Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НАКЛАДНЫ́Я ВЫДА́ТКІ,

выдаткі, звязаныя з арганізацыяй, кіраваннем і абслугоўваннем вытворчасці. Уключаюць выдаткі: адміністрацыйна-гаспадарчыя (зарплата і сац. адлічэнні работнікаў апарата кіравання, канцылярскія, друкарскія, паштова-тэлеграфныя і інш.), на абслугоўванне работнікаў (зарплата і сац. адлічэнні рабочых асн. вытв-сці і занятых эксплуатацыяй і абслугоўваннем машын і абсталявання, страты ад эксплуатацыі жылога фонду і інш.), н а арганізацыю работ (амартызацыйныя адлічэнні, арэндная плата і інш.). Пераход прадпрыемстваў на міжнар. стандарты і сусв. практыку ўліку прадугледжвае падзел выдаткаў на ўмоўна-пераменныя (непасрэдна звязаны з вытв. працэсам і напрамую залежаць ад аб’ёму выпушчанай прадукцыі (работ, паслуг) і ўмоўна-пастаянныя (сукупнасць выдаткаў на кіраванне, гасп. абслугоўванне, збыт прадукцыі, якія залежаць ад працягласці справаздачнага перыяду). На прадпрыемствах з разнароднай прадукцыяй Н.в. з’яўляюцца ўскоснымі, бо размяркоўваюцца па аб’ектах калькуляцыі прапарцыянальна якой-н. умоўнай падставе (прамой зарплаце рабочых, сабекошту або колькасці затрачаных на вытв-сць асн. матэрыялаў і інш.) і не могуць быць аднесены непасрэдна на пэўны выраб або від работ. На прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі (напр., гідраэлектрастанцыі, вугальныя шахты), Н.в. з’яўляюцца прамымі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 131

НАКЛЁП,

змена структуры і ўласцівасцей металаў і сплаваў, выкліканая іх пластычным дэфармаваннем. Робіцца для паверхневага ўмацавання металаў (павялічвае часовае супраціўленне разрыву, мяжу цякучасці, цвёрдасць, стомленасную трываласць). Узнікае пры апрацоўцы вырабаў ціскам (пракатцы, валачэнні, коўцы, штампоўцы) і рэзаннем, пры абкатцы ролікамі, спец. апрацоўцы шротам і інш. Гл. таксама Накатка.

Схема паверхневага ўмацавання наклёпам: 1 — выраб, які апрацоўваецца (зубчастае кола); 2 — інструменты (зубаабкатныя валкі).

т. 11, с. 131

НАКТАНГА́Н,

рака ў Паўд. Карэі. Даўж. 524 км, пл. басейна каля 24 тыс. км² Пачынаецца ва Усх.-Карэйскіх гарах, цячэ па раўнінах паўд. часткі Карэйскага п-ва, упадае ў Карэйскі праліў. Сярэдні расход вады 380 м³/с. Летняя паводка. Суднаходная на 340 км. Каля вусця — г. Пусан.

т. 11, с. 131

НАКЦЫЯНО́ВІЧ (Якуб) (1.5.1725, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 1790),

бел. матэматык і філосаф. Д-р навук і філасофіі (1759), д-р тэалогіі і царк. права (1761). Скончыў Віленскую акадэмію, дзе загадваў кафедрамі матэматыкі (1758—62) і філасофіі (1768—71); быў дырэктарам Віленскай астр. абсерваторыі (1758—64). З 1771 у навуч. установах Гродна. Аўтар 2 падручнікаў па матэматыцы, выдадзеных на лац. мове, у якіх выкладзены асновы арыфметыкі і алгебры, элементы геаметрыі, трыганаметрыі на плоскасці і іх дастасаванні.

А.​А.​Гусак.

т. 11, с. 131

НАКЦЮ́РН (франц. nocturne літар. начны),

першапачаткова цыкл рознахарактарных муз. п’ес пераважна для ансамбля струнных ці духавых інструментаў, прызначаны для выканання ў начны ці вячэрні час на вольным паветры. Блізкі да дывертысмента, серэнады, касацыі (В.​А.​Моцарт, І.​Гайдн). Вядомы таксама вак. і хар. Н. З 19 ст. Н. называюць інстр. мініяцюру (пераважна для фп.) лірыка-сузіральнага характару з кантыленнай мелодыяй і акампанементам, які мерна пагойдваецца. Форма звычайна 3-часткавая з кантрастнай сярэдзінай, радзей ронда.

Стваральнік фп. Н. — Дж.​Філд. Лепшыя ўзоры Н. належаць Ф.​Шапэну, які паглыбіў яго вобразна-эмацыянальны змест. Тып праграмнага Н. ёсць у Р.​Шумана (цыкл «начных п’ес» ор. 23) і Ф.​Ліста («Мроі кахання»), Часам Н. уваходзіць у склад буйных інстр. форм (7-я сімф. Г.​Малера, саната h moli Шапэна), у сцэн. музыку («Сон у летнюю ноч» Ф.​Мендэльсона, «Дафніс і Хлоя» М.​Равеля), у камерна-інстр. (2-і квартэт А.​Барадзіна) і вак. творы (Дж.​Расіні, Дж.​Вердзі, М.​Глінка, Б.​Брытэн). Узоры Н. ў рус. класічнай музыцы стварылі П.​Чайкоўскі, А.​Скрабін. Тэрмін «Н.» выкарыстаў К.​Дэбюсі для назвы праграмнай сімф. сюіты, П.​Хіндэміт уключыў Н. у фп. сюіту «1922».

У бел. музыцы Н. ёсць у П.​Падкавырава, Я.​Цікоцкага. Найчасцей бел. кампазітары пішуць Н. для розных інстр. складаў, уключаюць у цыклы рознахарактарных п’ес (М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Л.​Абеліёвіч, С.​Картэс, Л.​Шлег). У буйных інстр. формах Н. трапляецца пераважна ў перапрацаваным выглядзе ў Абеліёвіча, Аладава, Г.​Вагнера (лірыка-філас. павольныя часткі сімфоній). Блізкія да Н. некат. лірычныя сцэны бел. балетаў («Мара», «Маленькі прынц» Я.​Глебава).

Літ.:

Панкратова В. Малые инструментальные формы (прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962;

Попова Т. Одночастные инструментальные жанры // Музыкальные жанры. М., 1968;

Цуккерман В. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964.

А.​У.​Валадковіч.

т. 11, с. 131

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АЛІМПІ́ЙСКІ КАМІТЭ́Т (НАК),

нацыянальная арг-цыя, якая прадстаўляе краіну ў міжнар. алімпійскім руху. Стварэнне НАК. прадугледжваецца алімпійскай хартыяй у краінах і на асобных тэрыторыях. Садзейнічае развіццю алімп. руху і аматарскага спорту, наглядае за захаваннем алімп. прынцыпаў у краіне, забяспечвае ўдзел спартсменаў нац. каманд у Алімпійскіх гульнях. Стварэнне НАК і прызнанне яго Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК.) — умова допуску нац. каманд да ўдзелу ў Алімп. гульнях. НАК аб’ядноўвае 5 і больш нац. федэрацый па алімпійскіх відах спорту (федэрацыі ўваходзяць у адпаведныя міжнар. спарт. аб’яднанні). У НАК уваходзяць члены МАК краіны, кіраўнікі нац. спарт. федэрацый па алімп. відах спорту, прадстаўнікі краіны ў міжнар. спарт. аб’яднаннях, дзеячы фіз. культуры і спорту (згодна з уставам МАК). НАК карыстаецца алімпійскай сімволікай. У 1968 (Мехіка) створаны пастаянная Ген. асамблея НАК і аб’яднанне еўрап. НАК (э 1979 — Асацыяцыя НАК Еўропы).

На Беларусі НАК створаны 22.3.1991, прызнаны МАК 21.9.1993. Першы прэзідэнт НАК У.​М.​Рыжанкоў (1991—96), з 1997 А.​Р.​Лукашэнка. Вышэйшы орган — алімп. сход. Паміж сходамі працуе выканком (на чале з прэзідэнтам НАК) і бюро выканкома. Арганізац.выканаўчую і фін.-гасп. дзейнасць ажыццяўляе сакратарыят. Працуе 11 пастаянных камісій. НАК мае прадстаўніцтвы ў кожнай вобласці рэспублікі і ў Мінску.

П.​П.​Рабухін.

Эмблема Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 237