Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУБКІ́ЎСКІ (Раман Мар’янавіч) (н. 10.8. 1941, с. Астравец Церабоўлянскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна),

украінскі паэт, перакладчык. Засл. дз. культ. Польшчы (1977). Скончыў Львоўскі ун-т (1963). З 1992 надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Чэшскай і Славацкай федэратыўнай рэспубліцы, у 1993—95 у Чэшскай рэспубліцы. Аўтар паэт. зб-каў патрыят., культуралагічнай і філас. тэматыкі «Зачараваныя алені» (1965), «Перунова дрэва» (1967), «Паходні» (1975), «Астролаг» (1977, прэмія імя П.Тычыны), «Чуццё сям’і адзінай» (1979), «Славацкае лета» (1985), «Погляд вечнасці» (1990, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1992) і інш. Перакладае з арм., слав., у т.л. бел., моў. Складальнік анталогій перакладаў «Славянскае неба» (1972) і «Славянская ліра» (1983). Пераклаў на ўкр. мову творы М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, Р.Барадуліна, П.Броўкі, Л.Геніюш, Н.Гілевіча, У.Дубоўкі, М.Дуксы, С.Законнікава, В.Зуёнка, К.Каганца, У.Караткевіча, Я.Коласа, Я.Купалы, А.Лойкі, М.Машары, ІІ.Пестрака, Ф.Скарыны, М.Танка, Цёткі, М.Чарота. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Барадулін, Г.Бураўкін, Гілевіч, Законнікаў, Зуёнак, Караткевіч, В.Коўтун, В.Лукша, У.Немізанскі, Р.Семашкевіч, С.Панізнік, Я.Сіпакоў, М.Рудкоўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Пялёсткі святла. Мн., 1990;

Рус. пер. — Очарованные олени. М., 1971;

Звездочет. М., 1977.

В.А.Чабаненка.

т. 9, с. 354

ЛУБО́К, народная карціна,

твор графікі (пераважна друкаванай), прызначаны для масавага распаўсюджання. Вызначаецца даходлівасцю вобраза, дэкаратыўнасцю і прастатой тэхнікі, лапідарнасцю выяўл. форм, якая часта дасягаецца выразным штрыхом, яркай размалёўкай. У выяўл. тканіну Л. часта ўваходзяць подпісы, што тлумачаць выяву. Выконваецца звычайна непрафес. мастаком. Часам да Л. адносяць і творы прафес. графікі, якія пераймаюць лубачна-фальклорныя прыёмы.

Здаўна вядомы ў Кітаі, першапачаткова маляваны, з 8 ст. — у тэхніцы дрэварыту. Атрымаў пашырэнне ў краінах Еўропы: з 15 ст. — дрэварыт, з 17 ст. — медзярыт, з 19 ст, — літаграфія. У 19 ст. да тэхнікі Л. часам звярталіся прафес. мастакі: Ф.Гоя (Іспанія), А.Дам’е, Г.Курбэ (Францыя), А.Венецыянаў, Дз.Маор (Расія) і інш., у 20 ст. — прадстаўнікі прымітывізму.

У бел. мастацтве вядомы з сярэдзіны 16 ст. (асобныя дрэварыты віленскіх выданняў Ф.Скарыны). У 17—18 ст. прыёмы Л. шырока выкарыстоўваліся ў ілюстрацыях бел. друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Куцейны, Магілёва. Лубачныя карцінкі на рэліг. сюжэты, абразкі бытавалі на Беларусі ў 18—19 ст. Яны выконваліся ў тэхніцы абразной гравюры або медзярыта (Л. гравёра П.Комара з Супрасля, 1740). У бел. мастацтве нашага часу стылістыка Л. ўласціва кніжнай графіцы А.Лось, станковым серыям Я.Бусла і інш.

В.Ф.Шматаў.

Да арт. Лубок. Блазан Фарнос, Чырвоны нос. Рускі народны лубок. 18 ст.

т. 9, с. 354

ЛУБУМБА́ШЫ (Lubumbashi),

горад на ПдУ Дэмакр. Рэспублікі Конга. Засн. ў 1910. Да 1966 наз. Элізабетвіль. 810 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр горнапрамысл. раёна Шаба, прамысл. цэнтр краіны (другі пасля Кіншасы). Здабыча і выплаўка медзі. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., швейная, хім., лакафарбавая, папяровая, маш.-буд., дрэваапрацоўчая. Аддзяленне Нац. ун-та. Навук. цэнтры: па даследаванні прамысл. развіцця Цэнтр. Афрыкі, па вывучэнні этнаграфіі і афр. моў.

т. 9, с. 355

ЛУБЯ́КА (Васіль Мікітавіч) (26.4.1891, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 16.6.1950),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. АН Беларусі (1931). Д-р с.-г. н. (1931), праф. (1929). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.А.Ціміразева (1925). У 1928—38 заг. кафедры ў гэтай акадэміі. У 1940—46 дырэктар Ін-та эканомікі АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях арг-цыі і планавання с.-г. вытв-сці, пасляваеннага аднаўлення нар. гаспадаркі, развіцця сыравіннай і энергет. базы Беларусі.

В.М.Лубяка.

т. 9, с. 355

ЛУБЯ́НКА у беларусаў пасудзіна з лубу (кары ліпы і інш. дрэў) на ягады, грыбы і інш. патрэбы. Выкарыстоўвалася і як сявенька.

Да арт. Лубянка. Карабы-лубянкі.

т. 9, с. 355

ЛУБЯ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Лубянка. Утворана плацінай у верхнім цячэнні р. Лубянка ў 1978. Пл. 0,74 км2, даўж. 1,4 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 2,8 м, аб’ём вады 1,04 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 1 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання вільготнасці асушаных с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі, добраўпарадкавання прыбярэжнай зоны.

т. 9, с. 355

ЛУБЯНЫ́Я ВАЛО́КНЫ,

валокны, якія ёсць у сцёблах наземных насенных раслін. Маюць моцна патоўшчаныя (часта адраўнелыя) сценкі з развітай слаістасцю, простымі порамі і вузкай поласцю. Жывое змесціва Л.в. пасля завяршэння фарміравання адмірае. Асн. функцыя — ахова элементаў мяккага лубу ад дэфармацыі, а таксама апорная сістэма органа. Бываюць гнуткія, мала адраўнелыя (лён, кіт. крапіва), грубыя, моцна адраўнелыя (пянька, джут і інш.). Выкарыстоўваюць у тэкст. прамысловасці.

т. 9, с. 355

ЛУБЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання лубяных валокнаў. Паходзяць з розных сям., растуць ва ўмераных, трапічных і субтрапічных зонах. Адна- і шматгадовыя культуры. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец, каноплі. Валакно знаходзіцца ў кары сцябла ў абутылону, джуту, лёну-даўгунцу (гл. ў арт. Лён), канапель, кенафу, кендыру, краталярыі, рамі і інш., у лісці агавы (валакно сізаль), новазеландскага лёну, прадзільнага банана (валакно манільская пянька) і інш. Валокны — сыравіна для тэкст. прам-сці, алей насення прыдатны ў ежу і на тэхн. мэты, з кастрыцы робяць буд. пліты, паперу, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, выкарыстоўваюць на паліва і інш.

У.П.Пярэднеў.

т. 9, с. 355

ЛУВЕ́Н (Louvain),

французская назва г. Лёвен у Бельгіі.

т. 9, с. 355

ЛУГ,

расліннае згуртаванне (біягеацэноз) шматгадовых траў, прыстасаваных да ўмоў сярэдняга ўвільгатнення. Травы нармальна развіваюцца ўвесь перыяд вегетацыі, без летняга перапынку, характэрнага для стэпаў. Займаюць каля 150—200 млн. га ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (пераважна ў Еўропе) і ў Новай Зеландыі. Адрозніваюць мацерыковыя (сухадольныя ўвільгатняюцца атм. ападкамі, нізінныя — атм. ападкамі і грунтавымі водамі), заліўныя (на тэрасах рачных далін) і горныя (таксама высакагорныя). Агульная ўласцівасць Л. — утварэнне травастою і дзярніны (паверхневы слой глебы з каранямі і карэнішчамі траў). Маса падземных органаў раслін у 3—5 і болей разоў перавышае масу надземных. Характэрны травастой — асаковыя, бабовыя, злакі (мятлюжкакветныя), разнатраўе. Большасць прыродных Л. узнікае на месцы былых лясоў, балот, там, дзе кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць шматгадовым травам, а не дрэвам і кустам. Прыродныя Л. — важная крыніца каштоўных кармавых, харч., лек., меданосных, тэхн. раслін, рэзерват генет. фонду траў. Штучныя (сеяныя) Л. ўзнікаюць у выніку дзейнасці чалавека (напр., арашэнне стэпаў). Для павышэння прадукцыйнасці іх акультурваюць (ачышчаюць ад кустоў, падразаюць купіны, уносяць угнаенні і інш.). Выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На Беларусі Л. ўзніклі пераважна на месцы высечаных лясоў і хмызнякоў, з іх заліўных — 5,2%, мацерыковых — 94,8% (1996—97). Больш за 20 відаў рэдкіх лугавых раслін занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: дрэмлік, касач сібірскі, першацвет веснавы, шпажнік чарапіцавы, ятрышнік мужчынскі і інш.

Літ.:

Санько П.М. Естественные луга Белоруссии, их характеристика и оценка. Мн., 1983;

Мееровский А.С., Касьянчик С.А. Опыт высокоэффективного использования пойменных лугов. Мн., 1986.

У.П.Пярэднеў.

Луг. 1 — заліўны; 2 — сухадольны.

т. 9, с. 355