РУСАКО́Ў (Сцяпан Афанасьевіч) (7.1.1933, в. Дубовы Лог Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 24.2.2000),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (2000), праф. (1992). Скончыў Навазыбкаўскі пед. ін-т (1955). З 1960 у Ін-це матэматыкі і выліч. тэхнікі (г. Гомель), з 1965 у Гомельскім аддзяленні Ін-та матэматыкі АН Беларусі. З 1986 у Бел. ун-це транспарту (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па тэарэмах сілаўскага тыпу для бінарных груп, пабудове сілаўскай тэорыі канечных n-арных груп, выкарыстанні n-арных груп у афіннай геаметрыі і пры вывучэнні абагульненых пераходных сістэм.
Тв.:
Алгебраические n-арные системы: Силовская теория n-арных групп. Мн., 1992;
Некоторые приложения теории n-арных групп. Мн., 1998.
т. 13, с. 455
РУСАЛЕ́НКА (Аркадзь Іванавіч) (н. 9.5.1939, в. Атрубы Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне экалогіі. Д-р біял. н. (1991). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1962). З 1971 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (з 1978 вучоны сакратар, з 1988 заг. лабараторыі), з 1994 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па класіфікацыі, структуры і экалогіі расл. згуртаванняў, іх змяненні пры антрапагенным уздзеянні.
Тв.:
Структура и продуктивность лесов при подтоплении и затоплении. Мн., 1983;
Годичный прирост деревьев и влагообеспеченность. Мн., 1986;
Гидротехнические сооружения с основами гидрологии и гидравлики. Мн., 1998.
т. 13, с. 455
РУСА́ЛКА,
у славянскай міфалогіі істота, у якую ператвараюцца памерлыя дзяўчаты, пераважна тапельніцы, нехрышчоныя дзеці. Яе ўяўлялі ў выглядзе прыгожай дзяўчыны з доўгімі распушчанымі зялёнымі валасамі, радзей у выглядзе касматых страшных жанчын. Лічылася, што на русальны тыдзень Р. выходзяць з вады, бегаюць па палях, гушкаюцца на дрэвах, могуць заказытаць сустрэчных да смерці або зацягнуць у ваду. У русальны тыдзень пелі русальныя песні, жанчыны вешалі на дрэвы кудзелю, ручнікі, ніткі, дзяўчаты — вянкі, у гэты тыдзень нельга было купацца. У канцы яго «праводзілі» Р. Ёю была дзяўчына, якой распускалі валасы, надзявалі вянок і з песнямі суправаджалі ў жыта, упіхвалі ў яго, а пасля разбягаліся, а Р. даганяла іх. Часта з саломы рабілі чучала Р., неслі яго ў поле і там пакідалі на мяжы або разрывалі і раскідвалі па полі, што нібыта садзейнічала ўрадлівасці жытнёвага поля. Вобраз Р. страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і захаваўся ў фальклоры.
Літ.:
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979.
т. 13, с. 455
«РУСА́ЛКА»
(«Nixe»),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва вакол воз. Чырвонае на тэр. Жыткавіцкага, Капаткевіцкага, Любанскага, Петрыкаўскага, Старобінскага р-наў (на мяжы Мінскай і Палескай абл.) 24.2—1.3.1943 у Вял. Айч. вайну; працяг карнай аперацыі «Горнунг». Праводзілася сіламі вышэйшых нач. СС і паліцыі Расіі «Цэнтр» і «Поўдзень», таксама прыцягнуты каля 20 ахоўных батальёнаў, авіяцыя, дапаможныя сілы паліцыі, падраздзяленні вермахта. Не дасягнуўшы мэты па разгроме партызан, карнікі вывезлі ў Германію больш за 1 тыс. жыхароў, спалілі вёскі, у т. л. Даманавічы (загубілі 267 чал.), Пісаравічы (220 чал.), Пузічы (770 чал.) Старобінскага, Людзвіноў (125 чал.) Петрыкаўскага р-наў.
У.С.Пасэ.
т. 13, с. 455
РУСА́ЛЛІ,
старадаўнія вясенне-летнія святкаванні-ігрышчы і заклінальныя абрады ў славян, звязаныя з аграрнай міфалогіяй і культам продкаў. Назва паходзіць ад стараж.-рым. свята руж (Rosaria, Rosalia), прыйшла ад паўд. славян. Р. прыпадалі на перыяд росквіту расліннасці — Сёмуху і Купалле, ад гэтага месяц чэрвень наз. «русальным». Р. мелі відовішчны характар, суправаджаліся русальнымі песнямі, гульнямі, выступленнямі скамарохаў, танцамі, музыкай, пераапрананнем. Дзяўчына ў рытуальным танцы на Р. паказана на мініяцюры ў Радзівілаўскім летапісе (13 ст.). Рэшткі Р. захаваліся на Беларусі ў выглядзе абраднасці на Сёмуху і ў наступны, «русальны», тыдзень (памінанне бацькоў, завіванне бярозкі і вянкоў на Магілёўшчыне), у вераваннях пра русалку, у карагодах, а таксама ў святкаванні Купалля.
т. 13, с. 455
РУСА́ЛЬНЫЯ ПЕ́СНІ, граныя песні. Адносяцца да веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Выконваліся на заключным этапе веснавых свят і абрадаў усх. славян — на русальны, або граны, тыдзень (гл. Русаллі), звязаны са стараж. вераваннямі пра русалак. Сярод Р.п. вылучаюцца песні, што непасрэдна звязаны з русальным абрадам (адлюстроўваюць і суправаджаюць яго), і песні, тэматычна слаба звязаныя з абрадам. У песнях, як правіла, указваюцца час і месца абраду, русалкі просяць у людзей адзежу ці ваду, каб ажывіцца. Вобраз русалкі ў Р.п. не пазбаўлены супярэчнасцей, як і наогул нар. ўяўленні пра яе. З аднаго боку, яна — ахоўніца багатага ўраджаю, а з другога — шкодная істота, супраць якой засцерагаліся пры дапамозе ахоўнай магіі. Такая дваістасць вобраза — вынік узаемапранікнення нар. язычніцкіх вераванняў і хрысціянства.
Публ.: Веснавыя песні. Мн., 1979.
Г.А.Барташэвіч.
т. 13, с. 455
РУСА́Н (Вікенцій Іванавіч) (н. 23.8.1936, в. Падлессе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1997). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1958) і Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1965). З 1960 у БелНДІаграэнерга Акадэміі агр. навук Беларусі (1986 нам. дырэктара, з 1998 дырэктар). Навук. працы па праблемах энергетыкі, электрыфікацыі і энергазберажэння ў АПК. Распрацаваў тэарэт. асновы, метады і сродкі электратэхн. забеспячэння, найб. эфектыўнага энергазберажэння і выкарыстання нетрадыц. і ўзнаўляльных крыніц энергіі ў с.-г. вытв-сці.
Тв.:
Электротехническое обеспечение сельскохозяйственного производства. Мн., 1983 (разам з Э.В.Бараноўскім);
Энергосберегающие технологии и оборудование в системах энергообеспечения АПК. Мн., 1996.
т. 13, с. 455
РУСА́НАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (15.11.1875, г. Арол, Расія — 1913),
расійскі даследчык Арктыкі. Скончыў Арлоўскую духоўную семінарыю (1897), Парыжскі ун-т (1907). За ўдзел у студэнцкім рэв. руху ў Кіеўскім ун-це ў 1901 сасланы ва Усць-Сысольск (цяпер Сыктыўкар). У 1903 эмігрыраваў у Францыю. У 1908 прымаў удзел у франц., а ў 1909 — у рус. экспедыцыях на Новую Зямлю. У 1910 і 1911 кіраваў экспедыцыямі на гэты архіпелаг, пехатой перасек в-аў Паўночны, на маторна-ветразевых суднах плаваў вакол а-воў Паўночны і Паўднёвы. Правёў шэраг тапаграфічных, геал., і гідралагічных работ. У 1912 кіраваў экспедыцыяй на боце «Геркулес» па даследаванні вугляносных раёнаў Шпіцбергена, затым адправіўся на У і прапаў без вестак. У 1934 на астравах каля зах. ўзбярэжжа п-ва Таймыр знойдзены драўляны слуп з надпісам «Геркулес. 1913» і некат. рэчы ўдзельнікаў экспедыцыі. Імем Р. названы бухта і паўвостраў на Новай Зямлі, ледавік на Паўн. Зямлі, востраў у праліве Вількіцкага, гара ў Антарктыдзе.
т. 13, с. 455
РУСАНО́ВІЧ (Аляксандр Паўлавіч) (23.4.1919, в. Пятроўшчына, цяпер у межах Мінска — 30.5.1982),
капітан 1-га ранту (1967). Канд. ваен.-марскіх н. (1963), праф. (1981). Скончыў Севастопальскае вышэйшае ваен.-марское вучылішча (СВВМВ, 1941), Ленінградскую ваен.-марскую акадэмію (1948). У 1936—38 працаваў у рэдакцыі газ. «Звязда». У Вял. Айч. вайну камандзір вучэбнай роты ў Каспійскім ваен.-марскім вучылішчы (Баку), афіцэр дывізіёна мінных тральшчыкаў Волжскай ваен. флатыліі. У час баявога тралення Волгі 9.5.1943 тральшчык падарваўся на міне і амаль увесь яго экіпаж загінуў, Р. цяжка паранены. Пасля ампутацыі нагі ў канцы 1943 вярнуўся на флот. У 1948—82 выкладаў гісторыю ваен.-марскога майстэрства ў СВВМВ. Аўтар ваен.-навук. прац. У Мінску яго імем названа вуліца, устаноўлена мемар. дошка.
Б.Дз.Далгатовіч.
т. 13, с. 455
РУ́СЕ,
горад на Пн Балгарыі, на р. Дунай. Засн. стараж. рымлянамі ў 1 ст. як ваен. прыстань. Каля 200 тыс. ж. (2000). Гал. рачны порт краіны. Знешнегандл. трансп. вузел, двух’ярусным мостам (чыг. і аўтадарожным) злучаны з г. Джурджу (Румынія). Аэрапорт. Прам-сць; суднабуд., маш.-буд. (цяжкае, с.-г., эл.-тэхн., электроннае), прыладабуд., хім. і нафтаперапр., харч. і харчасмакавая (цукровая, мясная, малочная, кансервавая, вінаробчая), тэкст., гарбарна-абутковая, мэблевая. ЦЭС. Оперны і драм. тэатры. Гіст. музей. Паблізу — рэшткі сярэдневяковага г. Чэрвен; в. Іванава са скальнымі цэрквамі (13—14 ст.).
т. 13, с. 455