Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІРАВА́ННЯ І ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА ІНСТЫТУ́Т,

недзяржаўная вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1991 у Мінску. Рыхтуе менеджэраў, бухгалтараў, спецыялістаў па каштоўных паперах, юрыстаў, эканамістаў у галіне міжнар. эканам. адносін. У 1997/98 навуч. г. ф-ты: менеджменту, кіравання знешнеэканамічнай дзейнасцю, улікова-эканамічны, юрыдычны. Навучанне дзённае і завочнае; платнае. Мае цэнтр інфарм. тэхналогій, спадарожнікавае тэлебачанне, інтэрнет, б-ку. Філіялы ў Бабруйску, Барысаве, Маладзечне, Светлагорску, Пінску.

т. 8, с. 277

КІРА́СА (франц. cuirasse ад cuir скура),

від засцерагальнага ўзбраення, прызначанага для засцярогі грудзей і спіны воіна ад халоднай і агнястрэльнай зброі. Складалася з 2 пласцін, выгнутых па форме спіны і грудзей (часам толькі з адной грудной пласціны) і злучаных спражкамі на плячах і баках. У старажытнасці і ў раннім сярэдневякоўі выраблялася з лямцу і скуры, з 13 ст. з жалеза (маса жал. К. да 10 кг, таўшчыня да 3,5 мм). У канцы 16 — пач. 18 ст. складала ч. ўзбраення коннікаў асобных часцей цяжкай кавалерыі ВКЛ. У канцы 16 — пач. 20 ст. К. выкарыстоўвалася ў зах.-еўрап. і рас.пач. 18 ст.) арміях кірасірамі (з 1860-х г. толькі як параднае ўзбраенне).

Нагруднік кірасы са збраёўні князёў Радзівілаў у Нясвіжы. 17—18 ст.

т. 8, с. 277

КІРАСІ́РЫ (ням. Kürassier ад франц. cuirassier латнік),

воіны цяжкай кавалерыі армій еўрап. краін канца 16 — пач. 20 ст. (у Расіі ў 1731—1917), якія мелі ў якасці засцерагальнага ўзбраення кірасу (адсюль назва) і каску, былі ўзброены палашом, карабінам і пісталетам. Прызначаліся для нанясення ў баі вырашальнага ўдару, атакавалі звычайна ў самкнутым баявым парадку. У шэрагу выпадкаў складалі адборны кав. рэзерв.

Да арт. Кірасіры. 1. Радавы кірасірскага палка. 1732—42. 2. Обер-афіцэр Ваеннага ордэна кірасірскага палка. 1813—14. 3. Радавы Маларасійскага кірасірскага палка. 1844—45. 4. Радавы лейб-кірасірскага пскоўскага палка. 1856. 5. Обер-афіцэр лейб-гвардыі коннага палка. 1910.

т. 8, с. 277

КІ́РАЎ (сапр. Кострыкаў) Сяргей Міронавіч

(27.3.1886, г. Уржум, цяпер Кіраўскай вобл., Расія — 1.12.1934),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Чл. партыі бальшавікоў (з 1904), яе ЦК (з 1923) і Палітбюро ЦК (з 1930, з 1926 кандыдат), сакратар ЦК (1934). Скончыў Казанскае механіка-тэхн. вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць у 1905, 1906—08 і 1911—12 зняволены ў турмах. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе і грамадз. вайны, адзін з кіраўнікоў устанаўлення сав. улады на Паўн. Каўказе. У маі—вер. 1920 паўнамоцны прадстаўнік Сав. Расіі ў Грузіі, у кастр. 1920 кіраўнік рас. дэлегацыі на папярэдніх мірных перагаворах з Польшчай у Рызе. У 1921—25 сакратар ЦК Кампартыі Азербайджана. З 1926 першы сакратар Ленінградскага губкома (з 1927 абкома) і Паўн.-Зах. бюро ЦК ВКП (б). Загінуў у выніку тэрарыст. акта ў Смольным.

С.М.Кіраў.

т. 8, с. 277

КІ́РАЎ,

горад у Расіі, цэнтр Кіраўскай вобл., на р. Вятка. Вядомы з 1374, да 1781 наз. Хлынаў, да 1934 Вятка. 465 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Аэрапорт. Рачны порт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (чыг. краны, станкі, с.-г. і лесапасадачныя машыны, дакладныя вымяральныя прылады і інструменты, пральныя машыны і інш.), хім. (шыны і інш.), мікрабіял. (кармавыя дрожджы), дрэваапр., лёгкая (штучнай скуры, гарбарна-абутковы, гарбарна-футравы камбінаты) і харчовая; вытв-сць глінянай дымкаўскай цацкі. 3 ВНУ. 3 т-ры. Музеі: краязнаўчы, маст. і вяцкіх маст. промыслаў. Дамы-музеі А.С.Грына, М.Я.Салтыкова-Шчадрына. Арх. помнікі 17—19 ст. Перайменаваны ў гонар С.М.Кірава.

т. 8, с. 278

КІ́РАЎ,

вёска ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Нароўля — в. Аляксандраўка. Да 1939 наз. Махаеды. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі. За 36 км на ПдЗ ад г. Нароўля, 214 км ад Гомеля, 54 км ад чыг. ст. Ельск. 424 ж., 182 двары (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.

т. 8, с. 278

КІРАЎНІ́ЦКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ ТЭО́РЫЯ,

тэорыя, паводле якой панаванне акцыянернай формы прадпрыемстваў вядзе да адхілення ўласнікаў капіталу ад улады і перадачы яе ў рукі менеджэраў, тэхнакратаў. Абгрунтавана ў 1930-я г. ў працах эканамістаў А.Берлі і Г.Мінса. У 1940-я г. развіта Дж.Бёрнхемам, у 1960—70-я г. — Дж.Голбрэйтам і інш. У К.р.т. ўхваляецца працэс фарміравання ін-та прафес. арганізатараў вытв-сці — менеджэраў, якія павінны забяспечваць адказнае і эфектыўнае яе кіраванне, раскрываюцца эканам., тэхніка-арганізац. і сац. аспекты менеджменту.

т. 8, с. 278

КІРАЎНІ́ЦКІ ПЕРСАНА́Л,

службовыя асобы, апарат кіравання, адміністрацыя прадпрыемства (фірмы, арг-цыі). У залежнасці ад функцый, якія выконвае пэўны работнік, К.п. прадпрыемства падзяляецца на ўліковыя катэгорыі: інжынерна-тэхн. работнікі (ІТР), служачыя і інш. У сваю чаргу наменклатура пасад служачых і ІТР аднесена да груп, сярод якіх вылучаюцца кіраўнікі — дырэктары і іх намеснікі, нач. цэхаў, аддзелаў, майстры і брыгадзіры; спецыялісты — эканамісты, юрысты, бухгалтары, тавараведы, праграмісты і інш.; дапаможны тэхнічны персанал — сакратары, машыністкі, рахункаводы, тэхнікі, лабаранты, экспедытары і інш.

У.Г.Залатагораў.

т. 8, с. 278

КІ́РАЎСК,

гарадскі пасёлак, цэнтр Кіраўскага раёна Магілёўскай вобл., на р. Ала. На аўтадарозе Бабруйск—Магілёў. За 87 км ад Магілёва, 25 км ад чыг. ст. Бярэзіна на лініі Асіповічы—Жлобін. 10,1 тыс. ж. (1998).

На месцы К. ў 19 ст. быў маёнтак Качэрычы Качэрыцкай вол. Бабруйскага пав., з ліп. 1924 у Старцаўскім с/с Бабруйскага р-на. Пасля ўтварэння Кіраўскага р-на 12.2.1935 (названы ў гонар С.М.Кірава), часовы цэнтр раёна — в. Старцы, 20.4.1939 перайменавана ў в. Кірава. Каля в. Старцы на месцы маёнтка пабудаваны пас. К., куды пазней перанесены раённы цэнтр. З 30.6.1941 па 26.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 152 ж., дзейнічала антыфаш. група (кіраўнік Ц.С.Коржаў). У 1944—54 у Бабруйскай вобл. У 1955 в. Кірава злілася з пас. К., з 17.11.1959 — гар. пасёлак.

Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Ільнозавод. 2 сярэднія, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, царква, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкія магілы: сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (пач. 20 ст.).

т. 8, с. 278

КІ́РАЎСКАЕ,

пасёлак у Глускім р-не Магілёўскай вобл., каля аўтадарогі Глуск—Бабруйск. Да 1961 наз. Дзікае. Цэнтр сельсавета. За 11 км на ПнУ ад г.п. Глуск, 160 км ад Магілёва, 36 км ад чыг. ст. Ратміравічы. 133 ж., 73 двары (1998). Лясніцтва, участак торфапрадпрыемства. Клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 8, с. 278