Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІ́МБАР (Іосіф Канстанцінавіч) (16.9.1905, Мінск — 17.7.1974),

генерал-лейтэнант танк. войск (1945). Скончыў Ваен. акадэмію бранятанк. войск (1937). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну на Зах., 1-м Бел. і 1-м Укр. франтах: нач штаба брыгады, дывізіі, нач. ваен. вучылішча, камандзір танк. корпуса. У 1946—61 камандуючы бранятанк. і механіз. войскамі ваен. акругі, 1-ы нам. нач. цэнтр. афіцэрскіх курсаў «Выстрал».

т. 8, с. 260

КІ́МБАРАЎСКІЯ ЦЫСТЭРЦЫЯ́НСКІЯ КЛЯ́ШТАРЫ,

мужчынскі і жаночы кляштары каталіцкага манаскага ордэна цыстэрцыянцаў у Кімбараўцы (прыгарад Мазыра, цяпер у межах горада). Мужчынскі кляштар у пач. 18 ст. заснаваны навагрудскім кашталянам А.Аскеркам. У далейшым ахвяраванні на кляштар рабілі інш. прадстаўнікі гэтага роду, каралі Рэчы Паспалітай Аўгуст II і Аўгуст III. У 1825 манахі мелі юрыдыку ў Кімбараўцы, вёскі Навікі і Юхнаўку, 24 валокі зямлі. Пры кляштары працавала школа (у 1819—10 вучняў), у б-цы было 850 тамоў. У 1864 кляштар скасаваны, касцёл пераабсталяваны ў царкву. Жаночы кляштар існаваў у 1744—1888. Засн. па ініцыятыве прыёра мужчынскага кляштара Б.Ражанскага, кн. К.Сапега падараваў 30 тыс. злотых. У 1809 у школе пры кляштары вучылася 28 дзяўчат. Захаваліся будынкі касцёла і частка жылога корпуса.

А.А.Ярашэвіч.

Да арт. Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары. Агульны выгляд касцёла цыстэрцыянак.

т. 8, с. 261

КІ́МБЕРГ (Якаў Мікалаевіч) (16.12.1909, г. Адэса, Украіна — 27.1.1993),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыў драм. курсы пры кінастудыі «Масфільм» (1937). З 1938 у бабруйскіх калг.-саўгасным і абл. драм. т-рах, у 1947—73 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм., камед. і характарных роляў. Акцёрскай рабоце К. ўласцівы псіхал. выразнасць і лаканізм сцэн. сродкаў. Сярод роляў: у калг.-саўгасным т-ры — Батура («Партызаны» К.Крапівы), Елеся («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага); у Бабруйскім абл. драм. т-ры — Мілер («Каварства і каханне» Ф.Шылера); у Гродзенскім абл. драм. т-ры — Цярэшка («Трыбунал» А.Макаёнка), Шыковіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Шмага, Аркашка («Без віны вінаватыя» і «Лес» Астроўскага), Шальменка («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні) і інш.

Я.М.Кімберг.
Я.Кімберг у ролі Аркашкі.

т. 8, с. 261

КІ́МБЕРЛІ (Kimberley),

плато на ПнЗ Аўстраліі. Выш. да 936 м. Складзена з крышт. парод і пясчанікаў, на У — з базальтаў. Клімат субэкватарыяльны. На Пн — вечназялёнае эўкаліптавае рэдкалессе, па далінах вільготныя трапічныя лясы, на Пд — арыднае рэдкалессе, на пясчаніках злакі і хмызняк. Нац. парк Гейкі-Гордж.

т. 8, с. 261

КІ́МБЕРЛІ (Kimberley),

горад у цэнтр. ч. Паўд.-Афр. Рэспублікі. Засн. ў 1871 у сувязі з адкрыццём радовішчаў алмазаў. Каля 150 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Цэнтр здабычы і апрацоўкі алмазаў. Праўленне алмазнай кампаніі «Дэ Бірс». Харч., гарбарна-абутковая і інш. прам-сць.

т. 8, с. 261

КІМБЕРЛІ́Т (ад назвы г. Кімберлі ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы),

вулканічная і субвулканічная ультраасноўная шчолачнага саставу брэкчыя- або туфападобная горная парода. Складаецца з алівіну, кальцыту, піропу, піраксену, храміту, ільменіту і інш. мінералаў, уключаных у дробназярністую асн. масу (серпентын, кальцыт, флагапіт і інш.). Колер чорны, з сіняватым і зеленаватым адценнем. Запаўняе трубкі выбуху (дыятрэмы) і трапляецца ў выглядзе жыл, даек, сіл; пашырана пераважна на стараж. платформах. Вядома больш за 1500 цел К., з якіх 8—10% алмазаносныя. Асн. алмазаносныя К. ў ПАР і Расіі (Рэспубліка Саха, б. Якуція). На Беларусі праводзяцца пошукавыя работы на К.

У.Я.Бардон.

Да арт. Кімберліт. Алмазны крышталь у кімберліце.

т. 8, с. 261

КІ́МВРЫ (лац. Cimbri),

адно з плямён стараж. германцаў. Спачатку жылі на Пн п-ва Ютландыя. У канцы 2 ст. да н.э. рушылі на Пд ва Усх. Альпы, дзе ў 113 да н.э. разбілі стараж.-рым. войска. У 109, 107 і 105 да н.э. перамагалі рымлян у Галіі. Разам з тэўтонамі, амбронамі і гарудамі прасунуліся ў Італію, аднак 30.7.101 да н.э. былі разгромлены рым. арміяй пад камандаваннем Г.Марыя каля Верцэлаў (цяпер г. Верчэлі). Міграцыя К. — першае гістарычна даказанае перасяленне стараж.-герм. плямён на Пд.

т. 8, с. 261

КІМЕРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

эпоха тэктанічных працэсаў складкавасці, гораўтварэння і гранітоіднага інтрузіўнага магматызму ў мезазойскую эру. Папярэднічала альпійскай складкавасці. Вылучаюць 2 фазы К.с.: раннекімерыйскую (старажытнакімерыйскую), што адбывалася ў канцы трыясавага — пачатку юрскага перыядаў, і познакімерыйскую (новакімерыйскую), якая мела месца ў канцы юрскага — пач. мелавога перыядаў. Раннекімерыйская праявілася ў Паўн. Дабруджы, на Таймыры, у Паўн. Афганістане, Паўднёва-Усх. Азіі, Патагонскіх Андах, паўн.-ўсх. Аргенціне, на крайнім Пд Афрыкі; познакімерыйская — на Каўказе, у Верхаяна-Чукоцкай вобл., Цэнтр. Іране, Афганістане, Тыбеце, Зах. Кардыльерах Паўн. Амерыкі, Андах і інш. абласцях.

т. 8, с. 261

КІМЕРЫ́ЙЦЫ (асір. gimirrai, грэч. Kimmerioi),

назва плямён, якія ў 8—7 ст. да н.э. жылі ў паўн.-ўсх. Прычарнамор’і. Паводле звестак Герадота і інш. аўтараў, К. засялялі Паўн. Прычарнамор’е аж да Фракіі і былі выгнаны адтуль скіфамі. У 670-я г. да н.э. К. захапілі Фрыгію, а ў 650-я — Лідыю. Больш за ўсё яны затрымаліся ў Кападокіі, у раёне Сінопа (да канца 7 ст. да н.э.). З кімерыйска-скіфскім пранікненнем ў Малую Азію звязваюць знаходкі стараж. «скіфскіх» наканечнікаў стрэл пры раскопках Багазкёя, Сардаў, Гордзіяна і інш. У археалогіі прычарнаморска-балканскіх краін К. нярэдка звязваюць з культурай пераходнай эпохі ад бронзы да жалеза.

Літ.:

Артамонов М.И. Киммерийцы и скифы: (От появления на ист. арене до конца IV в до н.э.). Л., 1974;

Тереножкин А.И. Киммерийцы. Киев, 1976.

т. 8, с. 262

КІМЕРЫ́К (грэч. Kimmerikon),

старажытны горад на паўд. узбярэжжы Керчанскага п-ва на зах. схіле гары Опук. Існаваў з 5 ст. да н.э. Росквіт адносіцца да мяжы нашага часу. У 3 ст. горад разбураны, у 4—5 ст. жыццё аднавілася на частцы гар. тэрыторыі. Раскопкамі 1927, 1947—49, 1950—51 выяўлены абарончыя сцены таўшчынёй 2,5 м, жылыя дамы 1—3 ст., складзеныя з вапняку, збожжавыя ямы, цыстэрны для вады. Знойдзены каменныя ступы, зерняцёркі, амфары са збожжам і інш. Жыхары займаліся земляробствам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, гандлем.

т. 8, с. 262