ВІО́

(Viau) Тэафіль дэ (сак. або май 1590, Клерак, каля г. Ажэн, Францыя — 25.9.1626),

французскі паэт; прадстаўнік ліберцінажу (вальнадумства). Працаваў у жанрах санета, оды, эпіграмы, элегіі. Аўтар «Трактата пра бяссмерце душы», трагедыі «Пірам і Фісба» (1617, паст. 1625), вальнадумных і сатыр. вершаў, змешчаных у калектыўным зб-ку «Сатырычны Парнас» (1622), выданне якога стала падставай для ганенняў на паэта, арганізаваных езуітамі. У 1623 яму вынесены смяротны прыгавор, заменены ў 1625 пажыццёвай ссылкай. Ганенні і турма — прычына заўчаснай смерці Віо. У яго лірыцы па-барочнаму пераплецены вытанчанасць і метафарычнасць з канкрэтнасцю і рэалістычнасцю, экзальтаванасць з іранічнасцю. Віо ўпершыню ў франц. паэзіі змог перадаць паяднанне прыроды і душы чалавека. Лепшыя яго вершы прасякнуты духам унутр. свабоды, няскоранасці і адлюстроўваюць асабістую драму («Санет Тэафіля на яго выгнанне», «Ліст да брата», «Шыбеніца», «Стансы» і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;

[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Французская литература первой трети XVII в. // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4

Г.В.Сініла.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)