ЛУГА́НСКІ (Сяргей Данілавіч) (1.10.1918, Алматы — 16.1.1977),
генерал-маёр авіяцыі (1957), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1944). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію (1949). У Чырв. Арміі з 1936, лётчык. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з кастр. 1941 на Паўд., Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра і камандзір эскадрыллі, камандзір знішчальнага авіяц. палка. Вызначаўся высокім майстэрствам вядзення паветр. баёў. Толькі ў час бітвы за Дняпро 1943 збіў асабіста 18 самалётаў праціўніка і 1 у групавым баі. Усяго Л. зрабіў 390 баявых вылетаў, збіў асабіста 37 (у т.л. 2 тараніў) і ў групавых баях 6 самалётаў праціўніка. Пасля вайны (да 1964) на камандных пасадах у ВПС. Аўтар успамінаў «На глыбокіх віражах» (2-е выд. 1966) і «Неба застаецца чыстым» (1970).