ТЭМП МАЎЛЕ́ННЯ,
хуткасць, з якой вымаўляюцца элементы выказвання (гукі, склады, словы, сінтагмы і інш.). Вымяраецца колькасцю элементаў за адзінку часу або іх сярэдняй працягласцю. Служыць адным з фактараў утварэння інтанацыі (пры адмысловым паскарэнні або запавольванні хуткасці вымаўлення пэўнай ч. выказвання) і можа служыць семантычным сігналам. На Т.м. ўплываюць змест паведамлення, стыль маўлення, сітуацыя зносін, індывід. асаблівасці таго, хто гаворыць (псіхічны стан, тэмперамент, сац. ролі, мэта выказвання і інш.).
Літ.:
Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.
А.Я.Міхневіч.
т. 16, с. 124
ТЭМУ́КА (Temuco),
горад у цэнтр. ч. Чылі, на р. Каўтын. Адм. ц. вобл. Араўканія. Засн. ў 1881. Больш за 250 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. ц. с.-г. раёна (збожжавыя, бульба, садоўніцтва, жывёлагадоўля). Прам-сць: дрэваапр., харчовая. Рамесніцкая вытв-сць сярэбраных упрыгожанняў, шарсцяных коўдраў і інш. Гісторыка-этнагр. музей індзейцаў-араўканаў.
т. 16, с. 126
ТЭН (Taine) Іпаліт Адольф (21.4.1828, г. Вузье, Францыя — 5.3.1893),
французскі філосаф, сацыёлаг мастацтва, гісторык. Родапачынальнік эстэт. тэорыі натуралізму, заснавальнік культурна-гістарычнай школы ў літаратуразнаўстве. Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1848—51). Чл. Франц. акадэміі (1878). Асн. творы: «Крытычныя спробы» (1858), эцюды пра А.Бальзака (1858) і Стэндаля (1864), «Гісторыя англійскай літаратуры» (т. 1—4, 1863—64), «Філасофія мастацтва» (1865—69). Аўтар кніг нарысаў «Пірэнейскае падарожжа» (1855), «Падарожжа па Італіі» (1866), «Нарысы сучаснай Англіі» (1871) і інш. У гіст. працы «Паходжанне сучаснай Францыі» (т. 1—6, 1876—94) крытыкаваў Франц. рэвалюцыю канца 18 ст., якабінскую дыктатуру.
т. 16, с. 126
ТЭ́НАР (ад лац. tenor раўнамерны рух, напружанне голасу),
1) высокі мужчынскі голас. Асн. віды Т.: лірычны (Ленскі ў оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), драм. (Каварадосі ў оперы «Тоска» Дж.Пучыні, Атэла ў оперы «Атэла» Дж.Вердзі), характарны (Юродзівы ў оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага).
2) Партыя ў хоры паміж басам і альтам.
3) Назва меднага шырокамензурнага духавога інструмента авальнай формы з сям’і саксгорнаў, а таксама віды некаторых муз. інструментаў, звычайна сярэдняга рэгістра (саксафон, домра і інш.).
4) У сярэдневяковай шматгалосай музыцы — назва муз. партыі, якой даручалася выкананне вядучай мелодыі (cantus firmus).
т. 16, с. 126
ТЭНАЧТЫТЛА́Н (Tenochtitlán),
горад у даліне Мехіка, сталіца дзяржавы ацтэкаў у 14 — пач. 16 ст. Паводле падання, засн. ў 1325 на востраве воз. Тэскока. Горад (пл. каля 7,5 км²) быў перарэзаны шматлікімі каналамі і злучаўся з мацерыком 3 дамбамі з пад’ёмнымі мастамі. Быў падзелены на 4 раёны, а кожны раён — на 5 кварталаў. У цэнтры Т. размяшчаліся манум. храмы (галоўны — выш. 30 м), палацы правіцеляў і знаці. Рамеснікі жылі ў асобным паселішчы Амантлан. У час ісп. заваявання Мексікі Т. разбураны (1521), на яго месцы засн. г. Мехіка.
т. 16, с. 126
ТЭНГІ́З, Дэнгіз,
горка-салёнае возера ў Казахстане, у паўн. частцы Казахскага драбнасопачніка. Размешчана ў тэктанічнай Тэнгіз-Кургальджынскай упадзіне. Пл. 1590 км², даўж. 75 км, шыр. 40 км, глыб. да 8 м. Берагі пераважна нізінныя, усх. бераг моцна парэзаны; некалькі астравоў. На ПнУ — мелкаводны заліў. Дно роўнае, месцамі ўкрыта чорным ілам. У асобныя гады значная ч. возера перасыхае. У вадзе ёсць мірабіліт (салёнасць 3—12‰). Ледастаў у снеж.—красавіку. Упадае р. Нура.
т. 16, с. 127
ТЭНДАВАГІНІ́Т (ад позналац. tendo сухажылле + vagina похва),
запаленне сухажыльных похваў. Адрозніваюць востры і хранічны, інфекц. (у выніку пранікнення гнаяроднай мікрафлоры і інш.) і асептычны (пры траўматызацыі і перанапружанні похваў сухажылляў і тканак, якія іх абкружаюць). Часцей Т. бывае на кісцях рук, перадплеччах, голені галёнкі*. Прыкметы: прыпухласць па ходзе сухажылля, боль, хруст, абмежаванне рухаў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
т. 16, с. 127
ТЭНДЗІ́Н Г’ЯТСО́, Далай-лама 14-ы (н. 6.7.1935, в. Амдо, прав. Цынхай, Кітай), духоўны кіраўнік будыстаў-ламаістаў. У 1940 абвешчаны перараджэннем (рэінкарнацыяй) Далай-ламы 13-га. У 1950 афіцыйна прыняў сан далай-ламы і стаў духоўным і свецкім правіцелем Тыбета. Пасля ўступлення кіт. войск у Тыбет вымушаны ў 1951 прызнаць суверэнітэт Кітая над Тыбетам У 1954—59 дэп. Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, адначасова ў 1955—59 — старшыня падрыхтоўчага к-та па стварэнні Тыбецкага аўт. раёна. Пасля паўстання 1959 у Тыбеце эмігрыраваў у Індыю, дзе пасяліўся ў в. Дхарамсала. Выступае за незалежнасць Тыбета, але падтрымлівае выключна мірныя сродкі барацьбы. Нобелеўская прэмія міру 1989.
т. 16, с. 127
ТЭ́НДРАЎСКАЯ КАСА́, Тэндра,
нізінны пясчаны востраў каля паўн. ўзбярэжжа Чорнага м., на ПдУ ад г. Адэса; тэр. Украіны. Даўж. каля 65 км, шыр. да 1,8 км. 28—29.8.1790 каля Т.к. адбыўся марскі бой паміж рус. і тур. флатамі.
т. 16, с. 127