РО́БІНСАН ((Robinson) Роберт) (13.9.1886, каля г. Чэстэрфілд, Вялікабрытанія — 24.2.1975),

англійскі хімік, адзін з заснавальнікаў фіз.-арган. хіміі і хіміі прыродных злучэнняў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1920; у 1945—50 яго прэзідэнт). Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Манчэстэрскі ун-т (1906). З 1912 праф. розных ун-таў, у 1930—55 Оксфардскага ун-та. З 1955 у фірме «Шэл». Навук. працы па тэарэт. арган. хіміі, сінтэзе і даследаванні алкалоідаў і інш. біялагічна важных прыродных рэчываў (ізапрэноідаў, антацыянаў, гармонаў). Сінтэзаваў атрапін, какаін, берберын, бікукулін і інш. алкалоіды, а таксама андрастэрон (1951). Вызначыў малекулярную структуру марфіну (1925), стрыхніну (1945). Адкрыў рэакцыю атрымання біцыклічных ненасычаных кетонаў з цыклічных кетонаў (1937, рэакцыя Р.—Маніха). Нобелеўская прэмія 1947.

Р.Робінсан.

т. 13, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)