ВІНЫ́ (Vigny) Альфрэд Віктор дэ
(27.3.1797, г. Лош, Францыя — 17.9.1863),
французскі пісьменнік. Граф. Чл. Франц. акадэміі (1845). У 1814—27 служыў у каралеўскай арміі. Яго творчасць адна з вяршынь франц. рамантызму. Дэбютаваў як паэт у 1820. Аўтар зб-каў «Вершы» (1822), «Паэмы на старажытныя і новыя сюжэты» (1826). У рамане «Сен-Мар» (т. 1—2, 1826) адлюстраваў сутыкненне рамантычнай асобы з сац.-гіст. рэаліямі. Драмы Віны прысвечаны аналізу ключавых для яго творчасці антыномій — гісторыя і чалавек, які становіцца ахвярай яе паступовага руху («Жонка маршала д’Анкра», 1831), творчая асоба і грамадства («Чатэртон», 1835). У аповесці «Няволя і веліч салдата» (1835) раскрыў супярэчнасці паміж воінскім абавязкам і маральнымі прынцыпамі. Для яго сталай паэзіі характэрны трагічнае светаадчуванне (зб. «Лёсы», выд. 1864), гіст. і экзістэнцыяльны фаталізм, апяванне вернасці перакананням і мужнасці пад ударамі лёсу (паэма «Смерць ваўка», 1843, і інш.). Аўтар рамана «Дафна» (выд. 1913), «Дзённіка паэта» (выд. 1867).
Тв.:
Рус. пер. — Неволя и величие солдата. Л., 1968;
Избранное. М., 1987;
Сен-Мар, или Заговор во времена Людовика XIII;
Стелло, или «Синие дьяволы»: [Романы]. М., 1990.
Літ. Соколова Т.В. Философская поэзия А. де Виньи. Л., 1981.
К.М.Міхееў.
т. 4, с. 189
ВІНЬЕ́ТКА
(франц. vignette),
упрыгожанне ў кнізе або рукапісе; невял. малюнак або арнамент на пачатку (застаўка) ці ў канцы (канцоўка) тэксту.
т. 4, с. 188
ВІНЬЁ (Vigneaud) Вінсент Дзю
(18.5.1901, г. Чыкага, ЗША — 11.12.1978),
амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1944). Скончыў Ілінойскі ун-т (1923) і Мед. школу Рочэстэрскага ун-та (1927). З 1929 у Ілінойскім ун-це, з 1932 праф. ун-та Дж.Вашынгтона, у 1938—75 Корнелскага ун-та. Навук. працы па хіміі гармонаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Даследаваў хім. будову інсуліну і біяціну, устанавіў структуру і сінтэзаваў вазапрэсін, аксітацын, вітаміны групы В. Прапанаваў метады сінтэзу, ачысткі і вылучэння антыбіётыкаў. Нобелеўская прэмія 1955.
Літ.:
Волков В.А., Вонскнй Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 157.
т. 4, с. 188
ВІНЬЁЛА (Vignola; сапр. Бароцы, Barozzi) Джакама да (1.10.1507, г. Віньёла, Італія — 7.7.1573), італьянскі архітэктар позняга Адраджэння. Вучыўся ў Б.Перуцы і А. да Сангала Малодшага.
Асн. збудаванні Віньёлы ў Рыме: віла папы Юлія III (1550—55), першая авальная ў плане царква Сант-Андрэа (1555), царква гал. езуіцкага ордэна Іль Джэзу (пачата ў 1568; стала ўзорам для Нясвіжскага касцёла езуітаў), 2 малыя купалы на саборы св. Пятра (пачаты ў 1564); палац Фарнезе ў Капрароле каля Вітэрба (1558—73). Аўтар трактата «Правілы пяці ордэраў архітэктуры» (1562).
т. 4, с. 188
ВІ́НЬЯС ДО́РДАЛЬ (Viñas Dordal) Франсіска
(27.3.1863, г. Барселона, Іспанія — 13.7.1933),
іспанскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых вакалістаў канца 19 — пач. 20 ст. Вучыўся ў Барселонскай кансерваторыі. З 1888 спяваў у розных гарадах Італіі, у т. л. ў т-ры «Ла Скала». У 1893—97 саліст т-ра «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), выступаў у Парыжы, Лондане і інш. Сярод лепшых партый: Лаэнгрын, Тангейзер, Трыстан («Лаэнгрын», «Тангейзер», «Трыстан і Ізольда» Р.Вагнера), Радамес («Аіда» Дж.Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ).
У 1917 пакінуў сцэну. Выкладаў у Барселоне, дзе з 1963 штогод праводзіцца Міжнар. конкурс вакалістаў яго імя.
т. 4, с. 189
ВІ́НЬЯ-ДЭЛЬ-МАР
(Viña del Mar),
горад у Чылі, у агламерацыі Вальпараіса. Засн. ў 1874. 319,4 тыс. ж. (1993). Порт на Ціхім ак. Чыг. станцыя. Хім., тэкст., харч. прам-сць. Паблізу нафтаперапр. з-д, нафтасховішча, нафтавая гавань.
Цэнтр турызму. Адзін з буйнейшых у Лац. Амерыцы прыморскіх кліматычных курортаў. Мяккі субтрапічны клімат міжземнаморскага тыпу спрыяльны для лячэння многіх хвароб і паўнацэннага адпачынку, асабліва ў снеж.—лютым.
т. 4, с. 189
ВІО́ (Viau) Тэафіль дэ
(сак. або май 1590, Клерак, каля г. Ажэн, Францыя — 25.9.1626),
французскі паэт; прадстаўнік ліберцінажу (вальнадумства). Працаваў у жанрах санета, оды, эпіграмы, элегіі. Аўтар «Трактата пра бяссмерце душы», трагедыі «Пірам і Фісба» (1617, паст. 1625), вальнадумных і сатыр. вершаў, змешчаных у калектыўным зб-ку «Сатырычны Парнас» (1622), выданне якога стала падставай для ганенняў на паэта, арганізаваных езуітамі. У 1623 яму вынесены смяротны прыгавор, заменены ў 1625 пажыццёвай ссылкай. Ганенні і турма — прычына заўчаснай смерці Віо. У яго лірыцы па-барочнаму пераплецены вытанчанасць і метафарычнасць з канкрэтнасцю і рэалістычнасцю, экзальтаванасць з іранічнасцю. Віо ўпершыню ў франц. паэзіі змог перадаць паяднанне прыроды і душы чалавека. Лепшыя яго вершы прасякнуты духам унутр. свабоды, няскоранасці і адлюстроўваюць асабістую драму («Санет Тэафіля на яго выгнанне», «Ліст да брата», «Шыбеніца», «Стансы» і інш.).
Тв.:
Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;
[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.
Літ.:
Виппер Ю.Б. Французская литература первой трети XVII в. // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4
Г.В.Сініла.
т. 4, с. 189
ВІ́ПЕР Роберт Юр’евіч
(14.7.1859, Масква — 30.12.1954),
рускі гісторык. Акад. АН СССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе (1894—97), Маскоўскага ун-та (1897—1922, 1941—50), Латв. ун-та ў Рызе (1924—41), Маскоўскага ін-та філасофіі, л-ры і гісторыі (1941). З 1943 у Ін-це гісторыі АН СССР. Аўтар шматлікіх прац (у т. л. падручнікаў) па ўсеагульнай гісторыі ад антычнасці да пач. 20 ст., па метадалогіі гісторыі («Нарысы тэорыі гістарычнага пазнання», 1911, і інш.), па гісторыі хрысціянства («Узнікненне хрысціянскай літаратуры», 1946; «Рым і ранняе хрысціянства», 1954). У адзінай працы па рус. гісторыі «Іван Грозны» (1922) на сусв. фоне прааналізаваў падзеі ў Расіі 16 ст.
т. 4, с. 190
ВІПСА́НІЙ Агрыпа Марк, гл. Агрыпа Марк Віпсаній.
т. 4, с. 190
ВІР,
рака ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 81 км². Пачынаецца каля в. Савічы, цячэ праз азёры Плавун і Вяхава. У верхнім і сярэднім цячэнні часткова каналізаваная.
т. 4, с. 190