Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУГА́НСКІ (Сяргей Данілавіч) (1.10.1918, Алматы — 16.1.1977),

генерал-маёр авіяцыі (1957), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1944). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію (1949). У Чырв. Арміі з 1936, лётчык. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 на Паўд., Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра і камандзір эскадрыллі, камандзір знішчальнага авіяц. палка. Вызначаўся высокім майстэрствам вядзення паветр. баёў. Толькі ў час бітвы за Дняпро 1943 збіў асабіста 18 самалётаў праціўніка і 1 у групавым баі. Усяго Л. зрабіў 390 баявых вылетаў, збіў асабіста 37 (у т.л. 2 тараніў) і ў групавых баях 6 самалётаў праціўніка. Пасля вайны (да 1964) на камандных пасадах у ВПС. Аўтар успамінаў «На глыбокіх віражах» (2-е выд. 1966) і «Неба застаецца чыстым» (1970).

С.Д.Луганскі.

т. 9, с. 357

ЛУГАПА́РК,

парк, які арганізуецца ў поймах рэк ці на берагах азёр для кароткачасовага адпачынку ва ўмовах, блізкіх да натуральнага асяроддзя. Для Л. характэрна перавага адкрытых прастораў з раскрыццём панарам на далёкія адлегласці.

т. 9, с. 357

ЛУГАЎСКІ́ (Сяргей Іванавіч) (н. 29.6.1912, г. Жытомір, Украіна),

бел. вучоны ў галіне горнай справы і прамысл. экалогіі. Д-р тэхн.н., праф. (1956). Скончыў Днепрапятроўскі горны ін-т (1937). З 1972 у Полацкім ун-це. Навук. працы па аэрадынаміцы вентыляцыі грамадз. прамысл. будынкаў і спецзбудаванняў, рудніковай вентыляцыі, ачыстцы прамысл. паветраных выкідаў.

Тв.:

Проветривание глубоких рудников. М., 1962;

Совершенствование разработки и вентиляции рудников. М., 1968 (у сааўт);

Совершенствование систем промышленной вентиляции. М., 1991 (разам з Г.К.Дымчуком).

т. 9, с. 357

ЛУГАЎСКО́Й (Дзмітрый Іванавіч) (17.11. 1918, г. Віцебск — 2.5.1989),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1938), Чкалаўскую школу пілотаў (1941). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Каўказскім, Паўн.-Каўказскім, 2-м Прыбалт. франтах. Камандзір эскадрыллі штурмавікоў капітан Л. зрабіў 130 баявых вылетаў, знішчыў 10 танкаў, 26 артыл. гармат і бронемашын, 80 аўтамашын з жывой сілай і грузам, нанёс значныя страты камунікацыям ворага. Да 1959 у Сав. Арміі.

т. 9, с. 357

ЛУГАЎСКО́Й (Уладзімір Аляксандравіч) (1.7.1901, Масква — 5.6.1957),

расійскі паэт. Скончыў Ваенна-пед. ін-т (1921). Друкаваўся з 1924. Да 1930 удзельнік Ліг. цэнтра канструктывістаў (гл. ў арт. Канструктывізм), што паўплывала на рацыянальны пафас ранняй паэзіі (зб-кі «Бліскавіцы», 1926; «Мускул», 1929). Аўтар зб-каў вершаў «Пакуты маіх сяброў» (1930), «Еўропа» (1932), кн. паэм «Жыццё» (1933), паэт. эпапеі «...Бальшавікам пустыні і вясны» (кн. 1—3, 1931—48), зб. артыкулаў «Роздум пра паэзію» (1960) і інш. У творах апошніх гадоў (зб-кі «Сонцаварот», 1956; «Сіняя вясна», апубл. 1958, і інш.) філас. асэнсаванне гісторыі. Кн. філас. паэм на аўтабіягр. аснове «Сярэдзіна стагоддзя» (апубл. 1958) ахоплівае найб. важныя падзеі сярэдзіны 20 ст. У зб. «Новыя вершы» (1941) цыкл вершаў «Ноч пад Маладзечна» пра вызваленне Зах. Беларусі ў 1939. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі С.Дзяргай, Х.Жычка, А.Звонак.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1988—89;

Ответственность перед эпохой: Лит.-критич. статьи и выступления. М., 1988.

Літ.:

Страницы воспоминаний о Луговском. 2 изд. М., 1981.

Дз.І.Лугаўской.

т. 9, с. 357

ЛУ́ГВЕН, Лугвень, Лінгвен,

Лангвен (у праваслаўі Сямён; каля 1355—1431),

князь, сын Альгерда. Разам з інш. князямі падпісаў Крэўскую унію 1385. У 1389—92 і 1407—12 князь у Вял. Ноўгарадзе, з 1392 валодаў Мсціслаўскім княствам. Удзельнічаў у войнах ВКЛ з рус. княствамі, у Мсціслаўскай бітве 1386 з вял. князем смаленскім Святаславам, захапіў Вязьму, Смаленск, Варатынск. На чале мсціслаўскай, аршанскай і смаленскай харугваў вызначыўся ў Грунвальдскай бітве 1410. У 1430—31 у барацьбе Свідрыгайлы з Жыгімонтам Кейстутавічам за трон падтрымліваў першага. Заснаваў каля Мсціслава Ануфрыеўскі манастыр. Родапачынальнік князёў Мсціслаўскіх.

А.В.Белы.

т. 9, с. 357

ЛУГО́ЎСКІ (Мікалай Пятровіч) (14.12. 1911, в. Равуча Талачынскага р-на Віцебскай вобл. —25.6.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір стралк. батальёна капітан Л. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Віцебскай вобл.: 23 чэрв. батальён на чале з ім прарваў абарону ворага, заняў в. Гуркі і Ермакі, выйшаў у тыл праціўніка, адбіў 9 контратак, вызваліў в. Крупчына і Засіннікі. 24 чэрв. фарсіраваў Зах. Дзвіну, захапіў плацдарм, выйшаў на шашу Віцебск—Бешанковічы, дзе злучыўся з падраздзяленнямі войск 3-га Бел. фронту. Л. загінуў у баі.

М.П.Лугоўскі.

т. 9, с. 357