Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЛО́СКАСЦЬ,

найпрасцейшая паверхня, адно з асноўных геам. паняццяў. У геаметрыі бярэцца як зыходнае і не вызначаецца.

Уласцівасці П. апісваюцца аксіёмамі, напр.: П. — паверхня, якая змяшчае кожную прамую, што злучае 2 яе пункты; П. — геам. месца пунктаў, роўнаадлеглых ад двух дадзеных (паводле М.​І.​Лабачэўскага). Становішча П. ў прасторы вызначаецца 3 пунктамі, якія не належаць адной прамой. П., суадносіны паміж пунктамі і прамымі якой задавальняюць сістэму аксіём эўклідавай геаметрыі, наз. эўклідавай. Уласцівасці фігур на эўклідавай П. вывучае планіметрыя.

т. 12, с. 432

ПЛО́СКАЯ КРЫВА́Я,

крывая лінія, усе пункты якой ляжаць у адной плоскасці. У дэкартавых каардынатах аналітычна задаецца ўраўненнем: F(x, y) = 0 (няяўны від), y = ƒ(x) (яўны) ці x = φ(t), y = Ψ(t) (параметрычны від) або ў палярных каардынатах r = ƒ(φ). Кручэнне (другая крывізна) П.к. роўная нулю.

т. 12, с. 432

ПЛО́СКАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,

сістэма, у якой восі сіметрыі ўсіх элементаў і лініі дзеяння знешніх сіл ляжаць у адной плоскасці. У буд. практыцы П.с. (канструкцыі) не сустракаюцца ў асобным выглядзе, яны прасторава звязаны паміж сабой. Карыстаюцца для спрашчэння інж. разлікаў многіх збудаванняў, якія разглядаюць як сукупнасць асобных П.с.

т. 12, с. 432

ПЛО́СКАЯ ХВА́ЛЯ,

хваля, напрамак распаўсюджвання якой аднолькавы ва ўсіх пунктах прасторы. Фазавыя паверхні П.х. — плоскасці. Рэальныя хвалі можна набліжана лічыць П.х. ў абмежаванай вобласці прасторы, напр., на дастаткова вял. адлегласці ад кропкавай крыніцы хваль. Хвалі, засяроджаныя ў якой-н. вобласці, напр., у хваляводзе, таксама могуць набліжана супадаць з «участкам» П.х.

т. 12, с. 432

ПЛО́СКІЯ ЧЭ́РВІ, пляскатыя чэрві (Plathelminthes),

тып беспазваночных жывёл. 4(9) кл., найб. шматлікія з іх раснічныя чэрві, стужачныя чэрві, трэматоды; больш за 12,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Раснічныя чэрві жывуць у марскіх і прэсных водах, на сушы, астатнія — вонкавыя ці ўнутр. паразіты жывёл і чалавека. Сярод іх бычыны і свіны цэпні, смактун пячоначны, эхінакок і інш. ўзбуджальнікі гельмінтозаў.

Даўж. ад 0,1 мм да 30 м. Цела двухбаковасіметрычнае, плоскае. Маюць суцэльны або з асобных членікаў скурна-мышачны мяшок з эпітэлію і шматслойнай мускулатуры, запоўнены парэнхімай, у якой размешчаны ўнутр. органы. Нерв. сістэма ў выглядзе парных гангліяў і падоўжных нерв. ствалоў; выдзяляльная — накшталт канала. Крывяноснай і дыхальнай сістэм няма. Пераважна гермафрадыты, развіццё прамое або з ператварэннем у свабодна жывучых, складанае з чаргаваннем пакаленняў і зменай гаспадароў у паразітаў (апрача монагенетычных смактуноў).

А.​М.​Петрыкаў.

Плоскія чэрві: 1, 2 — полікладзіда; 3 — біпаліум; 4 — эўполія.

т. 12, с. 432

ПЛО́СКІ ДРУК,

від друку, пры якім друкавальныя і прабельныя элементы друкарскай формы знаходзяцца ў адной плоскасці. Заснаваны на выбіральным змочванні друкавальных элементаў тлустай фарбай, а прабельных — водным растворам (дасягаецца хім. апрацоўкай формы). Выкарыстоўваецца для друкавання газет, ілюстраваных часопісаў і кніг, геагр. карт, рэпрадукцыі карцін, упаковачнай прадукцыі і інш.

Паколькі тлушч і вада не змешваюцца, папярэдне ўвільготненыя прабельныя ўчасткі формы не ўспрымаюць фарбу і яна кладзецца толькі на друкавальныя элементы; пры ўвільгатненні формы вада не змочвае слой фарбы, але ўспрымаецца прабельнымі ўчасткамі. Пры друкаванні форму папераменна змочваюць вадой і закатваюць фарбай, якая з формы перадаецца затым на паперу ці інш. матэрыял. Першы спосаб П.д. — літаграфія (вынайдзена ў 1798), якая з сярэдзіны 20 ст. страціла сваё значэнне з пашырэннем плоскага афсетнага друку (вынайдзены ў 20 ст.). Плоскадрукавальная друкарская машына створана ням. вынаходнікам Ф.​Кёнігам у 1811. Да спосабаў П.д. адносіцца таксама фотатыпія (вынайдзена ў 1855). Плоскадрукавальныя машыны літаграфскага і фотатыпнага друку маюць плоскую форманясучую паверхню (талер) і цыліндрычную прыціскальную (друкавальны цыліндр). Гл. таксама Кнігадрукаванне.

Літ.:

Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991;

Технология печатных процессов. М., 1989;

Чехман Я.И., Сенкусь В.Т., Бирбраер Е.Г. Печатные машины. М., 1987.

У.​М.​Сацута.

Плоскі друк: а — прынцыповая схема друкавання (1 — друкарская форма, 2 — матэрыял, 3 — Друкавальны цыліндр, 4 — фарба); б — друкарская форма плоскага афсетнага друку (1 — друкавальныя элементы, 2 — прагальныя элементы, 3 — фарба, 4 — водны раствор); в — плоскадрукавальная машына (1 — транспарцёр, 2 — саманаклад, 3 — друкавальны цыліндр, 4 — талер, 5 — фарбавальны апарат; 6 — прыёмны стол).

т. 12, с. 432

ПЛО́ТКІ (Rutilus),

род рыб сям. карпавых. Каля 10 відаў, шмат падвідаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. Чародныя жылыя, паўпрахадныя і прахадныя формы, у т. л. вобла, таран. На Беларусі 1 від — П. звычайная (R. rutilus). Жыве ў азёрах, рэках, вадасховішчах.

Даўж. да 72 см, маса да 8 кг (у П. звычайнай да 32 см і 800 г). Луска буйная. Вочы жаўтавата-аранжавыя, з чырв. плямкай у верхняй частцы. Кормяцца планктонам, бентасам. Аб’екты промыслу.

Плоткі: 1 — звычайная; 2 — вобла астраханская; 3 — таран.

т. 12, с. 432

ПЛО́ТНІКАЎ (Браніслаў Аляксандравіч) (н. 15.12.1940, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1981), праф. (1982). Скончыў БДУ (1969). З 1971 у БДУ (у 1992—93 заг. кафедры, у 1996 дэкан філал. ф-та), з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Асн. працы па агульным, слав. і бел. мовазнаўстве. Аўтар кніг: «Дыстрыбутыўнастатыстычны аналіз лексічных значэнняў» (1979), «Асновы семасіялогіі» (1984), «Аб форме і змесце ў мове» (1989), «Семіётыка тэксту» (1992), «Беларуская мова ў сістэме славянскіх моў» (1999), «Фанетыка і марфалогія беларускай мовы» (2000), сааўтар прац «Чэшская мова» (з Н.​В.​Івашынай), «Руска-чэшскі і чэшска-рускі слоўнік агульнагеаграфічных тэрмінаў» (абедзве 1985), «Дыхатамічная лексікалогія» (1989, з В.​П.​Трайкоўскай) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Общее языкознание: Сущность и история языка. 2 изд. Мн., 1993 (разам з Н.​Б.​Мячкоўскай, А.​Я.​Супруном);

Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Общее языкознание: Структура языка. Типология языка и лингвистика универсалий. 2 изд. Мн., 1995 (у сааўт.).

т. 12, с. 432

ПЛО́ТНІЦА,

адна з назваў р. Свідовец.

т. 12, с. 433

ПЛО́ТНІЦА,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПнЗ ад г. Столін, 220 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Відзібор. 1262 ж., 530 двароў (2000). З-д ліцейнага абсталявання. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, швейнае атэлье, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (1875).

т. 12, с. 433