Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАЎЕ́ ((Navier) Луі Мары Анры) (15.2.1785, г. Дыжон, Францыя — 23.8.1836),

французскі інжынер і вучоны, адзін з заснавальнікаў тэорыі пругкасці. Чл. Парыжскай АН (1824). Скончыў Політэхн. школу (1804) і Школу мастоў і дарог (1806), у якіх і працаваў. Навук. працы па буд. механіцы, тэорыі пругкасці, супраціўленні матэрыялаў, гідраўліцы і гідрамеханіцы. Вывеў агульныя ўраўненні раўнавагі і руху пругкага цела, ураўненні руху несціскальнай вязкай вадкасці (Н. — Стокса ўраўненні), распрацаваў метад разліку вісячых мастоў. Аўтар першага падручніка па супраціўленні матэрыялаў.

Літ.:

Тимошенко С.П. История науки о сопротивлении материалов: Пер. с англ. М., 1957.

т. 11, с. 213

НА́ЎЛІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Наўліцы,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 20 км на ПдЗ ад г. Полацк Пл. 3,86 км2, даўж. 3,4 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыб. 12,9 м, даўж. берагавой лініі 11,4 км. Аб’ём вады 23,5 млн. м³. Пл. вадазбору 11,3 км2. Схілы катлавіны выш. 3—5 м (на Пн і ПдУ да 8 м, на 3 да 25 м), пераважна разараныя, на Пд і Пн тэрасаваныя. Берагі нізкія пясчаныя і пясчана-галечныя, на З і ПнЗ абразійныя. Мелкаводная зона пясчаная, глыбакаводная — ілістая. Мезатрофнае. Расліннасць да глыбіні 6 м. Упадаюць 2 ручаі, злучана ручаём з воз. Нежлева.

т. 11, с. 213

НА́ЎПЛІУСЫ (ад грэч. nauplios жывёла з панцырам),

планктонныя лічынкі розных ракападобных. Цела не сегментаванае; прыдаткаў 3 пары: спераду рота аднагалінастыя адчувальныя антэнулы, ззаду — двухгалінастыя антэны і жвалы жавалы (мандзібулы), якія выкарыстоўваюцца пры плаванні. Маюць няпарнае (наўпліяльнае) вока. Паміж жваламі жаваламі і анальнай адтулінай знаходзіцца зона росту, у якой па меры развіцця ўзнікаюць т.зв. постнаўпліяльныя сегменты з канечнасцямі.

Наўпліусы: 1 — прэснаводнага рачка цыклопа; 2 — дзесяціногага рака трахіпенеуса.

т. 11, с. 213

НАЎРАЦІ́ЛАВА ((Navratilova) Марціна) (н. 18.10.1956, Рэўніцы каля Прагі, Чэхія),

амерыканская спартсменка (тэніс). Чэмпіёнка свету (1979, 1982, 1983, 1984, 1985, 1986). Пераможца Уімблдонскага турніру (1978, 1979, 1982, 1983, 1984, 1985, 1986, 1987, 1990, 1995), чэмпіянатаў ЗША (1983, 1984, 1986, 1987), Францыі (1982, 1984), Аўстраліі (1981, 1983, 1985) у адзіночным, парным і змешаным разрадах.

т. 11, с. 213

НАЎРО́ЦКІ (Алесь) (Аляксандр Піліпавіч; н. 12.2.1937, в. Давыдаўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). Працаваў фельчарам у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., урачом у Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., з 1965 у Мінску на станцыі хуткай мед. дапамогі. Друкуецца з 1954. Яго вершы (зб-кі «Неба ўсміхаецца маланкаю», 1962; «Гарачы снег», 1968) вылучаюцца асацыятыўнасцю і метафарычнасцю, іроніяй і гратэскам, глыбінёй роздуму і свежасцю вобразнага ўспрыняцця свету. Аўтар рамана «Валун» (1994) пра жыццё пасляваен. вёскі, апавяданняў (зб. «Валун», 1976).

Тв.:

Пакаленні і папялішчы: Кн. вершаў. Мн., 1990.

Літ.:

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;

Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979.

І.У.Саламевіч.

т. 11, с. 213

НАЎРО́ЦКІ (Васіль Карнеевіч) (11.2.1897, в. Дзедна, Магілёўская вобл. — 6.10.1975),

украінскі вучоны ў галіне гігіены. Акад. АМН СССР (1960). Засл. дз. нав. Украіны (1968). Скончыў Харкаўскую мед. акадэмію (1921). У 1921—24 сельскі ўрач на Беларусі. У 1927—53 ва Укр. НДІ гігіены працы і прафес. хвароб у г. Харкаў, у 1944—72 праф., заг. кафедры Укр. ін-та ўдасканалення ўрачоў у г. Харкаў. Навук. працы па гігіене працы ў хім., вугальнай, гарнаруднай і металургічнай прам-сці, па эксперым. прамысл. таксікалогіі, праблемах сілікозу.

Тв.:

Медико-санитарное обслуживание промышленных предприятий. Киев, 1951;

Гигиена труда. М., 1967.

т. 11, с. 213

НА́ЎРЫ,

курганны могільнік 11—12 ст. каля в. Наўры Мядзельскага р-на Мінскай вобл.; мае крывіцка-дрыгавіцую этнічную прыналежнасць. Складаецца з 2 груп; 10 і 67 насыпаў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце галавой на 3, частка на попельнай падсыпцы. Пры даследаванні выяўлены жал. нажы, сякера, рэшткі драўлянага посуду, ганчарная кераміка, пацеркі (шкляныя, бурштынавыя, з горнага хрусталю), падвескі, бронзавыя пярсцёнкі, спражкі, вітая грыўня, сярэбраная бляшка з арнаментам, зорчатая фібула, бразготкі, крыжык, медныя залачоныя пласцінкі-драбніцы з выемчатай эмаллю чырв. колеру і інш.

т. 11, с. 213

НАЎСІКА́Я, Наўзікая,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара феакаў (жыхароў казачнага в-ва Схерыя) Алкіноя. Паводле «Адысеі», Н., дзеянні якой накіроўвала багіня Афіна, сустрэла на беразе мора Адысея, якога напярэдадні бура выкінула на востраў феакаў. Н. накарміла і апранула Адысея, падказала яму, як прайсці да палаца Алкіноя і дамагчыся ад феакаў дапамогі ў вяртанні дадому. Паводле аднаго з міфаў, сын Адысея Тэлемах пасля смерці бацькі ажаніўся з Н. і меў ад яе сына Персептоліса.

т. 11, с. 213

НАЎТЫЛАІДЭ́І, наўтылоіды (Nautiloidea),

падклас (па інш. класіфікацыях атрад, падатрад) беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. 1 сучасны (караблікі) і каля 700 выкапнёвых родаў, больш за 2000 відаў. Вядомы з кембрыю, росквіту дасягнулі ў ардовіку—дэвоне (каля 400 млн. гадоў назад). Жылі ў морах, паводле спосабу жыцця поўзаючыя, плаваючыя або прымацаваныя да субстрату жывёлы. На Беларусі рэшткі Н. знойдзены ў адкладах ардовіку і дэвону. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Памеры выкапнёвых відаў ад 0,5 см да 5 м даўж. або 3 м у дыяметры. Ракавіны рознай формы, паводле будовы блізкія да аманітаў. Сіфон, прызначаны для рэгулявання суадносін газу і вадкасці ў камерах ракавіны, складанай будовы. Драпежнікі.

А.М.Петрыкаў.

Наўтылаідэі: 1 — ортацэрас; 2 — сфірадацэрас.

т. 11, с. 213

НАЎТЫ́ЛУСЫ,

галаваногія малюскі, гл. Караблікі.

т. 11, с. 214