ЛУБО́К, народная карціна,

твор графікі (пераважна друкаванай), прызначаны для масавага распаўсюджання. Вызначаецца даходлівасцю вобраза, дэкаратыўнасцю і прастатой тэхнікі, лапідарнасцю выяўл. форм, якая часта дасягаецца выразным штрыхом, яркай размалёўкай. У выяўл. тканіну Л. часта ўваходзяць подпісы, што тлумачаць выяву. Выконваецца звычайна непрафес. мастаком. Часам да Л. адносяць і творы прафес. графікі, якія пераймаюць лубачна-фальклорныя прыёмы.

Здаўна вядомы ў Кітаі, першапачаткова маляваны, з 8 ст. — у тэхніцы дрэварыту. Атрымаў пашырэнне ў краінах Еўропы: з 15 ст. — дрэварыт, з 17 ст. — медзярыт, з 19 ст, — літаграфія. У 19 ст. да тэхнікі Л. часам звярталіся прафес. мастакі: Ф.Гоя (Іспанія), А.Дам’е, Г.Курбэ (Францыя), А.Венецыянаў, Дз.Маор (Расія) і інш., у 20 ст. — прадстаўнікі прымітывізму.

У бел. мастацтве вядомы з сярэдзіны 16 ст. (асобныя дрэварыты віленскіх выданняў Ф.Скарыны). У 17—18 ст. прыёмы Л. шырока выкарыстоўваліся ў ілюстрацыях бел. друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Куцейны, Магілёва. Лубачныя карцінкі на рэліг. сюжэты, абразкі бытавалі на Беларусі ў 18—19 ст. Яны выконваліся ў тэхніцы абразной гравюры або медзярыта (Л. гравёра П.Комара з Супрасля, 1740). У бел. мастацтве нашага часу стылістыка Л. ўласціва кніжнай графіцы А.Лось, станковым серыям Я.Бусла і інш.

В.Ф.Шматаў.

Да арт. Лубок. Блазан Фарнос, Чырвоны нос. Рускі народны лубок. 18 ст.

т. 9, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)