Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЯЛІ́КІ ЮГА́Н,

рака ў Зах. Сібіры, у Расіі, левы прыток Обі. Даўж. 1063 км, пл. бас. 34,7 тыс. км². Пачынаецца ў балотах Васюгання, цячэ па цэнтр. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, упадае ў Юганскую пратоку. Асн. прыток — Малы Юган (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з кастр.ліст. да канца крас. — пачатку мая. Сярэдні расход вады 230 м³/с. У бас. Вялікага Югана больш як 7,5 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 457 км ад вусця.

т. 4, с. 387

ВЯЛІ́ЧКА

(Wieliczka),

горад і бальнеалагічны курорт у Польшчы, у Кракаўскім ваяв. Вядомы з 11 ст., гар. правы з 1290. На Пд ад Кракава, у перадгор’ях Карпат. Мяккі клімат, мінер. воды і аэразольнае паветра саляных падземных вырабатак спрыяльныя для лячэння хвароб органаў руху і апоры, бранхіяльнай астмы і інш. хвароб лёгкіх. Алергалагічны санаторый. Буйны цэнтр адпачынку і міжнар. турызму. Захаваліся сярэдневяковыя касцёлы (у т. л. драўляны 16 ст.), руіны замка караля Казіміра Вялікага (каля 1350, 18 ст., разбураны ў 1945). Саляная шахта (13 ст.) з падземнымі капліцамі (17 ст.), у стараж. частцы якой адзіны ў свеце такога роду Музей кракаўскіх капальняў солі. Саляная шахта ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 4, с. 389

ВЯЛІ́ЧКА Генадзь Іосіфавіч

(н. 15.2.1922, в. Лутна Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў школу авіямеханікаў (1941), эл.-мех. тэхнікум (1963). У Вял. Айч. вайну снайпер ст. сяржант Вялічка на фронце з чэрв. 1941 знішчыў 330 гітлераўцаў, падрыхтаваў каля 200 снайпераў. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 4, с. 389

ВЯЛІ́ЧКА Леанід Сцяпанавіч

(н. 4.8.1925, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне артапедычнай стаматалогіі. Д-р мед. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Кіеўскі мед. ін-т (1958). З 1967 у Мінскім мед. ін-це (да 1994 заг. кафедры). Навук. працы па тэарэт. абгрунтаванні артапедычных метадаў лячэння хвароб парадонту, аптымізацыі артадантычнага лячэння анамалій і дэфармацый зубасківічнай сістэмы ў дарослых; распрацаваў абсталяванне для нанясення танкаплёначнага пакрыцця метадам іоннапрамянёвай апрацоўкі. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Профилактика и лечение артикуляционной перегрузки пародонта. Мн., 1985;

Справочник стоматолога-ортопеда. Кишинев, 1988 (у сааўт.).

т. 4, с. 389

Вялічка Алег Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 366

Вялічка Магдалена Рыгораўна

т. 18, кн. 1, с. 366

Вялічка Уладзімір Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 366

ВЯ́ЛЬЦАВА Настасся Дзмітрыеўна

(1871, г. Харкаў, Украіна — 18.2.1913),

расійская эстрадная спявачка (сапрана), артыстка аперэты. Вучылася ў Пецярбургу. З 1888 выступала ў аперэтачных трупах (у 1893—97 у трупе С.А.Пальма ў Маскве і Пецярбургу). Сярод роляў: Перыкола, Алена («Перыкола», «Прыгожая Алена» Ж.Афенбаха), Сафі («Цыганскі барон» І.Штрауса), Клерэта («Дачка мадам Анго» Ш.Лекока). Зрэдку выступала ў операх: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса). Адначасова канцэртавала, вядомая як выканальніца цыганскіх рамансаў.

Літ.:

Нестьев И.В. Звёзды русской эстрады. 2 изд. М., 1970.

т. 4, с. 389

ВЯЛЮ́ГІН Анатоль Сцяпанавіч

(27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),

бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.

Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1948). Удзельнік Вял. Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.Межэлайціса (1958, з М.Калачынскім), паэмы М.Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.Варанько і Дз.Білавуса, паасобныя вершы У.Маякоўскага, Л.Украінкі, М.Рыльскага, А.Малышкі, А.Міцкевіча, Ю.Тувіма і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;

Адрас любві. Мн., 1964;

Вершы і балады. Мн., 1969;

Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.

Літ.:

Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;

Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;

Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;

Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;

Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.

М.У.Скобла.

т. 4, с. 389

Вялянкова Ірына Міхайлаўна

т. 18, кн. 1, с. 366