (вымяраецца скорасць затухання ваганняў у даследаванай вадкасці). Выкарыстоўваецца для вымярэння вязкасці пры розных т-рах металаў, буд. матэрыялаў, хім. і харч. прадуктаў і інш. Гл. таксама Вісказіметрыя.
т. 4, с. 194
ВІСКАЗІМЕ́ТРЫЯ,
сукупнасць метадаў вымярэння вязкасці. Існуе шмат метадаў і вісказіметраў розных канструкцый для вымярэння вязкасці, што абумоўлена шырокім дыяпазонам значэнняў вязкасці (ад 10-5 Па·с у газаў да 1012 Па·с у палімераў) і неабходнасцю яе вымярэння пры нізкіх ці высокіх т-рах і цісках (напр., звадкаваныя газы, расплавы металаў).
Эксперыментальна вязкасць вызначаюць абс. ці адноснымі метадамі. Абс. метадамі вымяраюць датычнае напружанне τ, скорасць зруху γ̇ пры цячэнні даследавальнага рэчыва і вызначаюць вязкасць η = τ/γ̇. Пры вымярэнні адноснымі метадамі карыстаюцца вісказіметрамі, пракалібраванымі па вадкасцях (газах) з вядомай вязкасцю. М.-Р.Пракапчук.
т. 4, с. 194
ВІ́СКІ
(англ. whiskey, whisky),
моцны (40—50% спірту па аб’ёме) алкагольны напітак. Атрымліваюць перагонкай зброджанага сусла, прыгатаванага са збожжавай сыравіны. Віскі купажыруюць — змешваюць з дыстыляванай вадою, рэктыфікаваным спіртам, віном, экстрактамі пахучых рэчываў і інш.
т. 4, с. 195
ВІСКО́ЗА
(ад позналац. viskosus вязкі),
канцэнтраваны раствор ксантагенату цэлюлозы ў разбаўленым водным растворы гідраксіду натрыю. Вязкая празрыстая вадкасць аранжавага колеру, састаў якой (% па масе): 6,5—9% ксантагенату цэлюлозы, 6,5—7,5% гідраксіду натрыю NaOH, вада і невял. колькасць (0,01—0,02%) прымесей. Атрымліваюць віскозу з драўніннай цэлюлозы. Асн. стадыі вытв-сці: апрацоўка цэлюлозы 18—20%-ным растворам NaOH (мерсерызацыя) і ўзаемадзеянне шчолачнай цэлюлозы з серавугляродам CS2 (атрыманне ксантагенату). Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскознага валакна, плёнкі (цэлафан), штучнай скуры (кірза).
Літ.:
Роговин З.А., Гальбрайх Л.С. Химические превращения и модификация целлюлозы. 2 изд. М., 1979.
М.Р.Пракапчук.
т. 4, с. 195
ВІСКО́ЗНАЕ ВАЛАКНО́,
штучнае валакно, якое атрымліваюць з віскозы. Гіграскапічнае, лёгка афарбоўваецца, мае параўнальна нізкую трываласць і зносаўстойлівасць.
Складаецца з гідратцэлюлозы. Віскознае валакно фармуюць «мокрым» спосабам: для асаджэння выкарыстоўваюць водны раствор сернай к-ты, сульфатаў натрыю і цынку. Вырабляюць у выглядзе неперарыўных ніцей (тэкстыльныя і тэхн., пераважна корд) і штапельных валокнаў звычайнай трываласці і мадыфікаваных высокатрывалых (гл. Палінознае валакно).
Выкарыстоўваюць у сумесі з натуральнымі і сінт. валокнамі для вырабу адзежных тканін, трыкатажу. Прамысл. вытв-сць віскознага валакна пачалі у Вялікабрытаніі (1905). У Беларусі вырабляюць віскозны шоўк і штапель (Магілёўскае ВА «Хімвалакно»), віскозныя ніткі, тэкст. і кордавую тканіну (Светлагорскае ВА «Хімвалакно»).
Літ.:
Серков А.Т. Производство вискозных штапельных волокон. М., 1986.
М.Р.Пракапчук.
т. 4, с. 195
ВІСКО́НСІН
(Wiskonsin),
штат на Пн ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўночна-Усходняга цэнтра. На Пн прымыкае да воз. Верхняе, на У — да воз. Мічыган, на З абмываецца р. Місісіпі. Пл. 140,7 тыс. км², нас. 5038 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — Мадысан, найб. горад і прамысл. ц. — Мілуокі. Гар. насельніцтва 65,7%.
Пераважае раўнінная паверхня, на Пн марэнныя грады. Больш за 14 тыс. азёр. Клімат блізкі да кантынентальнага. Доўгая халодная зіма і цёплае лета. Сярэдняя т-ра студз. каля -10 °C, ліп. каля 20 °C. За год выпадае 760 мм ападкаў. Пад хваёва-шыракалістымі лясамі 45% тэр. Вісконсін — індустрыяльна-аграрны штат. На ўзбярэжжы воз. Мічыган значны індустрыяльны пояс. Гал. віды прадукцыі апрацоўчай прам-сці: разнастайнае прамысл. абсталяванне, с.-г. тэхніка, аўтамабілі, станкі, эл.-тэхн. вырабы, прадукты харчавання, мэбля, папера, цэлюлоза. Здабыча буд. матэрыялаў. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля малочнага кірунку (вядучы штат па вытв-сці малака і сыру), развіта свінагадоўля. Гал. с.-г. культуры: гарох, кукуруза, сеяныя травы, соя, бульба, журавіны. Развіты аўтамаб. і чыгуначны транспарт, на Вялікіх азёрах — суднаходства. Турызм.
М.С.Вайтовіч.
т. 4, с. 195
ВІСКО́НЦІ
(Viskonti),
знатны род ламбардскіх (італьян.) феадалаў. Вядомы з канца 10 ст. У 1277—1447 тыраны Мілана. Атон (каля 1207—95), з 1262 архіепіскап Мілана, з 1277 уладар горада. У 13 ст. Вісконці далучылі да сваіх уладанняў П’ячэнцу, Бергама, Крэмону, Верчэлі, Брэшыю, Парму, на кароткі час Балонню (1350—54) і Геную (1353—56). Джан Галеаца (1351—1402), герцаг Мілана (з 1395) і Ламбардыі (з 1397), яго ўладанні ахоплівалі значную частку Паўн. Італіі. Пры Джавані Марыя [1402—12] б.ч. заваяваных тэр. была страчана. Філіпа Марыя [1412—47] у працяглых войнах з Венецыяй і Фларэнцыяй часткова аднавіў тэр. Міланскага герцагства. З 1447 дынастыя Вісконці перастала існаваць.
т. 4, с. 195
ВІСКО́НЦІ (Viskonti) Лукіна
(сапр. Вісконці ды Мадроне; 2.11.1906, г. Мілан, Італія — 17.3.1976),
італьянскі рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму ў італьян. кіно. Распад сямейных, грамадскіх адносін, чалавек і яго час, мастак і культура, гібель прыгажосці і мастацтва ў сучасным свеце — гал. тэмы фільмаў Вісконці, адметных вытанчанай пластычнай культурай: «Рока і яго браты» (1960), «Леапард» (1962), «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы» (1965), «Гібель багоў» (1969), «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974), «Бязвінны» (1976). Шэраг фільмаў Вісконці атрымаў прэміі міжнар. кінафестываляў. З 1945 ставіў спектаклі ў драм. і муз. т-рах (п’есы У.Шэкспіра, Т.Уільямса, Ж.Ануя, А.Мілера, А.Чэхава, оперы Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Р.Штрауса).
Літ.:
Шитова В.В. Лукино Висконти. М., 1965.
т. 4, с. 195
ВІСКО́ЎСКІ Станіслаў Іванавіч
(12.2.1839, Варшава — ?),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. З 1858 вучыўся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це, адзін з кіраўнікоў рэв. студэнцтва. У жн. 1861 удзельнічаў у с.-г. з’ездзе ў Горках. З сак. 1863 паўстанцкі начальнік г. Горкі. У ноч на 6.5.1863 паўстанцы на чале з Л.М.Звяждоўскім і Віскоўскім захапілі Горкі. Удзельнічаў у баявых дзеяннях Горацкага паўстанцкага атрада. Пераканаўшыся ў бесперспектыўнасці ўзбр. паўстання, склаў зброю. У час следства знаходзіўся ў Магілёве і Вільні. Смяротны прыгавор заменены 12-гадовай катаргай у Сібіры. У канцы 1870-х г. жыў у Іркуцку.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 195