Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАБЕ́ЛІЙ (лац. Nobelium),

No, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 102, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 9 ізатопаў з масавымі лікамі 251—259. Першыя надзейныя звесткі пра ізатопы ​251No — ​256No атрыманы ў 1963—67 Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі. Найб. устойлівы ізатоп ​259No (перыяд паўраспаду 60 мін) сінтэзаваны ў 1970 у ЗША. Названы ў гонар А.Л.Нобеля.

т. 11, с. 87

«НАБІ́», набіды (франц. nabis прарокі ад стараж.-яўр. наві прарок),

група мастакоў, што існавала ў Парыжы ў 1890—1905 (П.Банар, Э.Вюяр, М.Дэні, А.Маёль, К.Русель, П.Серузье і інш.). Пад уплывам П.Гагена і мастакоў понтавенскай школы набіды стварылі своеасаблівы варыянт мадэрну, які вызначаўся блізкасцю да сімвалізму, дамінаваннем каларызму, дэкар. абагульненасцю форм, мяккасцю рытмічнай пабудовы, плоскаснай стылізацыяй матываў франц. нар. мастацтва, яп. гравюры і італьян. прымітыву.

т. 11, с. 87

НАБІВА́НКА, набойка, выбойка,

спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядома з 3-га тыс. да н.э. ў Індыі, пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі існавала са старажытнасці, была развітым відам мастацтва ў 12 ст. Найб. росквіту дасягнула ў 16—17 ст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу Н. ў 19 ст. былі Бабруйск, Веліж (цяпер Смаленская вобл.), Віцебск, Магілёў, Невель (цяпер Пскоўская вобл.), Орша, Полацк, была пашырана ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчьшы, Магілёўшчыны. У канцы 19 ст. рамяство заняпала ў сувязі з фабр. вытв-сцю набіваных тканін. Да сярэдзіны 20 ст. Н. выраблялі асобныя майстры.

Н. рабілі двума спосабамі: дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка); на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да 18 ст.). Звычайна Н. рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінейшчыкамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Выкарыстоўвалі пераважна алейныя фарбы. У 19 ст. быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і інш. рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне. Пры вырабе рознакаляровых Н. для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З 19 ст. для перадачы тонкіх ліній і кропак разны ўзор дошак сталі чаргаваць з метал. (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак. У зах. раёнах Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. для Н. выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геам. узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і інш.), выразаныя з бульбы або рэпы. Рысунак бел. Н. лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найб. пашыраны геам. (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны расл. арнамент (кветкі, пупышкі вярбы, лісце, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Трапляюцца зааморфныя матывы (выявы жывёл, фантаст. птушак). Бел. Н. характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невял. колькасці дэкар. элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. Стылістычна бел. Н. звязана з інш. відамі нар. мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).

Я.Ф.Шунейка.

Узоры беларускіх набіванак.

т. 11, с. 87

НАБІЛІТЭ́Т (ад лац. nobilitas знаць),

у Рымскай рэспубліцы замкнутае кола патрыцыянскіх і знатных плебейскіх сем’яў, якое сфарміравалася да пач. 3 ст. да н.э. Паводле традыцыі толькі прадстаўнікі Н. маглі займаць вышэйшыя дзярж. пасады. Н. быў захавальнікам паліт. традыцый арыстакратычнай рэспублікі, але з яго асяроддзя выходзілі і апазіцыйныя палітыкі. У часы імперыі страціў былое значэнне. У больш шырокім значэнні, у т.л. ў стараж. аўтараў, Н. — «знаць», у процілегласць «народу», «чэрні».

т. 11, с. 88

НА́БІС (Nabis; ? — каля 192 да н.э.),

правіцель Спарты [207—192 да н.э.]. Паходзіў з царскага роду Эўрыпантыдаў. Паслядоўнік Агіса IV і Клеамена III. Правёў шэраг радыкальных сац. рэформ: частку алігархаў выгнаў, некаторых пакараў смерцю; канфіскаваў землі буйных землеўладальнікаў і раздаў беззямельным спартыятам і ілотам, апошніх надзяліў грамадз. правамі. Гэта садзейнічала ўмацаванню спартанскай арміі. Такія ж рэформы правёў у захопленым ім Аргасе. Імкнуўся падпарадкаваць Месенію, што выклікала вайну супраць Н. Ахейскага саюза. Пасля заключэння ў 195 міру ўлада Н. была абмежавана тэр. Спарты. Новыя ваен. дзеянні скончыліся для Н. паражэннем. Ён быў забіты, а Спарта далучана да Ахейскага саюза. Пра Й. пісалі ант. аўтары Палібій, Плутарх, Дыядор Сіцылійскі і інш.

т. 11, с. 88

НАБІ́СТА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 13 км на З ад г. Міёры. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёр. Пл. 3,75 км2, даўж. 4,8 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі 12,6 км. Пл. вадазбору 152 км2. Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, спадзістыя, параслі хмызняком, на Пд і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, участкамі сплавінныя. Дно плоскае, у прыбярэжнай ч. пясчанае, месцамі ілістае, глыбей сапрапелістае. Празрыстасць больш за 1,5 м, вада з жаўтаватым адценнем, мінералізацыя 150 мг/л. Зарастае. Злучана пратокамі з азёрамі Абстэрна і Падзявы, выцякае р. Хараброўка (верхняе цячэнне р. Вята).

З.І.Гарэлышава.

т. 11, с. 88

НАБІ́ ХАЗРЫ́ (сапр. Набі Алекпер аглы Бабаеў; н. 10.12.1924, с. Хурдален каля г. Баку),

азербайджанскі паэт. Нар. паэт Азербайджана (1984). Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1947—49). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1952). Друкуецца з 1944. Першы зб. вершаў — «Росквіт мары» (1950). У паэт. зб-ках «Бакінскія куранты» (1954), «Горнае сонца» (1957), «Дуб на скале» (1959), «Вершы і паэмы», «Мора пачынаецца з вяршынь» (абодва 1971) і інш. тэмы ўзаемасувязі і сугучнасці мінулага і сучаснага, паэта і паэзіі, лірыка кахання. Аўтар паэм, тэатр. аповесцей, апавяданняў, маст. публіцыстыкі, эсэ і інш. Яго творчасці ўласцівы арган. сувязь з роднай зямлёй, грамадз. пафас, філас. назіранні. Многія вершы Н.Х. пакладзены на музыку. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі К.Камейша, В.Коўтун, У.Шахавец. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1979;

Море со мной. М., 1983;

Земное солнце мое. Баку, 1985;

Голубая книга. Баку, 1988;

Та далекая ночь: Повести и рассказы М 1991.

Літ.:

Леонов Б.А. Наби Хазри. Баку, 1981.

т. 11, с. 87

НАБЛІ́ЖАНАЕ ВЫЛІЧЭ́ННЕ,

атрыманне набліжаных рашэнняў розных матэм. задач (напр., задач, якія ўзнікаюць пры матэматычным мадэліраванні рэальных працэсаў і з’яў). Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы, касманаўтыцы, машынабудаванні і інш.

Найб. пашыраныя задачы Н.в.: рашэнне алг. і трансцэндэнтных ураўненняў, а таксама сістэм такіх ураўненняў; набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый, набліжанае дыферэнцаванне, набліжанае інтэграванне і інш. Для рашэння пэўнай матэм. задачы выбіраецца (ці будуецца) адпаведны лікавы метад — алгарытм (распрацоўваецца і вывучаецца ў тэорыі лікавых метадаў). Для Н.в. шырока выкарыстоўваюцца ЭВМ (алгарытмы рашэнняў задач, якія найб. часта ўзнікаюць на практыцы, уваходзяць у іх матэматычнае забеспячэнне). У інж. разліках часта карыстаюцца графічнымі вылічэннямі і намаграмамі. (Гл. таксама Вылічальная матэматыка.)

Л.А.Яновіч.

т. 11, с. 88

НАБЛІ́ЖАНАЕ ДЫФЕРЭНЦАВА́ННЕ,

знаходжанне вытворнай (або дыферэнцыяла) функцыі набліжанымі або лікавымі метадамі. Выкарыстоўваецца, калі метады дыферэнцыяльнага злічэння не прыдатныя (напр., функцыя зададзена таблічна) або выклікаюць значныя цяжкасці (напр., функцыя мае складаны аналітычны выраз).

Алгарытмы Н.д. часта выкарыстоўваюцца для апрацоўкі вынікаў эксперыментаў, якія маюць абмежаваную дакладнасць. У такіх выпадках патрабуецца іх папярэдняе згладжванне. Дакладнасць алгарытмаў, заснаваных на інтэрпаляцыйных формулах істотна залежыць ад спосабу інтэрпаляцыі і часам бывае вельмі нізкай нават для дастаткова гладкіх функцый і вял. ліку вузлавых пунктаў. Большую дакладнасць маюць алгарытмы, заснаваныя на сплайн-інтэрпаляцыі, дзе будуецца інтэрпаляцыйная формула (сплайн), якая мае неперарыўныя вытворныя зададзеных парадкаў на зададзеным адрэзку інтэрпаляцыі.

т. 11, с. 88

НАБЛІ́ЖАНАЕ ІНТЭГРАВА́ННЕ,

раздзел вылічальнай матэматыкі, які вывучае метады набліжанага вылічэння вызначаных інтэгралаў і набліжанага рашэння (інтэгравання) дыферэнцыяльных ураўненняў. Выкарыстоўваецца, калі дакладнае вылічэнне немагчыма або вельмі складанае.

Набліжанае вылічэнне вызначаных інтэгралаў выконваецца аналітычнымі і графічнымі (гл. Графічныя вылічэнні) метадамі, а таксама з дапамогай спец. прылад (планіметр, інтэгратар). Сярод аналітычных найб. пашыраны метады, заснаваныя на замене падынтэгральнай функцыі адрэзкам яе Тэйлара шэрагу, інтэрпаляцыйным паліномам (гл. квадратурная формула) і інш. Для многіх правіл інтэгравання складзены табліцы вузлоў і каэфіцыентаў квадратурных формул. Нявызначаныя інтэгралы зводзяць да вызначаных з пераменнай верхняй мяжой інтэгравання. Кратныя інтэгралы вылічваюць як паўторныя, з дапамогай кубатурных формул або спец. метадамі, напр., Монтэ-Карла метадам. Для набліжанага рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў карыстаюцца пераважна лікавымі метадамі (Рунге—Кута, Эйлера, рознаснымі метадамі і інш.), якія дазваляюць даць рашэнне ў выглядзе табліцы. Аналітычнымі метадамі (напр., шэрагаў, Чаплыгіна, варыяцыйнымі) рашэнне выяўляецца ў аналітычным выглядзе; графічнымі метадамі — у выглядзе графіка. Існуюць таксама метады, заснаваныя на выкарыстанні аналагавых вылічальных машын.

Л.А.Янавіч.

т. 11, с. 88