Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАСТО́ЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Мастоўскім, Шчучынскім і Зэльвенскім р-нах Гродзенскай вобл. Жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца з цёмна-сіняй даматканкі, кроеная з 6 кліноў або андарак з 4 прамавугольных полак (чырвона-малінавага колеру ў вузкія гарыз. разнаколерныя паскі), белы або цёмны фартух, аздоблены фальбонамі і карункамі, катанка (накшталт кофты) з белага ці шэрага валенага сукна, аблямаваная чорным аксамітам. Галаўныя ўборы жанчын — каптур, даматканая ці крамная хустка, упрыгожанні — каралі, стужкі, крыжыкі. Мужчынскае адзенне істотных мясц. адрозненняў ад іншых строяў Панямоння не мела. Вопраткай былі белая або шэрая світа, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. . Жанчыны ў верхнім адзенні (катанках). Вёска Катчыно Мастоўскага раёна. Пачатак 20 ст.

т. 10, с. 201

МАСТО́ЎСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў 1959 у г. Масты Гродзенскай вобл. на базе лесапільнага (1924) і фанернага (з 1927) з-даў. Складаўся з цэхаў: лушчыльнага, клеявога, сартавальнага, мяккай мэблі, лесапільнага; пабудаваны цэхі гнутаклееных дэталей (1961), драўнянастружкавых пліт (1972). З 1971 галаўное прадпрыемства Мастоўскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Мастоўдрэў», куды як філіялы ўваходзілі Мастоўская, Слонімская (вылучылася ў 1997) і Гродзенская (вылучылася ў 1993) мэблевыя ф-кі; з 1979 — Гродзенскі дрэваапр. камбінат (вылучыўся ў 1988), Гродзенскі леспрамгас (перайменаваны ў Мастоўскі леспрамгас), Смаргонскі лесазавод (ліквідаваны ў 1989). У 1994 аб’яднанне пераўтворана ў адкрытае акц. т-ва «Мастоўдрэў». Асн. прадукцыя (1999): фанера, драўнянастружкавыя пліты, драўняныя пліты з арыентаванай стружкай, піламатэрыялы; мэбля: корпусная, мяккая, кухні, спальні, крэслы; жывіца, шкіпінар, драўняны вугаль і інш.

т. 10, с. 201

МАСТРАЯ́НІ ((Mastroianni) Марчэла) (28.9.1924, Фантана-Ліры, Італія — 19.12.1996),

італьянскі акцёр. Пачынаў у 1947 як акцёр-аматар. Іграў ва Універсітэцкім т-ры ў Рыме, запрошаны ў трупу Л.Вісконці. З 1947 у кіно. У 1960—70-я г. здымаўся ў рэжысёраў Вісконці («Белыя ночы», «Старонні»), Ф.​Феліні («Салодкае жыццё», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1960; «Восем з паловай», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1963, прэмія «Оскар»), М.​Антаніёні («Ноч», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1961), В.​Дэ Сіка («Учора, сёння, заўтра», прэмія «Оскар» 1964; «Шлюб па-італьянску», «Сланечнікі», сав.-італьян.) і інш. Шматпланавы характарны акцёр з ярка выяўленым камедыйным талентам. У 1980—90-я г. вылучыўся выкананнем роляў у фільмах «Горад жанчын» і «Джынджэр і Фрэд» (абодва рэж. Феліні), «Вочы чорныя» (сав.-італьян., рэж. М.​Міхалкоў), «Тэраса» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1980), «Прыгожае каханне», «Гатовае адзенне» і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

М.Мастраяні.

т. 10, с. 201

МАСТУРБА́ЦЫЯ (новалац. masturbatio ад лац. manus рука + stupro апаганьваць),

ананізм, раздражненне ўласных эрагенных зон (часцей палавых органаў) з мэтай выклікання аргазму. Узнікае звычайна ў раннім і юнацкім узросце.

т. 10, с. 201

МАСТЫ́,

горад, цэнтр Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл., на р. Нёман пры ўпадзенні ў яе р. Зальвянка. За 60 км ад Гродна. Вузел чыгунак і аўтадарог на Гродна, Ліду, Ваўкавыск. 18,5 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаюцца ў Літоўскай метрыцы пад 1486 як мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав. [ а думку некат. даследчыкаў (А.​С.​Себасцьян, М.​Ф.​Спірыдонаў), у дакуменце мелася на ўвазе сучасная в. Правыя Масты, а ўласна М. ўзніклі ў пач. 20 ст.]. Пасля 1589 валасны цэнтр Гродзенскай эканоміі. У 17 ст. мястэчка атрымала некат. прывілеі паводле магдэбургскага права; праводзіліся 2 кірмашы штогод, значнае месца ў гандлі займаў лес (аж да 20 ст.), які сплаўлялі па Нёмане. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1897—2633 ж. Да 1907 злучаны чыгункамі з Гроднам, Лідай, Ваўкавыскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв., у 1927 засн. фанерны з-д Канапацкіх. З 1939 у БССР, з 1940 рабочы пасёлак, цэнтр Мастоўскага раёна. 25.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне 2681 чал. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1949 гар. пасёлак, з 1955 горад. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не. У 1970—11,6 тыс. ж.

Прадпрыемствы дрэваапр. (Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат), лёгкай і харч. прам-сці. Мастоўскі музей «Лес і чалавек». Брацкія магілы: сав. воінаў; сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял Айч. вайну.

Літ.:

Мараш Я.Н., Ковкель И.И., Себастьян А.С. Мосты: Ист.-экон. очерк. Мн., 1986.

І.​І.​Коўкель.

Да арт. Масты. Забудова ў цэнтры горада.

т. 10, с. 201

МАСТЫ́КА (Рыгор Сцяпанавіч) (21.11. 1912, в. Істоміна Віцебскага р-на — 12.1.1992),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1962), праф. (1963). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1939), працаваў у ім (у 1956—79 заг. кафедры). Навук. працы па рэакцыі арганізма с.-г. жывёл на траўму, рацыянальных метадах лячэння запаленчых працэсаў ран, аперацый у коней і буйн. раг. жывёлы, прафілактыцы траўматызму с.-г. жывёл.

Тв.:

Советы животноводу и ветспециалисту. Мн., 1965.

т. 10, с. 202

МАСТЫ́Т (ад грэч. mastos сасок, грудзі),

грудніца, гнойна-запаленчае захворванне малочнай залозы. У жанчын найчасцей бывае пасля родаў (лактацыйны) ад пападання інфекцыі (стафілакокі, стрэптакокі і інш.) праз трэшчыны саскоў. Узнікненню садзейнічаюць застой малака, ускладненыя роды, агульныя хваробы. Звычайна развіваецца з аднаго боку. Зрэдку хварэюць дзяўчаты і нават мужчыны; бывае таксама М. нованароджаных. Цячэнне вострае, т-ра 38—39 °C, боль, зацвярдзенне і значнае павелічэнне малочнай залозы. Без лячэння ў залозе ўтвараецца балючы інфільтрат (інфільтрацыйны М.), скура чырванее, павялічваюцца падпахавыя лімфавузлы. Бывае таксама флегманозны (нагнаенне інфільтрату) і гангрэнозны (амярцвенне тканак). Лячэнне вострай і інфільтратнай форм тэрапеўтычнае, флегманознай і гангрэнознай хірургічнае. У жывёл М. бывае ў самак млекакормячых, часцей у кароў і коз у першыя тыдні пасля ацёлу (акоту) і ў час запускання. Часцей працякае скрыта. Прыводзіць да зніжэння ці страты малочнай прадукцыйнасці, пагаршэння якасці малака.

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 202

МАСТЫХІ́Н (ад італьян. mestichino),

тонкая пругкая стальная (радзей з рогу) пласціна ў выглядзе лапаткі ці нажа. Выкарыстоўваецца ў алейным жывапісе для выдалення фарбаў з асобных участкаў палатна, нанясення грунту, дадатковага перацірання фарбаў, ачышчэння палітры. Часам М. наносяць фарбу роўным тонкім слоем або рэльефным мазком.

т. 10, с. 202

МАСУ́Л,

горад на Пн Ірака. Адм. ц. мухафазы Найнава. Пабудаваны ў 7 ст. арабамі на месцы стараж. крэпасці. Нас. 879 тыс. ж. (1998). Порт на правым беразе р. Тыгр. Трансп. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (у т. л. вытв-сць мусліну — ад назвы М.), харч., гарбарна-абутковая, нафтаперапр., металаапр., цэментная. У раёне М. здабыча нафты (Айн-Зала). Ун-т. Арх. помнікі 12—13 ст., у т. л. мячэць Джамі аль-Кабір (або ан-Нуры) і мінарэт (12 ст.). Мусульм. музей асірыйскага і парфянскага мастацтва. Паблізу М. руіны стараж. г. Ніневія.

т. 10, с. 202

МАСУМЯ́Н (Бэла Амікаўна) (н. 15.9.1937, г. Паўлаград Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працуе ў Нац. акад. драм. т-ры імя М.​Горкага. Выканаўца драм. і лірыка-драм. роляў. Творчую манеру М. вылучаюць эмацыянальнасць, схільнасць да рамант. афарбоўкі і псіхал. паглыбленасці вобразаў. Сярод лепшых роляў: Вера, Таццяна («Пад адным небам», «Толькі адно жыццё» А.​Маўзона), Вольга («Аб’ява ў вячэрняй газеце» А.​Паповай), Вара («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Мадлен Бежар («Мальер» М.​Булгакава), Людміла («Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава), Зоя («Фізікі-лірыкі» Я.​Волчака), Ніна, Наташа («Чалавек з боку», «Сам-насам з усімі» А.​Гельмана), Рыта Асяніна («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Марыя («Марыя» А.​Салынскага), Люся («Апошні тэрмін» паводле В.​Распуціна), Анвар («Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.​Айтматава і К.​Мухамеджанава), Аліса («Іграем Стрындберга» Ф.​Дзюрэнмата), Ніса («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Гітэль Моска («Двое на арэлях» У.​Гібсана), Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына), Маша («Тры сястры» А.​Чэхава), Джэні («Усё ў садзе» Э.​Олбі), Мэры Тайран («Доўгае падарожжа ў ноч» Ю.​О’Ніла), Этэль («На Залатым возеры» Э.​Томпсана), Ніна («Букееў і кампанія» М.​Горкага), Старая актрыса на ролю жонкі Дастаеўскага («Рулетка» Э.​Радзінскага) і інш.

т. 10, с. 202