гістарычная вобласць у паўд.-ўсх.ч. Германіі, на герм.-польск. памежжы паміж рэкамі Ныса-Лужыцка (Нейсе) і Шпрэе (вярхоўе). У 1-м тыс.н.э. заселена палабскімі славянамі — пераважна лужычанамі (на Пн) і мільчанамі (на Пд; гал. цэнтрам апошніх быў г. Будзішын, цяпер Баўцэн, Германія; адсюль паўд. частка Л. напачатку наз. Будзішынскай зямлёй). У 10 ст. заваявана, пазней каланізавана немцамі, паводле Будзішынскага міру 1018 адышла да Польшчы, з 1031 зноў у Германіі (у т.л. ў Брандэнбургу), з 14 ст. ў Чэхіі. З 15 ст. падзяляецца на Ніжнюю (на Пн) і Верхнюю (на Пд) Л., з 1526 у складзе манархіі Габсбургаў, з 1623—35 уладанне курфюрстаў Саксоніі, у 1815 падзелена паміж Прусіяй (б.ч. з г. Гёрліц) і Саксоніяй (ч. Верхняй Л. з Баўцэнам). Нягледзячы на працэс германізацыі (з 18 ст.), сярод слав. насельніцтва пачала фарміравацца нац. самасвядомасць; развівалася лужыцкая л-ра, былі створаны нац.культ.-асв. арг-цыі (Маці Сербская, Дамавіна). У 1935—38 усе лужыцкія арг-цыі і т-вы скасаваны, выкарыстанне лужыцкай мовы ў школах забаронена. У 1949—90 у складзе Герм.Дэмакр. Рэспублікі. У 1950 атрымала культ. аўтаномію (мае ўласнае школьніцтва, друк, у 1945 адноўлена Дамавіна).
археалагічная культура плямён канца бронзавага і ранняга жал. вякоў (15—4 ст. да н.э.), якія насялялі зах. землі Польшчы, усх. вобласці Германіі, паўн. раёны Чэхіі і Славакіі. Назва ад Лужыцкай вобл. (Германія), дзе ўпершыню выяўлены характэрныя помнікі. Насельніцтва жыло на паселішчах у наземных жытлах слупавой канструкцыі і ў паўзямлянках з глінянымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў грунтавых могільніках, трапляецца і трупапалажэнне ў курганных могільніках. Плямёны Л.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Выраблялі метал. прылады працы, зброю, упрыгожанні, цюльпана- і яйцападобныя гаршкі, біканічныя і пукатыя вазы, інш. посуд, арнаментаваны шышкападобнымі выступамі і гарыз. жалабкамі. Скіфскія набегі з 6 ст. да н.э. паскорылі заняпад Л.к. На Беларусі зафіксаваны асобныя знаходкі рэчаў Л.к. каля Навагрудка, вёсак Здзітава Бярозаўскага, Барысы Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.