Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРО́ЗЕМЛЯ,

вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Чашнікі—Лепель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 4 км на З ад горада і 6 км ад чыг. ст. Чашнікі, 99 км ад г. Віцебск. 251 ж., 88 двароў (2000). Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 13, с. 39

ПРО́КАП ВЯЛІ́КІ, Прокап Голы (Prokop Veliký, Prokop Holý; каля 1389—30.5.1434),

чэшскі палкаводзец у гусіцкіх войнах. Да 1425 прапаведнік табарытаў, з 1426 іх гал. паліт. і ваен. кіраўнік. Узначальваў аб’яднанае гусіцкае войска, якое разбіла ням. курфюрстаў каля Усці-над-Лабай (1426), крыжакоў каля Тахава (1427) і Домажліцы (1431). Ініцыіраваў паходы гусітаў у Славакію, Майсен, Брандэнбург, Саксонію, Баварыю, Аўстрыю, Венгрыю і інш. У 1433 узначальваў чэш. пасольства на Базельскім саборы. Загінуў у бітве пад Ліпанамі.

т. 13, с. 39

ПРО́КАП МАЛЫ́, Прокупек (Prokop Malý, Prokůpek; ? — 30.5.1434),

чэшскі дзеяч гусіцкіх войнаў, з 1428 гал. начальнік сірот. Згадваецца ў гіст. крыніцах ў 1424 як чл. Арабіцкага брацтва і паплечнік святара Амбража (сябра Я.Жыжкі). Загінуў у бітве пад Ліпанамі.

т. 13, с. 39

ПРО́КСІМА ЦЭНТА́ЎРА,

зорка 11 візуальнай зорнай велічыні; самая блізкая да Сонечнай сістэмы. Знаходзіцца на адлегласці 1,31 пк ад яе ў сузор’і Цэнтаўра, фізічная пераменная зорка. П.Ц і яркая зорка α Цэнтаўра, якая знаходзіцца на 0,02 пк далей, утвараюць фізічную падвойную зорку.

т. 13, с. 39

«ПРО́КТЭР ЭНД ГЭМБЛ»

(«Procter and Gamble»),

буйная хім. карпарацыя ў ЗША. Засн. ў 1837. Штаб-кватэра ў г. Цынцынаты, штат Агайо. Выпускае прадукцыю: пральныя і ачышчальныя сродкі, касметыку, фармацэўтычныя тавары, хімікаты, прадметы гігіены. Філіялы і прадпрыемствы карпарацыі размяшчаюцца ў больш як 40 краінах, колькасць занятых каля 77 тыс. чал. (1980-я г).

т. 13, с. 39

ПРО́КША (Леанід Януаравіч) (19.4.1912, г. Полацк Віцебскай вобл. — 9.12.1994),

бел. пісьменнік. Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1955). Настаўнічаў, працаваў у рэдакцыях газет, з 1956 у час. «Коммунист Белоруссии», рэдактар газ. «Голас Радзімы», у 1969—72 гал. рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1937. Пісаў на рус., бел., польскай мовах. Аўтар зб. апавяданняў і нарысаў «Крыніца прыгажосці» (1960), кніг памфлетаў «Камедыянты» (1961), «След вядзе за мяжу» (1965), «Інтрыгі прэзідэнцкага двара» (1967), «Візітная картка народа» (1972), дакумент. аповесці «За Добрыцай рэчкай» (1975), рамана «Пакуль жывеш на свеце» (1980) пра першыя пасляваен. гады ў зах. абласцях Беларусі, Украіны, у Польшчы, зб-каў гумарыст. апавяданняў «Каб жылося-вялося» (1961), «Кантроль сумлення» (1963), «Не ў тым поездзе» (1971), «Самадзейнасць у ліфце» (1972). Пісаў для дзяцей (кн. «Хлопчык у вялікіх чаравіках», 1963; «Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі», 1973) і інш.

Тв.:

Праз туманы. Мн., 1964;

По обе стороны океана. Мн., 1968;

Туман развеецца. Мн., 1970;

Стрэлы над ярам. Мн., 1979;

Зося смяецца. Мн., 1982;

Туника Несса. Мн., 1986;

Призраки и президенты. Мн., 1988;

Урок любві і нянавісці. Мн., 1990.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 39

ПРО́ЛЕЖАНЬ,

амярцвенне (некроз) мяккіх тканак (скуры з падскурнай клятчаткай, слізістай абалонкі, сценкі полага органа або крывяноснага сасуда) у выніку нейратрафічных расстройстваў і парушанага кровазвароту. Адрозніваюць П. экзагенныя (ад працяглага, інтэнсіўнага сціскання тканак; бываюць вонкавыя і ўнутр.) і эндагенныя (у цяжкахворых, якія доўгі час ляжаць нерухома; у хворых з хранічнымі парушэннямі нерв. сістэмы ад кантузіі спіннога мозга, кровазліцця ў мозг, пашкоджання буйных нерв. ствалоў). Узнікаюць П. на крыжы, лапатках, пятачных буграх, інш. костачках. Калі некратызаваныя тканкі адпадаюць, утвараюцца і доўга не зажываюць язвы. П. можа ўскладняцца гнойнай інфекцыяй. Лячэнне: мазевыя павязкі, агульнаўмацавальныя сродкі. П. бывае і ў аслабленых жывёл пры працяглым вымушаным ляжанні.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 13, с. 39

«ПРОЛЕТА́РСКАЯ РЕВОЛЮ́ЦИЯ»,

савецкі гіст. часопіс. Выдаваўся на рус. мове ў Маскве ў 1921—41 [у 1921—28 орган Камісіі ЦК ВКП(б) па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і Камуніст. партыі, у 1928—31 — Ін-та Леніна пры ЦК ВКП(б), у 1933—41 — Ін-та Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦК ВКП(б)]. Выйшлі 132 нумары, перыядычнасць выпуску мянялася. У розныя гады рэдактарамі былі М.​С.​Альмінскі, С.​І.​Канатчыкаў, М.​А.​Савельеў, В.Г.Кнорын і інш. Друкаваліся даследчыя артыкулы, дакументы па гісторыі рабочага руху, Камуніст. партыі, Кастр. рэвалюцыі 1917 і Грамадз. вайны (у т. л. на тэр. Беларусі), пра відных дзеячаў партыі, рабочага і с.-д. руху, мемуары, крытыка, бібліяграфія і інш.

т. 13, с. 39

ПРО́МЕТ ((Promet) Лілі) (н. 16.2.1922, Петсеры, Эстонія),

эстонская пісьменніца. Засл. пісьменнік Эстоніі (1971). Вучылася ў Талінскай школе прыкладнога мастацтва (1935—40). Друкуецца з 1954. Аўтар раманаў «Вёска без мужчын» (1962), «Прымавера» (1971), «Дзяўчына з неба» (1977), зб-каў аповесцей і апавяд. «Прыхільнікі святога мастацтва» (1958), «Тыгр ляжыць» (1964), «Хто распаўсюджвае анекдоты?» (1967), «Свавольствы зямлі» (1977), зб. вершаў «Шыпшына» (1970). У творах антыфаш. і антываен. тэмы, сац.-псіхал. праблемы сучаснасці. Піша п’есы, выступае як публіцыст і аўтар падарожных нарысаў (разам з Р.​Парве).

Тв.:

Рус. пер. — Акварели одного лета: Повести и рассказы. М., 1961;

Дела земные. Таллин, 1969;

Иероглифы жизни. М., 1973;

Шалости земли: Повести, рассказы, миниатюры. М., 1982.

т. 13, с. 39

ПРО́МША,

рака ў Навагрудскім і Дзятлаўскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Моўчадзь (бас. р. Нёман). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 74 км². Пачынаецца за 1,3 км на У ад в. Вял. Лезнявічы Навагрудскага р-на, цячэ па схілах Навагрудскага ўзвышша і ўпадае ў Моўчадзь ва ўрочышчы Салтанскі лес на З ад в. Вусце Дзятлаўскага р-на. Рэчышча ад вытоку на працягу 7 км каналізаванае. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 13, с. 39