МАСУМЯ́Н (Бэла Амікаўна) (н. 15.9.1937, г. Паўлаград Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працуе ў Нац. акад. драм. т-ры імя М.​Горкага. Выканаўца драм. і лірыка-драм. роляў. Творчую манеру М. вылучаюць эмацыянальнасць, схільнасць да рамант. афарбоўкі і псіхал. паглыбленасці вобразаў. Сярод лепшых роляў: Вера, Гаццяна («Пад адным небам», «Толькі адно жыццё» А.​Маўзона), Вольга («Аб’ява ў вячэрняй газеце» А.​Паповай), Вара («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Мадлен Бежар («Мальер» М.​Булгакава), Людміла («Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава), Зоя («Фізікі-лірыкі» Я.​Волчака), Ніна, Наташа («Чалавек з боку», «Сам-насам з усімі» А.​Гельмана), Рыта Асяніна («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Марыя («Марыя» А.​Салынскага), Люся («Апошні тэрмін» паводле В.​Распуціна), Анвар («Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.​Айтматава і К.​Мухамеджанава), Аліса («Іграем Стрындберга» Ф.​Дзюрэнмата), Ніса («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Гітэль Моска («Двое на арэлях» У.​Гібсана), Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына), Маша («Тры сястры» А.​Чэхава), Джэні («Усё ў садзе» Э.​Олбі), Мэры Тайран («Доўгае падарожжа ў ноч» Ю.​О’Ніла), Этэль («На Залатым возеры» Э.​Томпсана), Ніна («Букееў і кампанія» М.​Горкага), Старая актрыса на ролю жонкі Дастаеўскага («Рулетка» Э.​Радзінскага) і інш.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)