Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭ́ГЕР ((Reger) Макс Іаган Баптыст Іозеф) (19.3.1873, Бранд, каля г. Кемнат, Аўстрыя — 11.5.1916),

нямецкі кампазітар, арганіст, піяніст і дырыжор. Вучань Г.Рымана. У 1890—96 выкладаў у кансерваторыі ў г. Вісбадэн (Германія), з 1905 — у Муз. акадэміі ў Мюнхене, з 1907 праф. Лейпцыгскай кансерваторыі. У 1911—14 прыдворны капельмайстар у г. Майнінген (Германія). Працягваў традыцыі І.​С.​Баха. Аўтар твораў: для салістаў, хору з арк.; сімфаньеты і серэнады для арк.; канцэрта для скрыпкі з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; варыяцый і фуг на тэму Баха для фп.; харальных фантазій і прэлюдый для аргана і інш.; шматлікіх тэарэт. прац, у т. л. «Аб мадуляцыі» (1903).

Літ.:

Крейнина Ю.В. Регер и мастера XX в. // Проблемы истории австро-немецкой музыки. Первая треть XX в М., 1983.

т. 13, с. 547

«РЭГЕ́СТЫ КРЫНІ́Ц ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТВЫ́»

(«Regesta źródłowe do dziejów Litwy od czasów najdawniejszych aż do unji z Polską», «Regesta Lithuaniae ab origine usque ad Magni Ducatus cum Regno Poloniae unionem»),

зборнік рэгестаў (паведамленняў, цытат з твораў) па гісторыі Літвы, Жамойці і некат. зах.-балцкіх плямён з найдаўнейшых часоў да пачатку панавання ў ВКЛ вял. кн. Гедзіміна. Складзены на лац. мове. Выдадзены Г.​Пашкевічам (т. 1, Варшава, 1930). Змяшчае паведамленні з прац антычных аўтараў, сярэдневяковых гісторыкаў, ням. і польск. аналаў, рус. летапісаў. Размешчаны ў храналагічным парадку, 1-е з іх — паведамленне Тацыта пра эстаў (98 г. н.э.), апошняе — паведамленне з хронікі Г.​Вартберга пра г. Кукенойс (1315). Рэгесты перадаюць кароткі змест паведамлення, некаторыя цалкам яго цытуюць. Змешчаны 853 рэгесты і ў дадатку 6. Матэрыялы зборніка асвятляюць стараж. гісторыю балцкіх народаў, працэс утварэння ВКЛ, уключэння ў яго склад бел. зямель, ваенныя і мірныя ўзаемадачыненні ВКЛ з суседнімі дзяржавамі.

т. 13, с. 547

РЭГІЁН (англ. region ад лац. regio вобласць, раён),

пэўная тэрыторыя (акваторыя), значная па памерах, якая вылучаецца характэрнымі эканоміка-геагр. ўмовамі, нац. складам насельніцтва і інш. Р. наз. некалькі абласцей ці раёнаў краіны ці група краін, што адрозніваюцца агульнасцю расавага, этн. складу, культурных традыцый і інш (напр., блізкаўсходні Р.).

т. 13, с. 547

РЭГІМЕ́НТАР,

1) у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. часовы намеснік гетмана, які выконваў гетманскія абавязкі ў час яго адсутнасці (смерць, палон і інш.). Камандаваў усім войскам Польшчы або ВКЛ (генеральны Р.) ці яго часткай, у баявых дзеяннях або на зімовых кватэрах. Прызначаўся каралём.

2) Камандуючы ўзбр. сіламі шляхецкіх канфедэрацый у 16—18 ст.

т. 13, с. 547

РЭГІСТА́Н,

пустыня на У Іранскага нагор’я, на Пд Афганістана. Даўж. больш за 400 км, шыр. да 200 км. Пл. каля 40 тыс. км². Пакатанахіленая раўніна, выш. ад 1500 м на У да 800 м на З. Характэрны рухомыя і замацаваныя расліннасцю (палыны, эфемеры, эфемероіды) пяскі. Клімат субтрапічны, кантынент., сухі (ападкаў да 100 мм за год). Па далінах рэк (Гільменд і інш.) тугайныя зараснікі. Качавая жывёлагадоўля, рэдкія аазісы.

т. 13, с. 548

РЭГІСТА́Н (іран., літар. — месца, укрытае пяском; тадж. рэгістон),

назва парадных плошчаў у гарадах Сярэдняй Азіі. Прастору Р. з 3 бакоў абмяжоўваюць пышна арнаментаваныя будынкі медрэсэ, мячэцяў, ханакі, караван-сарая і інш. Найб. вядомы Р. у г. Самарканд (Узбекістан) — шэдэўр горадабуд, мастацтва 15—17 ст. Іл. гл. да арт. Медрэсэ.

т. 13, с. 548

РЭГІ́СТР (ад позналац. registrum спіс, пералік),

1) спіс, пералік чаго-н., уліковы дакумент, які мае прававое значэнне; кніга для запісаў.

2) Орган, які ажыццяўляе функцыі нагляду ў спец. запісе кіравання, напр., выдае правілы пабудовы рознага тыпу суднаў гандл флоту, назірае за дакладнасцю іх буд-ва, за іх тэхн. станам у працэсе эксплуатацыі.

т. 13, с. 548

РЭГІ́СТР у музыцы,

1) участак гукавога дыяпазону муз. інструмента або пеўчага голасу, які характарызуецца адзіным тэмбрам. Р. інструментаў бывае высокі, сярэдні і нізкі, Р. голасу — грудны, галаўны і мяшаны; у мужчынскіх галасоў — т.зв. фальцэтны (гл. Фальцэт).

2) Прыстасаванне на стр. клавішных інструментах, якое змяняе моц і тэмбр гуку.

3) Група труб (у аргане), струн (на клавесіне), язычкоў (у акардэоне, фісгармоніі і пад.) аднолькавага тэмбру.

т. 13, с. 548

РЭГІ́СТРАВАЯ ТО́НА, рэгістравы танаж,

паказчык памераў судна (яго ўмяшчальнасць). Адрозніваюць 2 віды ўмяшчальнасці: валавую (умяшчальнасць брута—брута рэгістравы танаж і чыстую (умяшчальнасць нета—нета рэгістравы танаж). Валавая Р.т. дае ўяўленне пра памеры ўсяго судна, чыстая — пра аб’ём яго памяшканняў, што выкарыстоўваюцца для перавозкі грузаў і пасажыраў.

т. 13, с. 548

РЭГІСТРА́ЦЫЯ (позналац. registratio ад registrum спіс, пералік),

1) запіс з мэтай уліку і надання факту законнай сілы.

2) Унясенне ў спіс, кнігу (напр., Р. шлюбу; Р. дэлегатаў з’езда).

т. 13, с. 548