Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РО́БІНСАН ((Robinson) Мэры) (н. 21.5.1944, г. Баліна, Ірландыя),

ірландскі грамадскі і дзярж. дзеяч. Скончыла Трыніты-каледж Дублінскага ун-та і Гарвардскі ун-т (ЗША). Доктар права. У 1969—75 праф. Дублінскага ун-та. Набыла вядомасць як буйны спецыяліст у галіне еўрап. канстытуцыйнага і крымінальнага права, заснавальнік і дырэктар Ірл. цэнтра еўрап. права. Адна з актывістак жаночага руху Ірландыі. Чл. ірл. Сената (1969—89), да 1985 чл. Лейбарысцкай партыі Ірландыі. У 1990—97 прэзідэнт Ірландскай Рэспублікі. З 1997 вярх. камісар ААН па правах чалавека.

т. 13, с. 391

РО́БІНСАН ((Robinson) Роберт) (13.9.1886, каля г. Чэстэрфілд, Вялікабрытанія — 24.2.1975),

англійскі хімік, адзін з заснавальнікаў фіз.-арган. хіміі і хіміі прыродных злучэнняў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1920; у 1945—50 яго прэзідэнт). Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Манчэстэрскі ун-т (1906). З 1912 праф. розных ун-таў, у 1930—55 Оксфардскага ун-та. З 1955 у фірме «Шэл». Навук. працы па тэарэт. арган. хіміі, сінтэзе і даследаванні алкалоідаў і інш. біялагічна важных прыродных рэчываў (ізапрэноідаў, антацыянаў, гармонаў). Сінтэзаваў атрапін, какаін, берберын, бікукулін і інш. алкалоіды, а таксама андрастэрон (1951). Вызначыў малекулярную структуру марфіну (1925), стрыхніну (1945). Адкрыў рэакцыю атрымання біцыклічных ненасычаных кетонаў з цыклічных кетонаў (1937, рэакцыя Р.—Маніха). Нобелеўская прэмія 1947.

Р.Робінсан.

т. 13, с. 391

РО́БІЯ, Дэла Робія (Della Robbia),

сям’я італьянскіх скульптараў эпохі Адраджэння. Жылі і працавалі ў г. Фларэнцыя (Італія). Упершыню выкарысталі тэхніку каляровай маёлікі ў рэльефе і круглай пластыцы. Лука дэла Р. (1399 або 1400—23.2.1482). Вучыўся ў ювелірнай майстэрні. Зазнаў уплыў Л.​Гіберці. Напачатку працаваў у бронзе і мармуры: рэльефы пеўчай трыбуны ў саборы Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1431—38) і кампанілы сабора ў Фларэнцыі (1437—39). З 1440-х г. вырабляў маёлікавыя рэльефы для аздаблення будынкаў і алтароў, кампазіцыі з выявай Мадонны. Творы вызначаюцца лірычнай адухоўленасцю, ураўнаважанасцю кампазіцыі, мяккасцю трактоўкі абагульненых форм, чыстатой тонаў. Сярод работ: 13 медальёнаў у капэле Пацы царквы Санта-Крочэ, люнета Палацца дэі Капітані дзі Партэ Гуэльфа, гербы 3 цэхаў на фасадзе Арсанмікеле (каля 1455—65), рэльефы бронз. дзвярэй Новай сакрысціі сабора ў Фларэнцыі (1464—69). Андрэа дэла Р. (1435—1525), пляменнік, прыёмны сын і вучань Лукі; пасля яго смерці ўзначаліў майстэрню. Пашырыў сферу выкарыстання маёлікі і яе тонавыя градацыі. Сярод твораў: медальёны з выявамі спавітых немаўлят на фасадзе Аспедале дэльі Іначэнці (1463—66), група «Сустрэча Марыі з Лізаветай» для царквы Санта-Джавані Фуарчывітас у Пістоі (1491) і інш. Джавані дэла Р. (1469 — пасля 1529), сын і вучань Лукі. Аўтар маёлікавых рэльефаў, якія вызначаюцца багаццем паліхроміі і нагадваюць жывапісныя алтарныя вобразы.

т. 13, с. 391

РО́БСАН ((Robeson) Поль) (9.4.1898, г. Прынстан. штат Нью-Джэрсі, ЗША — 23.1.1976),

амерыканскі спявак (нізкі бас), драм. акцёр, грамадскі дзеяч. Скончыў Калумбійскі ун-т (1923). З 1921 выступаў як драм. акцёр у амер. і англ. т-рах (лепшая роля — Атэла у аднайм. п’есе У.​Шэкспіра; 1930). У 1925 дэбютаваў як спявак. Выканаўца негрыцянскіх і амер. нар., антыфаш. і антываен. песень, песень пратэсту; у рэпертуары былі песні народаў СССР і сав. кампазітараў. Здымаўся ў кіно. Чл. Сусв. Савета Міру (1950). Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія 1952.

Тв.:

Рус. пер. — На том я стою. М., 1958;

Говорит П.​Робсон. М., 1981.

Я.​З.​Басін.

т. 13, с. 391