РУСА́НАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (15.11.1875, г. Арол, Расія — 1913),
расійскі даследчык Арктыкі. Скончыў Арлоўскую духоўную семінарыю (1897), Парыжскі ун-т (1907). За ўдзел у студэнцкім рэв. руху ў Кіеўскім ун-це ў 1901 сасланы ва Усць-Сысольск (цяпер Сыктыўкар). У 1903 эмігрыраваў у Францыю. У 1908 прымаў удзел у франц., а ў 1909 — у рус. экспедыцыях на Новую Зямлю. У 1910 і 1911 кіраваў экспедыцыямі на гэты архіпелаг, пехатой перасек в-аў Паўночны, на маторна-ветразевых суднах плаваў вакол а-воў Паўночны і Паўднёвы. Правёў шэраг тапаграфічных, геал., і гідралагічных работ. У 1912 кіраваў экспедыцыяй на боце «Геркулес» па даследаванні вугляносных раёнаў Шпіцбергена, затым адправіўся на У і прапаў без вестак. У 1934 на астравах каля зах. ўзбярэжжа п-ва Таймыр знойдзены драўляны слуп з надпісам «Геркулес. 1913» і некат. рэчы ўдзельнікаў экспедыцыі. Імем Р. названы бухта і паўвостраў на Новай Зямлі, ледавік на Паўн. Зямлі, востраў у праліве Вількіцкага, гара ў Антарктыдзе.
т. 13, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)