Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАНКІ́Н, Наньцзін,

горад на У Кітая. Адм. ц. прав. Цзянсу. Больш за 2 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Янцзы, даступны для марскіх суднаў. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл., навук. і культ. цэнтр. Прам-сць: металургічная, шматгаліновае машынабудаванне; хім. (хім. ўгнаенні, штучныя валокны), цэм., тэкст., харчовая. Філіял АН. Ун-т. Музеі гіст. і гарадскі. Абсерваторыя. Бат. сад. Арх. помнікі: «Імператарскі горад» (14—15 ст.) з рэгулярнай планіроўкай (у 1400 абнесены крапасной сцяной), каменная пагада Шэліта манастыра Цысясы (10 ст.), частка гар. сцен эпохі дынастыі Мін (14—17 ст.), пахаванні імператараў дынастыі Лян (502—557) і інш. Маўзалей Сунь Ятсена.

Засн. ў 472 да н.э. пад назвай Цзіньлін. Пазней шмат разоў быў перайменаваны: Малін, Цзянье, Цзянькан і інш. Сталіца шэрагу буйных царстваў: Чу (3 ст.), Усх. Цзінь, Сун, Цы, Лян, Чэнь (4—6 ст.) і інш:, у 1368—1421 — усяго Кітая. У 1421—1911 цэнтр намесніцтва Цзянань. У Н. надпісаны Нанкінскі дагавор 1842 У 1853—64 пад назвай Цяньцзін («нябесная сталіца») быў сталіцай тайпінскай дзяржавы. У 1927—37 і 1946—49 месцазнаходжанне ўрада Кіт. рэспублікі. У 1937—45 акупіраваны яп. войскамі.

Да арт. Нанкін. У Заходнім садзе былога імператарскага палаца.

т. 11, с. 139

НАНКІ́НСКІ ДАГАВО́Р 1842.

Падпісаны 29.8.1842 у г. Нанкін (Кігай) прадстаўнікамі кіт. і брыт. ўрадаў аб сканчэнні англа-кітайскай вайны 1840—42. Першы з серыі нераўнапраўных дагавораў паміж Кітаем і развітымі дзяржавамі Захаду. Паводле Н.д. кіт. ўлады адчынялі для англ. гандляроў парты Гуанчжоў, Сямынь (Амой), Фучжоў, Нінбо і Шанхай; усталёўваліся выгадныя для брыт. падданых мытныя падаткі; в-аў Сянган (Ганконг) адыходзіў да брыт. кароны. У 1843 Вялікабрытанія прымусіла Кітай падпісаць дадатковае пагадненне да Н.д., паводле якога атрымала правы на канцэсіі і экстэрытарыяльнасць для сваіх грамадзян у Кітаі.

т. 11, с. 140

НАНПАРЭ́ЛЬ (ад франц. nonpareille непараўнальны),

дробны друкарскі шрыфт, памер якога роўны 6 пунктам (2,25 мм).

т. 11, с. 140

НАНСЕ́Й,

другая назва архіпелага Рукю (Японія).

т. 11, с. 140

НАНСЕ́Й (РУКЮ́) ЖО́ЛАБ,

дэпрэсія дна на З Ціхага ак., якая працягнулася ўздоўж а-воў Нансей (Рукю) амаль на 1500 км. Мае V-падобны папярочны профіль, дно месцамі плоскае, падзеленае парогамі на асобныя дэпрэсіі. Макс. глыб. 7507 м.

т. 11, с. 140

НА́НСЕН ((Nansen) Фрыцьяф) (10.10. 1861, Осла — 13.5.1930),

нарвежскі акіянолаг, даследчык Арктыкі, грамадскі дзеяч. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1898). У 1880—82 вучыўся ва ун-це ў Осла, з 1897 праф. гэтага ун-та. У 1888 перасек Грэнландыю (на лыжах), вызначыў характар яе ледавіковага покрыва. У 1893—96 на судне «Фрам» дрэйфаваў ад Новасібірскіх а-воў да в-ва Шпіцберген. Даказаў наяўнасць вял. глыбінь у Арктыцы, даследаваў структуру і паходжанне яе водных мас, адкрыў уплыў вярчэння Зямлі на рух ільдоў. У 1900 вывучаў цячэнні ў Паўн. Ледавітым ак. У 1923 праплыў уздоўж берагоў Расіі да вусця р. Енісей, падарожнічаў на Пд Усх. Сібіры і Д. Усходу. Імем Н. названы падводны хрыбет, праліў, востраў, катлавіна ў Паўн. Ледавітым ак., гара на п-ве Таймыр. Нобелеўская прэмія міру 1922.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1937-40.

Літ.:

Нансен-Хейер Л. Книга об отце: Пер. с норв. 2 изд. Л., 1986.

Ф.Нансен.

т. 11, с. 140

НА́НСЕНАЎСКАЯ МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА СПРА́ВАХ БЕ́ЖАНЦАЎ (Nansen International Office for Refugees). Існавала ў 1930—38. Працягвала працу Вярх. камісіі Лігі Нацый па справах бежанцаў (у 1921—30 дзейнічала пад кіраўніцтвам нарв. палярнага даследчыка Ф.Нансена). Засн. Лігай Нацый у канцы 1930 пасля смерці Нансена, з 1.4.1931 працавала ў г. Жэнева (Швейцарыя). Мела прадстаўніцтвы ў буйнейшых дзяржавах свету, якія выконвалі ролю консульстваў для ўладальнікаў «нансенаўскіх пашпартоў» — асобых пасведчанняў асобы, што былі прызнаны ў 52 краінах. Садзейнічала прыняццю 14 краінамі Канвенцыі 1933 аб бежанцах. Да канца 1935 перасяліла больш за 40 тыс. армян-бежанцаў ад тур. генацыду ў Сірыю і Ліван і 10 тыс. — у Ерэван, а таксама 4 тыс. бежанцаў з Саара ў Парагвай. З 1935 супрацоўнічала з камісіяй Лігі Нацый па справах бежанцаў з Германіі (існавала ў 1933—38). Рабіла выплаты бедным (асн. крыніцу фінансавання склалі 250 тыс. нарв. крон, атрыманых ад Нансена). Да 1938 аказала дапамогу 800 тыс. бежанцаў. Заменена новай Вярх. камісіяй па справах бежанцаў пад эгідай Лігі Нацый, якая пачала працаваць у Лондане 1.1.1939. Нобелеўская прэмія міру 1938.

т. 11, с. 140

НА́НСЕНА КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў цэнтр. ч. Паўн. Ледавітага ак. Абмежавана на Пн падводным хр. Гакеля, на Пд шпіцбергенска-паўночназямельскім мацерыковым схілам. Пераважаюць глыб. 3000—3500 м, найб. — 3975 м. У зах. ч. катлавіны ўразаецца цясніна Літке з глыб. 5449 м. Названа імем Ф.Нансена.

т. 11, с. 140

НАНСІ́ (Nancy),

горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мёрт і Мазель. Каля 110 тыс. ж., з прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Мёрт і канале Марна—Рэйн. Эканам. цэнтр Латарынгскага індустр. раёна. Прам-сць: эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванне, вытв-сць маст. вырабаў са шкла і фаянсу, абутковая, швейная, харчовая. 2 ун-ты.

Вядомы з 10 ст., у 11 ст. тут пабудаваны замак. У 1-й пал. 12 ст. горад стаў рэзідэнцыяй латарынгскіх герцагаў. У 1477 каля Н. адбылася бітва паміж войскамі герцага Рэнэ II Латарынгскага і бургундскага герцага Карла Смелага. У 16—18 ст. горад шмат разоў захоплівалі франц. войскі У 1736—66 у Н. знаходзілася рэзідэнцыя б. караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1766 канчаткова далучаны да Францыі.

Стары горад з нерэгулярнай планіроўкай размешчаны каля падножжа часткова захаванай цытадэлі. На Пд ад яго — Новы горад, забудаваны паводле рэгулярнага плана ў 17—18 ст. Абодва абнесены кальцом умацаванняў (захаваліся часткова, у т. л. гар. вароты Краф з 2 вежамі, каля 1360). Ансамбль цэнтра Н., які сфарміраваўся ў час праўлення ў Латарынгіі Станіслава Ляшчынскага, з’яўляецца прыкладам франц. горадабудаўніцтва эпохі барока (1751—66, арх. Э.Эрэ дэ Карні). У яго ўваходзяць: плошчы Станіслава I (б. Каралеўская, 1751—55, арх. Эрэ дэ Карні) з ратушай (пач. 18 ст., арх. Ж.Ламур), фантанам (арх. Б.Гібаль) і статуяй Станіслава I (1831), Альянс (1756) з фантанам у стылі ракако (арх. Р.А.Сіфле), Кар’ер з трыумфальнай аркай (1757, арх. Ламур) і Палацам урада (1715, арх. Ж.Бафран, усе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Герцагскі палац (16 ст., цяпер музей). У Новым горадзе — сабор Сен-Жульен (1703—42, арх. Ж.Бето, Ж.Ардоуэн-Мансар, Бафран), касцёл Нотр-Дамдэ-Бон-Секур (1738—41, Эрэ дэ Карні; пахавальні Станіслава Ляшчынскага і яго жонкі). Сярод інш. збудаванняў жылыя дамы 18 і пач. 20 ст. (стыль мадэрн; яго цэнтрам у Францыі быў Н.), атэль Матыньён (18 ст.), будынак т-ра (1755, арх. Эрэ дэ Карні), парк Пепіньер (1767, помнік К.Ларэну, скульпт, А.Радэн), ун-т (пач. 1960-х г., арх. П.Нане), вышынны будынак канторы «Жофр» (1962, арх. А.Пруве). У Н. музеі прыгожых мастацтваў, школы Нансі, гісторыі герцагства Латарынгскага і інш.

Плошча Станіслава I у Нансі. 1751—55.

т. 11, с. 140

НАНТ (Nantes),

горад на З Францыі. Адм. ц. дэпартамента Атлантычная Луара. Каля 250 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 400 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Порт у вусці р. Луара (штогадовы грузаабарот з аванпортам Сен-Назер больш за 20 млн. т), для сувязі пераважна з краінамі Афрыкі. Прам-сць: металургія, авія- і суднабудаванне, хім., папяровая, нафтаперапр., харчовая. Ун-т. Музеі: выяўл.

мастацтваў, нар. дэкар. мастацтва Брэтані і інш. Арх. помнікі 12—19 ст.

У старажытнасці сталіца галійскага племя намнетаў (адсюль назва). У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі, у 497 — франкамі. З 4 ст. сядзіба біскупства. З 9 ст. сталіца Нанцкага графства (часова быў і рэзідэнцыяй каралёў), разам з ім у 12 ст. ўвайшоў у склад Брэтані, якая ў 1532 далучана да Францыі. У час рэлігійных войнаў выступаў на баку Каталіцкай лігі. Месца падпісання Нанцкага эдыкта 1598. У 16—18 ст. адзін з цэнтраў гандлю таварамі з амер. калоній і рабамі. У 17—18 ст. на каланіяльнай сыравіне працавалі мануфактуры. У 1793 Н. — адзін з цэнтраў контррэв. вандэйскага мяцяжу (гл. Вандэйскія войны), а потым змовы жырандыстаў. У 2-ю сусв. вайну горад моцна разбураны ў выніку бамбардзіровак саюзнікаў.

т. 11, с. 140