НУ́КЛЕУС у пчалярстве,
невялікая пчаліная сям ’я, якую фарміруюць для ўтрымання маладой няплоднай маткі да яе спароўвання з трутнем і часовага захоўвання запасной плоднай маткі. Складаецца з маладых нялётных пчол ад моцнай сям’і, расплоду пчол і падсаджанай няплоднай маткі або яе спелай кукалкі (з пачаткам адкладання яец іх замяняюць на новых) ці запасной плоднай маткі. Пазней Н. аб’ядноўваюць у новыя сем’і ці падсільваюць імі слабыя сем’і.
т. 11, с. 387
НУКЛІ́Д (ад лац. nucleus ядро),
тэрмін для пазначэння сукупнасці ядзер (адпаведна атамаў) з пэўным лікам пратонаў (зарадам Z) і масавым лікам A. Пры абазначэнні Н. выкарыстоўваюць назву хім. элемента, да якой праз дэфіс далучаюць значэнне A, або сімвал элемента, побач з якім уверсе злева паказваюць A (напр., кісларод-16 ці 16O, ёд-131 ці 131І, уран-235 ці 235U), Н., якія маюць аднолькавыя Z, наз. ізатопамі. Маса Н., выражаная ў атамных адзінках масы, акруглена роўная A; маса толькі аднаго Н. — вуглярод-12 дакладна роўная 12.
Падзяляюць на стабільныя (іх агульная колькасць каля 270) і радыеактыўная Н. (радыенукліды). Радыенукліды вядомыя практычна для ўсіх элементаў; некаторыя (каля 50) трапляюцца ў прыродзе. Большасць вядомых радыенуклідаў (каля 1700) атрымана штучна. Найб. пашыраны ў зямной кары 16O: у прыроднай сумесі ізатопаў кіслароду іх 99,762% (атамных). Са стабільных Н. найменш пашыраны гелій-3 (гл. Гелій).
т. 11, с. 387
НУКЛО́НЫ (ад лац. nucleus ядро),
агульная назва для пратонаў і нейтронаў, з якіх складаецца атамнае ядро. У адносінах да ядзерных сіл пратоны і нейтроны маюць падобныя ўласцівасці, таму іх можна разглядаць як 2 розныя «зарадавыя» станы адной і той жа часціцы — Н. Гл. таксама Ізатапічная інварыянтнасць.
т. 11, с. 387
НУ́КУАЛО́ФА (Nukualofa),
горад, сталіца каралеўства Тонга, на в-ве Тангатапу. Каля 40 тыс. ж. (1998). Гал. порт краіны. Міжнар. аэрапорт Харч. прам-сць, у т.л. перапрацоўка какосавых арэхаў, рыбы.
т. 11, с. 387
НУКУ́С,
горад, сталіца Каракалпакіі, ва Узбекістане. Размешчаны ў пачатку дэльты Амудар’і. Узнік у 1932 на месцы аула. 180 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог, рачная прыстань, аэрапорт. Прам-сць: металаапр., буд. матэрыялаў, харч., лёгкая, хім. камбінат. Філіял АН Узбекістана. Ун-т, пед. ін-т. 2 тэатры, філармонія. Музеі: гіст.-краязн., мастацтваў імя І.В.Савіцкага.
т. 11, с. 387