Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУ́ТАВА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 4 км на Пн ад г.п. Ушачы. Пл. 0,1 км2, даўж. 490 м, найб. шыр. 250 м, найб. глыб. 15,9 м, даўж. берагавой лініі каля 1,2 км. Пл. вадазбору 0,23 км2. Схілы катлавіны выш. 8—10 м, разараныя. Падводная ч. катлавіны ў выглядзе 2 упадзін з глыбінямі 15,9 м і 12,8 м. Дно да глыб. 3,5 м выслана пясчанымі адкладамі, ніжэй — ілам.

т. 9, с. 374

ЛУ́ТАВА СЯЛЬЦО́,

вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Ушачы—Полацк. Цэнтр сельсавета. За 3 км на Пн ад г.п. Ушачы, 147 км ад Віцебска, 37 км ад чыг. ст. Полацк. 98 ж., 53 двары (1999).

т. 9, с. 374

ЛУ́ТАН (Luton),

горад у Вялікабрытаніі, на Пн ад Лондана, на р. Лі. Каля 200 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр аўтамабілебудавання. Вытв-сць электрабыт. прылад, швейных вырабаў, фетравых капелюшоў. Харч. прам-сць.

т. 9, с. 374

ЛУТНІ́ЦКІ Лявон, бел. архітэктар 18 ст. Быў прыдворным архітэктарам і будаўніком кн. Радзівілаў у канцы 18 ст. Прадстаўнік архітэктуры барока. Удзельнічаў у рэканструкцыі Альбінскага палацава-паркавага ансамбля, дзе пабудаваў палац «Кансаляцыя», альтанку, сістэму каналаў. Зрабіў праект Каралеўскай залы для Нясвіжскага палаца (гл. ў арт. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс), рэстаўрыраваў палац у Слуцку (гл. ў арт. Слуцкія замкі), касцёл св. Міхала і драўляную царкву ў Нясвіжы.

Г.І.Барышаў.

т. 9, с. 374

ЛУТО́К (Mergus albellus, або Mergellus albellus),

вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі. На Беларусі зрэдку гняздуецца, трапляецца на сезонных пралётах, часам на ПдЗ зімуе.

Даўж. да 46 см, маса да 800 г. Самец белы, з чорнай спінай; на патыліцы, паміж дзюбай і вачыма па чорнай пляме. На галаве чубок з доўгіх белых пёраў. Дзюба і лапы шэрыя. Самкі і маладыя птушкі шэрыя з карычневай галавой, белымі шчокамі і брушкам. Кормяцца воднымі насякомымі, моладдзю рыб. Добра ныраюць. Гнёзды ў дуплах. Нясуць 6—12 яец. Іл. гл. да арт. Крахалі.

т. 9, с. 374

ЛУТО́ХІНА-КУЖЭ́ЛЬНАЯ (Элеанора Аляксееўна) (н. 21.6.1932, С.-Пецярбург),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1982), праф. (1985). Скончыла Ленінградскі ун-т (1954). З 1982 нам. дырэктара Рэсп. ін-та вышэйшай школы БДУ, з 1993 заг. кафедры Бел. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі, з 1995 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па мікраэканоміцы і асновах агульнай эканам. тэорыі. Даследуе праблемы размеркавальных адносін і заработнай платы, функцыянавання і тыпалогіі эканам. сістэм, пераходныя станы ў эканоміцы.

Тв.:

Заработная плата: закономерности и пробл. формирования. Мн., 1978;

Трудовая активность и заработная плата. Мн., 1992.

т. 9, с. 374

ЛУТС ((Luts) Оскар) (7.1.1887, с. Каарэперэ Йыгеваскага пав., Эстонія — 23.3.1953),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1945). Вучыўся ў Юр’еўскім (г. Тарту; 1911—12) ун-це. Працаваў ваен. фармацэўтам у Віцебску. Друкаваўся з 1907. У сац.-псіхал. п’есах «Качан капусты», «Паўнверэ», «Камерсанты» (усе 1913) намаляваў каларытныя нар. характары. Рэалістычна-гумарыстычныя замалёўкі правінцыяльнага жыцця школьнікаў у трылогіі «Вясна» (ч. 1—2, 1912—13), «Лета» (ч. 1—2, 1918—19), «Вяселле Таотса» (1921), карціны жыцця гар. ускраін у трагікамічна-гратэскавых аповесцях «Жыццё Андраса» (1923), «Будныя дні» (1924), «На задворках» (1933). Творы адметныя займальнасцю, дынамічнасцю сюжэта, псіхалагізмам, выразнасцю вобразаў. Аўтар успамінаў (т. 1—13, 1930—41): «Старыя сцежкі» (1930), «Зімовыя дарогі», «Праз вецер і ваду» (абедзве 1931) і інш., фельетонаў. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў А.Кудравец.

Тв.:

Рус. пер. — На задворках и другие повести. Таллин, 1962;

Лето. 3 изд. Таллин, 1970;

Весна. М., 1972.

О.Лутс.

т. 9, с. 374

ЛУТУ́ЛІ ((Luthuli) Альберт Джон) (Мвумбі; 1898, каля г. Булавайо, Зімбабве — 21.7.1967),

дзеяч нац.-вызв. руху Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў настаўніцкую школу ў Івепдэйле і настаўніцкі каледж Адамса. З 1945 чл. Афрыканскага нацыянальнага кангрэса, у 1952—60 яго прэзідэнт. Арганізаваў некалькі кампаній пратэсту супраць палітыкі апартэіду, якую ажыццяўляў урад ПАР. У 1956—57 зняволены, з 1959 пад хатнім арыштам. Прыхільнік мірных, ненасільных метадаў барацьбы. Загінуў у выніку няшчаснага выпадку. Аўтар аўтабіягр. кн. «Адпусці народ мой!» (1962). Нобелеўская прэмія міру 1960 (упершыню прысуджана афрыканцу).

т. 9, с. 374

ЛУЎР (Louvre) у Парыжы, помнік архітэктуры класіцызму; маст. музей, адно з самых вял. маст. сховішчаў свету. Першапачаткова каралеўскі палац на месцы стараж. замка (1546—19 ст., арх. П.Леско, Л.Лево, К.Перо і інш., скульпт. дэкор Ж.Гужона, афармленне інтэр’ера Ш.Лебрэна і інш.). З 1791 музей. Пасля 1850-х г. да Л. прыбудаваны Новы Луўр (цяпер карцінная галерэя; арх. Л.Вісконці, Э.Лефюэль). Перабудовы і пашырэнні зрабілі Л. адной з арх. дамінантаў гіст. цэнтра Парыжа. У аснове калекцыі — б. каралеўскія зборы, калекцыі манастыроў і прыватных асоб. У ім захоўваюцца багатыя зборы ўсх. старажытнасцей, стараж.-егіп., ант., зах.-еўрап. мастацтва (асабліва франц. школы). Сярод шэдэўраў Л.: стараж.-акадская «Стэла цара Нарамсіна», стараж.-егіп. статуя пісца Каі, стараж.-грэч. статуі «Ніке Самафракійская», «Венера Мілоская», творы Мікеланджэла, «Джаконда» Леанарда да Вінчы, «Сельскі канцэрт» Джарджоне, «Мадонна канцлера Ралена» Я. ван Эйка, творы П.П.Рубенса, Рэмбранта, Н.Пусэна, А.Вато і інш.

Луўр.

т. 9, с. 374

ЛУ́ФА,

кветкавая расліна, тое, што люфа.

т. 9, с. 375