ВІСКО́НЦІ
(Viskonti),
знатны род ламбардскіх (італьян.) феадалаў. Вядомы з канца 10 ст. У 1277—1447 тыраны Мілана. Атон (каля 1207—95), з 1262 архіепіскап Мілана, з 1277 уладар горада. У 13 ст. Вісконці далучылі да сваіх уладанняў П’ячэнцу, Бергама, Крэмону, Верчэлі, Брэшыю, Парму, на кароткі час Балонню (1350—54) і Геную (1353—56). Джан Галеаца (1351—1402), герцаг Мілана (з 1395) і Ламбардыі (з 1397), яго ўладанні ахоплівалі значную частку Паўн. Італіі. Пры Джавані Марыя [1402—12] б.ч. заваяваных тэр. была страчана. Філіпа Марыя [1412—47] у працяглых войнах з Венецыяй і Фларэнцыяй часткова аднавіў тэр. Міланскага герцагства. З 1447 дынастыя Вісконці перастала існаваць.
т. 4, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)