КІ́РАЎСК,
гарадскі пасёлак, цэнтр Кіраўскага раёна Магілёўскай вобл., на р. Ала. На аўтадарозе Бабруйск—Магілёў. За 87 км ад Магілёва, 25 км ад чыг. ст. Бярэзіна на лініі Асіповічы—Жлобін. 10,1 тыс. ж. (1998).
На месцы К. ў 19 ст. быў маёнтак Качэрычы Качэрыцкай вол. Бабруйскага пав., з ліп. 1924 у Старцаўскім с/с Бабруйскага р-на. Пасля ўтварэння Кіраўскага р-на 12.2.1935 (названы ў гонар С.М.Кірава), часовы цэнтр раёна — в. Старцы, 20.4.1939 перайменавана ў в. Кірава. Каля в. Старцы на месцы маёнтка пабудаваны пас. К., куды пазней перанесены раённы цэнтр. З 30.6.1941 па 26.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 152 ж., дзейнічала антыфаш. група (кіраўнік Ц.С.Коржаў). У 1944—54 у Бабруйскай вобл. У 1955 в. Кірава злілася з пас. К., з 17.11.1959 — гар. пасёлак.
Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Ільнозавод. 2 сярэднія, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, царква, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкія магілы: сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (пач. 20 ст.).
т. 8, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)