ЛУТС (Luts) Оскар

(7.1.1887, с. Каарэперэ Йыгеваскага пав., Эстонія — 23.3.1953),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1945). Вучыўся ў Юр’еўскім (г. Тарту; 1911—12) ун-це. Працаваў ваен. фармацэўтам у Віцебску. Друкаваўся з 1907. У сац.-псіхал. п’есах «Качан капусты», «Паўнверэ», «Камерсанты» (усе 1913) намаляваў каларытныя нар. характары. Рэалістычна-гумарыстычныя замалёўкі правінцыяльнага жыцця школьнікаў у трылогіі «Вясна» (ч. 1—2, 1912—13), «Лета» (ч. 1—2, 1918—19), «Вяселле Таотса» (1921), карціны жыцця гар. ускраін у трагікамічна-гратэскавых аповесцях «Жыццё Андраса» (1923), «Будныя дні» (1924), «На задворках» (1933). Творы адметныя займальнасцю, дынамічнасцю сюжэта, псіхалагізмам, выразнасцю вобразаў. Аўтар успамінаў (т. 1—13, 1930—41): «Старыя сцежкі» (1930), «Зімовыя дарогі», «Праз вецер і ваду» (абедзве 1931) і інш., фельетонаў. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў А.Кудравец.

Тв.:

Рус. пер. — На задворках и другие повести. Таллин, 1962;

Лето. 3 изд. Таллин, 1970;

Весна. М., 1972.

О.Лутс.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)