ЛУ́ЖЫЦА, Лаўзіц (сербалужыцкае Łužica, ням. Lausitz),

гістарычная вобласць у паўд.-ўсх. ч. Германіі, на герм.-польск. памежжы паміж рэкамі Ныса-Лужыцка (Нейсе) і Шпрэе (вярхоўе). У 1-м тыс. н.э. заселена палабскімі славянамі — пераважна лужычанамі (на Пн) і мільчанамі (на Пд; гал. цэнтрам апошніх быў г. Будзішын, цяпер Баўцэн, Германія; адсюль паўд. частка Л. напачатку наз. Будзішынскай зямлёй). У 10 ст. заваявана, пазней каланізавана немцамі, паводле Будзішынскага міру 1018 адышла да Польшчы, з 1031 зноў у Германіі (у т.л. ў Брандэнбургу), з 14 ст. ў Чэхіі. З 15 ст. падзяляецца на Ніжнюю (на Пн) і Верхнюю (на Пд) Л., з 1526 у складзе манархіі Габсбургаў, з 1623—35 уладанне курфюрстаў Саксоніі, у 1815 падзелена паміж Прусіяй (б.ч. з г. Гёрліц) і Саксоніяй (ч. Верхняй Л. з Баўцэнам). Нягледзячы на працэс германізацыі (з 18 ст.), сярод слав. насельніцтва пачала фарміравацца нац. самасвядомасць; развівалася лужыцкая л-ра, былі створаны нац. культ.-асв. арг-цыі (Маці Сербская, Дамавіна). У 1935—38 усе лужыцкія арг-цыі і т-вы скасаваны, выкарыстанне лужыцкай мовы ў школах забаронена. У 1949—90 у складзе Герм. Дэмакр. Рэспублікі. У 1950 атрымала культ. аўтаномію (мае ўласнае школьніцтва, друк, у 1945 адноўлена Дамавіна).

т. 9, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)